НЯЧА́ЕЎ (Сяргей Генадзевіч) (2.10.1847, г. Іванава, Расія — 3.12.1882),

удзельнік расійскага рэв. руху. З 1865 у Маскве, займаўся самаадукацыяй. З 1866 у Пецярбургу, выкладаў у Сергіеўскім прыходскім вучылішчы. Удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях 1868—69 у Пецярбургу. Арганізатар тайнага т-ва «Народная расправа» (1869). Аўтар «Катэхізіса рэвалюцыянера» (1869), у якім прапанаваў у імя рэвалюцыі парваць з законамі, прыстойнасцю, мараллю, заглушыць усе чалавечыя пачуцці. Выкарыстоўваў метады містыфікацыі, правакацыі і шантажу. У 1869 у Маскве забіў па падазрэнні ў здрадніцтве студэнта І.І.Іванова і ўцёк у Швейцарыю. Разам з М.П.Агаровым выдаваў газ. «Колокол» (крас.—май 1870). У 1870 у Лондане выдаваў час. «Община». У 1872 арыштаваны ў Цюрыху і перададзены швейцарскімі ўладамі Расіі. У 1873 прыгавораны да 20 гадоў катаргі. Памёр у Аляксееўскім равеліне Петрапаўлаўскай крэпасці.

А.А.Нячаеў.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)