ПА́РУСНІКАВЫЯ (Istiophoridae),

сямейства рыб атр. кунепадобных. 3 роды: кап’яносцы, або кап’ярылы (Tetrapturus) — 6 відаў, марліны (Makaira) — 3 віды, паруснікі (Istiophorus) — 2 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Жывуць пераважна ў прыбярэжнай зоне. Развіваюць скорасць да 130 км/гадз.

Даўж. да 5 м, маса да 900 кг. Рыла падоўжанае. Першы спінны плаўнік доўгі і высокі, нагадвае парус (адсюль назва), у час руху здольны ўкладвацца ўздоўж спіны. Грудныя плаўнікі звычайна доўгія і вузкія. Драпежнікі, кормяцца рыбай і кальмарамі. Аб’екты промыслу.

Да арт. Паруснікавыя. Паруснік інда-ціхаакіянскі.

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭ́ЭТАМ ((Veetamm) Муя) (сапр. Рыстмягі Эльтс; н. 2.3.1907, Трыйгійская воласць Хар’юскага пав., Эстонія),

эстонская пісьменніца. Вучылася ў Талінскім каледжы Т-ва нар. ун-таў (1929—31). Друкуецца э 1936. У кнігах вершаў «Вачамі і сэрцам» (1949), «Успаміны пра пройдзены шлях» (1955) грамадзянская і пейзажная лірыка, у зб-ках «Жалейка і люстэрка» (1959), «Сцяжыны і дзверы» (1968), «На мяжы мора і сушы» (1974), «Канапляны парус» (1982) актуальныя праблемы сучаснага грамадскага жыцця. Аўтар паэт. і празаічных твораў для дзяцей, публіцыст. кн. «Кветкі і карані» (1962), п’ес, лібрэта опер. На эст. мову пераклала асобныя творы П.​Броўкі (у зб. «А дні ідуць», 1964), Я.​Купалы (у зб. «А зязюлька кукавала...», 1966), Я.​Коласа (у зб. «Звон шыбаў», 1968).

Н.​М.​Басель.

т. 4, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАТУ́РЫІ, марскія агуркі,

марскія скарбонкі (Holothurioidea),

клас марскіх беспазваночных тыпу ігласкурых. 5 атр., каля 1100 сучасных відаў пашыраны ў морах і акіянах, пераважна на дне. Найб. вядомыя трэпанг далёкаўсходні (Stichopus japonicus), кукумарыя, або марскі агурок японскі (Cucumaria japonica), марскі агурок выцягнуты (Trachythyone elongata), марская курачка (Psolus phantapus). Выкапнёвыя шкілетныя пласцінкі вядомы з дэвону, на Беларусі зрэдку трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.

Даўж. бочачкападобнага або чэрвепадобнага цела ад некалькіх мм да 2 м, у многіх з вонкавымі прыдаткамі (шчупальцы, ножкі, папілы, парус і інш.). Цела ўкрыта мяккай скурай, якая ўтрымлівае мікраскапічныя шкілетныя вапняковыя пласцінкі (спікулы). Рот на пярэднім канцы цела, акружаны венчыкам шчупальцаў. Многія здольныя да аўтатаміі задняй ч. цела з наступнай рэгенерацыяй. Палавыя прадукты выводзяцца ў ваду, дзе яйцы апладняюцца і развіваюцца. Лічынка плавае. Некаторыя галатурыі выношваюць малявак. Аб’екты промыслу і аквакультуры (пераважна трэпанг).

Галатурыі: 1 — марскі агурок выцягнуты; 2 — марская курачка; 3 — кукумарыя, або марскі агурок японскі; 4 — трэпанг далёка-ўсходні.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)