помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў Гродне, мае рысы стыляў барока і класіцызму. Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з вальмавым дахам. Гал. фасад аздоблены лапаткамі, філёнгамі і нішамі, па баках раскрапаваны плоскімі рызалітамі. Больш нізкі 2-і паверх аддзелены карнізным поясам і багата дэкарыраваны. Архітэктурная выразнасць дасягаецца рэгулярным рытмам прамавугольных аконных праёмаў. Першапачатковая планіроўка і аздабленне інтэр’ераў парушаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́СВІКСКІ МІР 1697.
Завяршыў вайну 1688—97 (гл.Пфальцкая спадчына) паміж Францыяй і Аўсбургскай лігай (саюз паміж Галандыяй, імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі», Іспаніяй, Швецыяй, Баварыяй, Пфальцам, Саксоніяй, Вялікабрытаніяй), заключаны ў в. Рысвік (Рэйсвейк, каля Гаагі). Складаўся з серыі дагавораў Францыі з Вялікабрытаніяй, Галандыяй, Іспаніяй (усе 20 вер.), імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» і асобнымі герм. княствамі (30 кастр.). Паводле Р.м. Францыя адмаўлялася ад большасці тэрыторый, захопленых ёю пасля Німвегенскага міру 1678—79, але захавала за сабой Страсбург і інш. землі ў Эльзасе. Умовы Р.м. парушаны ў 1701 вайной за Іспанскую спадчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛУСЦЕ́ННЕ,
лішняе адкладанне тлушчу ў падскурнай клятчатцы і інш. тканках арганізма. Галоўны фактар атлусцення — парушэнне механізмаў рэгуляцыі тлушчавага абмену. Адрозніваюць атлусценне як самастойную хваробу і як сімптом пры хваробах нерв. і эндакрыннай сістэм. Развіццю спрыяюць празмернае харчаванне, абмежаванасць фіз. нагрузкі, спадчынная схільнасць і інш. Існуюць 4 ступені атлусцення ў залежнасці ад масы хворага: 1-я — маса перавышае нармальную масу на 30%; 2-я — на 30—50%; 3-я — на 50—100%; 4-я — болей за 100%. Пры 1-й і 2-й ступенях працаздольнасць і жыццёвая актыўнасць хворых не парушаны. Потым узнікаюць хваробы: лёгачная і сардэчная недастатковасць, атэрасклероз, дыябет і інш. Лечаць атлусценне дыетай, лячэбнай фізкультурай, воднымі працэдурамі, лякарствамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎНА ХВАРО́БА,
храмасомная хвароба, пры якой адставанне ў разумовым і фіз. развіцці спалучаецца са своеасаблівым вонкавым выглядам хворых і недастатковасцю функцый залоз унутр. сакрэцыі (найчасцей шчытападобнай залозы). Апісана англ. урачом Л.Даўнам у 1866. У хворых на Д.х. колькасць храмасом у клетках 47 замест 46 (3 замест 2 храмасом 21-й пары). Прыкметы: паменшаныя памеры галавы, вузкія вочныя шчыліны, косы разрэз вачэй, скурныя складкі каля ўнутр. вуглоў вачэй, плоскі твар са скулавымі дугамі, кароткі нос з шырокім пераноссем, дэфармаваныя вушы, тоўсты язык, рэдкія зубы, паўадкрыты рот. Ужо на першым годзе жыцця назіраецца адставанне ў развіцці псіхікі (гл.Алігафрэнія) і рухальных навыкаў. Дзеці пазней пачынаюць сядзець і хадзіць; тонус іх мышцаў парушаны, аб’ём рухаў у суставах павялічаны, палавыя органы недаразвітыя. Лячэнне малаэфектыўнае. Навучанне ў спец. школах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЁЗ (ад грэч. ichthys рыба),
«рыбіна луска», ксерадэрма, хвароба скуры з парушэннем працэсаў арагавення, адлушчвання на вял. участках скуры. У большасці выпадкаў спадчынная хранічная хвароба; выяўляецца з дзяцінства, прагрэсіруе да палавой спеласці. Агульныя прыкметы: сухасць, сцягванне, іншы раз сверб скуры. Адрозніваюць І. прыроджаны і звычайны. Прыроджаны бывае рэдка, працякае цяжка. Дзіця нараджаецца з прыкметамі хваробы: скура тоўстая, сухая, з вял. колькасцю лусак і глыбокімі трэшчынамі, павекі вывернутыя, парушаны рост валасоў, пазногцяў, анамаліі развіцця («заечая губа», «воўчая зяпа» і інш.). Іншы раз дзеці нежыццяздольныя. Звычайны І. выяўляецца на 1-м ці 2-м годзе жыцця. Змены скуры дыфузныя, асабліва на разгінальных паверхнях канечнасцей. Падзяляецца на просты (павышаная сухасць скуры), бліскучы (шчыльныя белавата-шэрыя празрыстыя лусачкі, фалікулярны гіпертрыхоз), змеепадобны (тоўстыя брудна-шэрыя лусачкі), іглісты (моцныя арагавенні). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ ЗЯМЕ́ЛЬ (ад рэ...+ культывацыя),
комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні гасп. каштоўнасці і прадукцыйнасці зямель, пашкоджаных эрозіяй, пры здабычы і перапрацоўцы карысных выкапняў, геолагаразведачных, буд. і інш. работах. Важная састаўная ч.рэкультывацыі ландшафтаў.
