Парсек 1/108; 8/24, 112; 9/437

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРСЕ́К [ад пар(алакс) + сек(унда)],

пазасістэмная адзінка даўжыні для вымярэння адлегласцей у астраноміі. Абазначаецца пк (раней абазначалася пс). 1 пк роўны адлегласці, з якой паўдыяметр зямной арбіты бачны пад вуглом 1" (гл. Секунда вуглавая). Выкарыстоўваюцца таксама кратныя адзінкі: мегапарсек (Мпк) і кілапарсек (кпк). 1 пк = 3,086∙10​16м = 206 265 а.а. = 3,263 св. года. Гл. таксама Астранамічная адзінка, Светлавы год.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАВЫ́ ГОД,

пазасістэмная адзінка даўжыні. Абазначаецца св. год. С.г. роўны адлегласці, якую святло праходзіць за год. 1 св. год = 0,3068 пк = 9,4605∙10​15 м. Выкарыстоўваецца ў астраноміі для вымярэння міжзорных адлегласцей. Гл. таксама Парсек.

т. 14, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАСІСТЭ́МНЫЯ АДЗІ́НКІ,

адзінкі фізічных велічынь, што не ўваходзяць ні ў адну з сістэм адзінак. Уводзіліся для асобных галін вымярэнняў, выбіраліся незалежна (без сувязі з інш. адзінкамі) або адвольна вызначаліся праз інш. адзінкі адпаведных велічынь. П.а. зручныя ў практычным выкарыстанні, гарманічна дапаўняюць Міжнародную сістэму адзінак (СІ).

Да П.а. належаць адносныя і лагарыфмічныя адзінкі (напр., бел, непер), дольныя адзінкі, кратныя адзінкі, спец. адзінкі (напр., біт, бэр, электронвольт). Некаторыя П.а. дапускаюцца да практычнага выкарыстання нараўне з адзінкамі СІ. Напр., адзінкі даўжыні: астранамічная адзінка, марская міля, парсек, светлавы год; масы: атамная адзінка масы, карат, тона; часу: гадзіна, мінута, суткі; плоскага вугла градус, град (гон), мінута, секунда.

Літ.:

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.

А.​І.​Болсун.

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫЛАВЫ́Я ТУМА́ННАСЦІ,

воблакі міжзорнага рэчыва, якія ўтрымліваюць вял. колькасць касм. пылу (да 10​4 часцінак/см³; гл. Туманнасці галактычныя). Назіраюцца як цёмныя вобласці, скрозь якія не бачны размешчаныя за імі зоркі, радзей як светлыя адбівальныя туманнасці, калі блізка знаходзіцца яркая зорка і яе святло адбіваецца часцінкамі пылу (папярочнік асветленай вобласці не большы за 1 пс). Многа цёмных П.т. знаходзіцца ў вобласці Млечнага Шляху (яны ўтвараюць доўгую паласу). Найб. вядомыя з іх «Конская Галава» і «Вугальны Мяшок» (памеры апошняй 8 пс, адлегласць 150 пс). Вял. колькасць адбівальных П.т. знаходзіцца ў спіральных рукавах Галактыкі; разам з газавымі туманнасцямі яны ўтвараюць газава-пылавыя комплексы памерам у дзесяткі і сотні парсек. Невял. ўтварэнні з канцэнтрацыяй пылу ў дзесяткі і сотні разоў большай, чым у П.т., наз. глобуламі.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)