БУРАКО́ВАЯ НЕМАТО́ДА

(Heterodera schachtii),

паразітычны круглы чарвяк сям. Heteroderidae, які пашкоджвае карані буракоў і інш. раслін з сям. капуставых і лебядовых (капуста, турнэпс, радыска, рыжак, шпінат). Пашырана ва ўсіх раёнах буракасеяння; на Беларусі найб. шкодная ў Брэсцкай і Мінскай абласцях.

Вясной лічынкі пранікаюць у карані раслін, праходзяць стадыі развіцця, ператвараюцца ў самак і самцоў. За вегетац. перыяд бураковая нематода дае 1 пакаленне. У пашкоджаных раслін утвараецца густая сетка дробных каранёў (барадатасць), лісце жаўцее і робіцца кучаравае, караняплоды буракоў дробныя, з паніжанай цукрыстасцю.

т. 3, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗЗУ́БКІ,

анадонты (Anodonta), род прэснаводных малюскаў кл. двухстворкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы. Жывуць у стаячых і з павольнай плынню вадаёмах, поўзаюць па грунце. На Беларусі 5 відаў: бяззубка звычайная (А. cygnea cygnea, найб. пашыраная), бяззубка выцягнутая (А. cygnea cellensis), бяззубка рыбіна (А. cygnea piscinalis), бяззубка качыная (А. cygnea anatina), бяззубка вузкая (Peeudanodonta complanata).

Ракавіна (даўж. да 20 см) з дзвюх авальных створак, злучаных эластычнай звязкай. Замковыя зубы адсутнічаюць (адсюль назва). Рухаюцца з дапамогай клінападобнай нагі. Орган дыхання — шчэлепы. Біяфільтраты, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі і іх рэшткамі. Раздзельнаполыя. Самка выношвае аплодненыя яйцы ў шчэлепах восень і зіму, вясной выходзяць лічынкі (глахідыі) і прымацоўваюцца да покрыва ў шчэлепах рыб, дзе да пераўтварэння ў дарослую асобіну вядуць паразітычны спосаб жыцця. Лічынкамі і моладдзю кормяцца рыбы. Корм для с.-г. Жывёл, ракавіны — сыравіна для галантарэйнай прам-сці.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)