ДО́БРУШСКАЯ ПАЛАТНЯ́НА-ПА́РУСНАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1775—1831 у мяст. Добруш Гомельскага пав. (цяпер горад у Гомельскай вобл.). З 1804 — парусінавая мануфактура, з 1806 — палатняна-ткацкая. У 1828 быў 31 ткацкі станок. Вырабляла парусіну, кашульнае палатно, тонкія палотны (галандскія), ільняныя хусткі, ручнікі, абрусы і інш. Працавалі прыгонныя сяляне (у 1823—78 чал.).

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙДА́РА,

вёславая ці парусная бяспалубная лодка прыморскіх чукчаў, каракаў і эскімосаў. Драўляны каркас абцягваўся скурай цюленя або маржа (у эвенкаў былі байдары з дошак). Прамысловыя байдары ўмяшчалі да 9, транспартныя — да 30 чалавек.

Байдара.

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГА́ТА (італьян, regata ад riga шэраг, лінія; стартавая лінія),

буйное, звычайна традыц, спаборніцтва па парусным спорце, вяслярным спорце; часам спаборніцтвы па водна-маторным спорце. Складаецца з серыі гонак для суднаў розных класаў.

Адна з першых Р. (Венецыянская Р гандальераў) адбылася ў 1740. З сярэдзіны 19 ст. Р. праводзяцца ў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, з канца 19 ст. — у ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі, Расіі, сканд. краінах і інш. Найб. вядомыя — Хенлейская каралеўская Р. па акад. веславанні (з 1839, на р. Тэмза паблізу Лондона), Кільская парусная Р. (1897, Кільская бухта Балт. м., Германія). На Алімп. гульнях праводзяцца Р. па парусным спорце (серыя з 7 гонак) і перадалімпійскія спаборніцтвы. Гл. таксама Веславанне акадэмічнае. Веславанне на байдарках і каноэ.

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРУШ,

горад абл. падпарадкавання ў Гомельскай вобл., цэнтр Добрушскага р-на, на р. Іпуць. За 25 км ад Гомеля. Чыг. станцыя на лініі Гомель—Унеча, аўтадарогамі злучаны з Гомелем, Веткай, Церахоўкай, Навазыбкавам (Расія). 20 тыс. ж. (1997).

Вядомы 3 1560 як вёска Гомельскага староства Рэчыцкага пав. ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 сяло Вылеўскай вол. Беліцкага, з 1852 Гомельскага пав., цэнтр Добрушскай эканоміі (аб’ядноўвала 14 навакольных вёсак). У 1776—587 ж., 87 двароў, 3 вадзяныя млыны, сукнавальня. У 1775 заснавала Добрушская палатняна-парусная мануфактура, каля 1795 — чыгуналіцейная, медзеапрацоўчая, мукамольная мануфактуры. Да 1834 належаў графу П.​А.​Румянцаву-Задунайскаму, потым князю І.​Ф.​Паскевічу і яго нашчадкам. У 1870 заснавана Добрушская папяровая фабрыка. У 1886 больш за 1 тыс. ж., 185 двароў. З 1887 чыг. станцыя Палескіх чыгунак. З 1903 дзейнічала група РСДРП. З крас. 1919 у Гомельскай губ. З 1922 цэнтр воласці Гомельскага пав. З 1926 фабрычна-заводскі пасёлак, цэнтр раёна, з 4.8.1927 горад у Гомельскім р-не. З 1935 цэнтр адноўленага Добрушскага р-на. З 22.8.1941 па 10.10.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 321 чал. Дзейнічала Добрушскае патрыятычнае падполле. З 7.3.1963 Д. — горад абл. падпарадкавання. У 1970—16,8 тыс. ж.

Добрушская папяровая фабрыка, Добрушскі фарфоравы завод, прадпрыемствы харч. прам-сці. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Брацкая магіла чырвонагвардзейцаў і партызан. Помнік Вызвалення.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)