Перадача на парукі 8/291, 379

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДА́ЧА НА ПАРУ́КІ,

прававы інстытут вызвалення ад крымінальнай адказнасці за злачынства, якое не ўяўляла вял. грамадскай небяспекі, а асоба, якая яго ўчыніла, магла быць выпраўлена без выкарыстання крымін. пакарання. Адной з неабходных умоў магчымасці П.н.п. была наяўнасць хадайніцтва грамадскай арг-цыі або прац. калектыву, якія паручыліся за правапарушальніка. Існавала ў 1961—94. З-за неэфектыўнасці гэты ін-т выключаны з КК Рэспублікі Беларусь.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬКРЭ́ДЭРЭ (ад італьян. del credere напавер),

у цывільным праве адна з умоў дагавору камісіі. Заключаецца ў прыняцці камісіянерам на сябе парукі за выкананне трэцяй асобай здзелкі, якая робіцца камісіянерам на карысць камітэнта. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь камісіянер, які прыняў Д., атрымлівае ад камітэнта асобнае ўзнагароджанне, памер якога вызначаецца пагадненнем бакоў, калі іншае не ўстаноўлена законам.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХО́ЎСКАЯ (Варвара Іванаўна) (1855, Херсонская вобл. — 1929),

рэвалюцыянерка-народніца. Жонка А.В.Бонч-Асмалоўскага. З 1872 вучылася ў Цюрыху, дзе ўступіла ў бакунінскі гурток. У 1873 вярнулася ў Расію, вяла рэв. прапаганду. Была арыштавана ў 1874, 1875, 1882, 1908. Па працэсе 193-х засуджана да ссылкі, па хадайніцтве бацькі перададзена яму на парукі. Уваходзіла ў рэв. арг-цыю «Чорны перадзел». У 1880 пераехала ў маёнтак мужа Блонь (Пухавіцкі раён Мінскай вобл.), жыла пад наглядам паліцыі. Падтрымлівала сувязь з кіраўніцтвам «Народнай волі», аказвала яму матэрыяльную дапамогу. Удзельнічала ў стварэнні і дзейнасці Блонскай сялянскай арганізацыі, дапамагала б. палітвязням, стварыла б-ку нелегальнай л-ры. Аўтар успамінаў.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЦЯ́ЖВАЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІ́ЧНАСЦІ,

у крымінальнай справе акалічнасці, наяўнасць якіх сведчыць пра павышаную грамадскую небяспечнасць пэўнага злачынства і самога злачынцы. Улічваюцца судом пры вызначэнні пакарання і, як правіла, цягнуць за сабой больш суровую кару ў межах санкцыі адпаведнага артыкула КК Рэспублікі Беларусь. Паводле КК, да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей адносяцца: паўторнасць злачынства; учыненне яго арганізаванай групай; карыслівыя або інш. ганебныя матывы яго ўчынення; прычыненне злачынствам цяжкіх вынікаў; учыненне злачынства супраць малалетніх, састарэлых і бездапаможных; падбухторванне ці ўцягванне ў злачынную дзейнасць непаўналетніх; асаблівая жорсткасць або здзек над пацярпелым; выкарыстанне ўмоў грамадскага бедства; усеагульнанебяспечны спосаб учынення злачынства; выкарыстанне для злачынства крыніцы павышанай небяспечнасці; учыненне злачынства асобай, якая была ўзята на парукі; учыненне злачынства ў нецвярозым стане.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРО́ЎСКАЯ (Соф’я Львоўна) (13.9.1853, С.-Пецярбург — 15.4.1881),

дзеяч рэв. руху ў Расіі. Жонка А.І.Жалябава. Яе маці В.​С.​Весялоўская — ураджэнка Магілёўскай губ. У 1869 паступіла на Аларчынскія жан. курсы, увайшла ў гурток народнікаў (гл. Народніцтва). У 1871—72 у ліку арганізатараў т-ва чайкоўцаў, у 1872—73 удзельніца «хаджэння ў народ». У студз. 1874 арыштавана, пасля 6 месяцаў зняволення вызвалена на парукі сям’і. На «працэсе 193-х» (1877—78) апраўдана. Летам 1878 уступіла ў арг-цыю «Зямля і воля». Неўзабаве арыштавана і ў адм. парадку выслана ў Аланецкую губ.; па дарозе ўцякла і перайшла на нелегальнае становішча. З восені 1879 — чл. Выканаўчага к-та, а пазней і Распарадчай камісіі «Народнай волі», актыўная ўдзельніца тэрарыст. барацьбы з самадзяржаўем. Арганізатар забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 у Пецярбургу. 22.3.1881 арыштавана, у ліку інш. «першасакавікоўцаў» засуджана да пакарання смерцю праз павешанне (першая жанчына ў Расіі, пакараная смерцю па паліт. справе).

Літ.:

Сегал Е. Софья Перовская. М., 1962.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)