Асн. кірункі Р.З.: с.-г. (стварэнне ворных зямель, сенажацей, пашаў, садоў), лесагасп. (лесапасадкі эксплуатац., азеляняльнага, глебаахоўнага водаахоўнага прызначэння), водагасп. (стварэнне сажалак, Вадасховішчаў, водна-спарт. комплексаў), жыллёвае і прамысл.буд-ва на парушаных землях. Праводзіцца ў 2 этапы: горнатэхн. (планіровачныя работы, фарміраванне адхонаў, выемак і адвалаў, пакрыццё парушаных зямель глебавым покрывам, меліярац. работы, буд-ва дарог) і біял. (аднаўленне ўрадлівасці зямель, стварэнне с.-г. і лясных угоддзяў, фарміраванне ландшафтаў, спрыяльных для жыццядзейнасці чалавека).
На Беларусі зацверджана зямельным заканадаўствам і абавязковая для ўсіх гасп. устаноў, якія выконваюць работы, звязаныя з парушэннем глебавага покрыва; састаўная ч. мерапрыемстваў у сістэме аховы прыроды і рацыянальнага прыродакарыстання. Найб. плошчы парушаны торфараспрацоўкамі, здабычай нярудных карысных выкапняў, нафты, калійных солей, буд-ва дарог, газа- і нафтаправодаў. У 1985 рэкультывавана 12 тыс.га, у 1995—6, у 1999—3 тыс.га зямель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСО́Ў ХВАРО́БЫ,
агульныя або мясцовыя парушэнні росту і развіцця валасоў, выкліканыя паталагічным уздзеяннем вонкавых ці ўнутр. фактараў. Выяўляюцца заўчасным выпадзеннем (гл.Аблысенне) або празмерным развіццём валасянога покрыва (гл.Гіпертрыхоз), зменамі структуры і ўласцівасцяў валасоў (ломкасць, сухасць, расшчапляльнасць і інш.). Узнікаюць ад парушэння абмену рэчываў, функцый нерв. і эндакрыннай сістэм, уздзеяння фіз. фактараў (мех., тэмпературных, хім.), інфекц. і грыбковых скурных хвароб (мікраспарыя, себарэя, трыхафітыя, фавус і інш.), няправільнага догляду і інш.
Да анамалій росту і развіцця валасоў адносяцца абмежаваная сіметрычная алатрыхія валасяной ч. галавы (ачагі стончаных, бясколерных, спіральна закручаных валасоў пасярод нармальных), прыроджаная алапецыя (поўная адсутнасць валасоў у дзяцінстве), урослыя, кольчатыя, перакручаныя, плоскія, раздвоеныя, пучкаватыя валасы, манілетрыкс (спадчынная дыстрафія валасоў), трыхіяз (анамалія росту вейкаў — яны загінаюцца да рагавіцы вока і траўміруюць яе) і інш. Сярод інш. валасоў хвароб нярэдкія алапецыі заўчасная, ачаговая і сімптаматычная з характэрнымі для кожнай варыянтамі выпадзення валасоў, заўчаснае пасівенне (парушаны абмен пігментаў валасоў), розныя віды трыхаклазіі (дыстрафічныя змены валасоў, якія выяўляюцца іх павышанай ломкасцю) і інш. Дыягназ валасоў хвароб ставяць на падставе клінічных прыкмет і мікраскапіі пашкоджаных валасоў. Лячэнне залежыць ад прычыны захворвання, спалучаецца з пэўнай схемай гігіенічнага догляду валасоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕАСТА́З (ад гамеа... + грэч. stasis стан, нерухомасць) у фізіялогіі, адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутр. асяроддзя і ўстойлівасць асн.фізіял. функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін. Уяўленне сфармулявана франц. вучоным К.Бернарам (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў амер. фізіёлаг У.Кенан (1929). Формы гамеастазу: структурны — падтрыманне дынамічнага пастаянства клетачнага саставу, структурнай арганізацыі і ўзаемнага размяшчэння элементаў у органах і арганізме; метабалічны — сукупнасць складаных прыстасавальных рэакцый арганізма, якія накіраваны на ліквідацыю ці макс. абмежаванне дзейнасці фактараў вонкавага і ўнутр. асяроддзя і захаванне ваганняў фізіял. і біяхім. канстантаў у вызначаных межах; генетычны — здольнасць папуляцый натуральным адборам ураўнаважваць свой генет. склад, парушаны ў выніку штучнага адбору ці змены ўмоў асяроддзя; антагенетычны (гамеастаз развіцця) — прыстасавальныя ўласцівасці арганізма дынамічна мяняць рэакцыю генатыпа на паўторныя змены ўмоў вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар’ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і інш. сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі. Паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.
