БАРЭ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог паўночнага ветру. Уяўляўся дужым крылатым мужчынам. У пераносным сэнсе барэй — парывісты, халодны вецер.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСТРА́ЛЬ (франц. mistral ад лац. magistralis кіруючы),

моцны парывісты і халодны сухі вецер паўн.-зах. кірунку, які дзьме ў Францыі з Севенаў і паўд.-зах. адгор’яў Альпаў у даліну р. Рона (дзе часам дасягае скорасці 50 м/с) і на Міжземнаморскае ўзбярэжжа. Адзначаецца на працягу ўсяго года, але часцей зімой (часам некалькі дзён запар). Выклікае моцныя хвалі на моры, наносіць пашкоджанні пасевам; падобны на бару.

т. 10, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́ (італьян. bora ад грэч. boreas паўн. вецер),

мясцовы моцны і парывісты халодны вецер, накіраваны ўніз па горным схіле. Назіраецца пераважна зімой у мясцінах, дзе невысокія горныя хрыбты (да 300—600 м) узнімаюцца над морам, напрыклад на Балканскім узбярэжжы Адрыятычнага м., каля Новарасійска на Каўказе, на берагах Байкала і інш. Утвараецца, калі халоднае паветра перавальвае праз хрыбет і з вял. скорасцю (да 40—60 м/с) «падае» па схіле. Бара выклікае значнае пахаладанне, небяспечнае для суднаў (магчыма хуткае абледзяненне).

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)