КАРМІ́Н (франц. carmin ад араб. кірміз — кашаніль + лац. minium кінавар),

чырвоны фарбавальнік, які здабываюць з цел бяскрылых самак насякомых кашанілі. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі гісталагічных прэпаратаў, як харч. і парфумерны фарбавальнік.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭКАЛО́Н (ад франц. eau de Cologne літар, кёльнская вада),

парфумерны спіртаводны раствор пахучых рэчываў. Упершыню састаўлены на аснове цытрусавых алеяў: апельсінавага, мандарынавага, лімоннага і бергамотавага (1720-я г.). Гл. таксама Духі.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХІ́,

парфумерны сродак; спіртавы ці спіртаводны раствор сумесей пахучых рэчываў — парфумерных кампазіцый і настояў. Маюць ад 10 да 50% кампазіцый, канцэнтраваныя — больш за 20%. У склад кампазіцыі звычайна ўваходзяць некалькі дзесяткаў розных пахучых рэчываў. Паводле характару паху падзяляюць на 2 групы: кветкавыя (імітуюць пах кветак) і фантазійныя (пах створаны фантазіяй парфумера). Д. сухія (сашэ) — пакецікі з паперы ці тканіны, напоўненыя цвёрдымі пахучымі рэчывамі (пялёсткі ружы, здробнены корань касача і інш.), якія кладуць у бялізну для надання ёй прыемнага паху. Гл. таксама Парфумерыя.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)