Літ.:
Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;
Гомеостаз. 2 изд. М., 1981;
Саркисов Д.С. Очерки по структурным основам гомеостаза. М., 1977;
Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭДУ́КЦЫЯ (ад лац. deductio вывядзенне),
спосаб вывядзення заключэнняў ад агульнага да канкрэтнага і адзінкавага, ад агульных разважанняў да канкрэтных або інш. вывадаў. У шырокім сэнсе — любы вывад увогуле, без якога не абыходзяцца паўсядзённыя разважанні і працэс пабудовы навук. тэорый. Упершыню тэорыя Д. распрацавана Арыстоцелем, сустракаецца ў творах Баэцыя. Ф.Бэкан недаацэньваў ролю Д. ў працэсе навук. пазнання. Р.Дэкарт супрацьпастаўляў Д. інтуіцыі. Г.Лейбніц выказваў ідэю пабудовы логікі як вылічэння, паставіў задачу вывучэння лагічных уласцівасцей адносін з мэтай пашырэння сродкаў дэдукцыйнага вываду. У сучаснай логіцы Д. разумеюць як абагульнены вывад, у якім з выказванняў, што існуюць, па правілах логікі будуецца новае (заключэнне), а выказванні, з якіх яно атрымліваецца, наз. пасылкамі. Пасылкі размяшчаюцца вольна, тэарэт. ланцуг можа быць вялікім, але заўсёды мае канец. Калі пасылкі праўдзівыя і правілы дэдукцыйнага вываду не парушаны, то заключэнне заўсёды ісціннае. Д. цесна звязана з назіраннем, эксперыментам (гл.Дослед) і індукцыяй. Ужываецца для пабудовы навук. тэорый у матэматыцы, логіцы, а таксама фізіцы, біялогіі, сацыялогіі і інш. навуках. Складанымі з’яўляюцца філас. праблемы, якія звязаны з дэдукцыйнымі вывадамі і даследуюцца ў розных кірунках філасофіі (напр., эмпірызме, рацыяналізме, марксізме і інш.). Метады і правілы Д. вывучаюцца логікай, тэорыяй пазнання і псіхалогіяй. Дэдукцыйныя працэсы, што вывучаюцца матэм. сродкамі, можна аўтаматызаваць з дапамогай ЭВМ.
Літ.:
Логика научного познания. М., 1987;
Пугач Г.В. Познавательная активность человека. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае Вялікія Антыльскія (Куба, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайка), Багамскія, Малыя Антыльскія а-вы, Трынідад; уваходзіць у біягеаграфічнае царства Неагею. Флора прадстаўлена пераважна трапічнымі лясамі, ёсць і інш. фармацыі расліннасці. Фауна тыповая для астравоў. Наземных млекакормячых мала (6 родаў). Эндэмічнае сям. шчыліназубаў з 2 відамі. З грызуноў нутрыевыя і загуці. Трапляюцца астраўны апосум і янот. Многа рукакрылых (24 роды, з іх 4 эндэмічныя): вампіры (14 родаў), пладаедныя, рыбаедныя, лісцяносыя, лістабародыя і інш. У арнітафауне 150 родаў, з іх 38 эндэмічных, у т. л.сям. тодзі (пляскатадзюбы) з атр.ракшападобных. Сярод калібры, трагонаў, зязюль, тыранаў і інш. каля 25% эндэмікаў. Найбольш эндэмікаў на Ямайцы. Сярод паўзуноў некалькі відаў чарапах, 2 віды кракадзілаў (адзін эндэмічны на Кубе), шматлікія яшчаркі (22 роды, з іх 7 эндэмічных, у т. л. рыючыя амфісбены), змеі (19 родаў з 4 эндэмічнымі відамі). З амфібій трапляюцца жабы (5 родаў, у т. л.квакшы, паўднёваамер. свістуны і кароткагаловыя жабы — эндэмікі Кубы). Сярод прэснаводных рыб — панцырны шчупак (на Кубе), хромісы, жывародныя і яйцародныя карпазубыя (на Гаіці і Кубе), гамбузія. Разнастайнасць насякомых невялікая. Шмат наземных малюскаў, паходжанне якіх мае сувязі з афр. і азіяцкімі відамі. Натуральныя ландшафты вобласці моцна парушаны дзейнасцю чалавека, таму многія віды жывёл зніклі або на мяжы знікнення.