ПАРА́Д (франц. parade ад лац. paro літар. рыхтую),

1) урачысты агляд войск, які праводзіцца ў азнаменаванне дзярж. свят, часам пасля заканчэння вучэнняў (манеўраў). Гіст. значэнне мелі П. ў Маскве 7.11.1941 у час Маскоўскай бітвы 1941—42, Парад Перамогі 24.6.1945 і інш. П. войск, а таксама Партызанскі парад 1944 у Мінску.

2) Урачыстае шэсце арг-цый, калектываў (напр., фізкультурны П.).

3) У цырку і тэатры — агульны выхад на сцэну (арэну) усіх удзельнікаў у пачатку ці ў канцы паказу.

4) Свята, урачыстасць; святочнае ўбранне.

Ваенны парад на плошчы Незалежнасці ў Мінску. 1997.

т. 12, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́Д ПЕРАМО́ГІ,

парад войск, які адбыўся ў Маскве на Краснай пл. 24.6.1945 у азнаменаванне перамогі над фаш. Германіяй у Вял. Айч. вайне. У ім удзельнічалі зводныя палкі франтоў, ВМФ, Наркамата абароны, ваен.-навуч. устаноў часці Маскоўскага гарнізона. Парад прымаў нам. Вярх. Галоўнакаманд. Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў, камандаваў парадам Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі. У час урачыстага маршу наперадзе везлі Сцяг Перамогі, за ім ішлі зводныя палкі 10 франтоў (у парадку іх размяшчэння на тэатры ваен. дзеянняў пад канец вайны — з Пн на Пд). Зводныя палкі былі ўкамплектаваны радавымі, сяржантамі і афіцэрамі розных родаў войск (у кожным палку больш за 1 тыс. чал.), якія праявілі сябе ў баях і мелі баявыя ордэны. Сцяганосцы з асістэнтамі неслі баявыя сцягі злучэнняў і часцей, што найб. вызначыліся ў ходзе вайны. Замыкаючым быў зводны полк маракоў і марскіх пехацінцаў. Удзельнічаў таксама зводны ваен. аркестр. Зводнымі палкамі франтоў, што вызвалялі тэр. Беларусі, камандавалі І.​Х.​Баграмян, В.​Д.​Сакалоўскі, А.​М.​Васілеўскі, К.​П.​Трубнікаў. У складзе палка 1-га Бел. фронту знаходзілася калона прадстаўнікоў Войска Польскага на чале з У.​В.​Корчыцам. У П.П. удзельнічалі сотні беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, у т. л. двойчы Героі Сав. Саюза П.​Я.​Галавачоў, І.​І.​Гусакоўскі, І.​І.​Якубоўскі, Героі Сав. Саюза С.​А.​Красоўскі, Ф.​І.​Перхаровіч і інш.

Літ.:

Дроздов Г.М., Рябко Е.Н. Парад Победы. М., 1985.

І.​Е.​Даронін, М.​Я.​Зайцаў.

Парад Перамогі ў Маскве на Краснай плошчы 24.6.1945.

т. 12, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАРА́Д ПЛАНЕ́Т»,

уяўнае збліжэнне планет па прамяні зроку. Бачны з Зямлі, калі здаецца, што большасць планет знаходзяцца блізка адна да адной (напр., у адным задыякальным сузор’і); на самай справе планеты аддалены адна ад адной на вял. адлегласці. Адбываецца прыблізна 1 раз у некалькі гадоў. Не аказвае адчувальнага гравітацыйнага ўздзеяння на Зямлю з прычыны малой агульнай масы планет у параўнанні з масай Сонца. Апошні «П.п.» адбыўся 6.4—17.5.2000, калі Марс, Юпітэр, Меркурый, Сатурн, Сонца і Венера знаходзіліся блізка па прамяні зроку (з прычыны блізкага вуглавога размяшчэння планет ад Сонца, гэта з’ява практычна не назіралася).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ ПАРА́Д 1944.

Адбыўся 16 ліп. ў Мінску ў гонар вызвалення сталіцы ад ням.-фаш. захопнікаў і баявых заслуг партызан, якія прымалі актыўны ўдзел у правядзенні Беларускай аперацыі 1944, у т. л. ліквідацыі акружанай групоўкі ням. войск (гл. Мінскі кацёл»), Адбыўся на тэр. іпадрома (цяпер раён вул. Першамайскай і Чырвонаармейскай). Ва ўрачыстым мітынгу жыхароў горада (каля 50 тыс. чал.) і партызан (каля 30 тыс. чал.) прымалі ўдзел дэлегацыі воінаў Чырв. Арміі на чале з камандуючым 3-м Бел. фронтам ген. арміі І.Д.Чарняхоўскім і працоўных г. Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад у Расіі), якая перадала Мінску эшалон падарункаў. Парад прымаў нач. ЦШПР і старшыня СНК БССР П.К.Панамарэнка, камандаваў парадам нач. БШПР П.З.Калінін. Партызаны Мінскай і некат. суседніх абласцей Беларусі ішлі са сваімі сцягамі і зброяй, везлі артылерыю, ехалі на кулямётных тачанках, аўтамабілях, у т. л. трафейных, самаходных гарматах. Асобнай калонай прайшла зводная група кавалерыі. Пасля парада ўдзельнікі строем прайшлі па вуліцах горада. М.Г.Нікіцін.

т. 12, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДРАШЫ́ТАЎ (Вадзім Юсупавіч) (н. 19.1.1945, г. Алматы),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1992). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1974). Фільмам Абдрашытава ўласцівы фабульная пэўнасць, стрыманасць і камерныя інтанацыі, кантрастныя паралелі: «Слова для абароны», «Спыніўся поезд» (Дзярж. прэмія Расіі 1984), «Парад планет», «Слуга» (Дзярж. прэмія СССР 1991) і інш.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНС,

адзін з найб. старажытных рым. аграрных багоў, што шанаваліся разам з багіняй Опс. Ушаноўваўся як абаронца запасаў збожжа, схаваных пад зямлёй. Яго падземны алтар адчынялі раз на год у час свята кансуалій, калі К. прыносілі ахвяры і наладжвалі ў яго гонар гульні і спаборніцтвы. Пазней кансуаліі зліліся са святам коннага Нептуна, а сам К. з прычыны сугучча яго імя са словам «савет» (лац. consilium) лічыўся богам добрых парад.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Канстанцін Аляксеевіч) (3.9.1942, г. Майкоп, Адыгея — 29.10.1976),

рускі жывапісец. Скончыў Казанскае маст. вучылішча (1961). У 1960-я г. працаваў у сюррэаліст. ключы («Струна», «Апостал», «Атамны выбух»). Вядомасць прынеслі работы ў рэаліст. манеры («Рускі віцязь», «Ілья Мурамец вызваляе вязняў», «Плач Яраслаўны», «Аўдоцця-разаначка», «Гусі-лебедзі», «Паўночны арол», «Туга па Радзіме», «Развітанне славянкі», «Нашэсце», «Парад 41-га», партрэт Маршала Сав. Саюза Г.​К.​Жукава, серыя «Вялікія жанчыны Расіі», усе 1970-я г.).

Літ.:

Доронин А. Художник Константин Васильев: Рассказ о творчестве. М., 1985.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДАР ((Vidor) Кінг Уоліс) (8.2.1894, г. Галвестан, штат Тэхас, ЗША — 1.11.1982),

амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Пасля вучобы ў Ваен. акадэміі ў Тэхасе пачаў здымаць сюжэты для кінахронікі (1913). З 1917 у Галівудзе. З 1923 у фірме «Метро-Голдвін-Маер», дзе паставіў практычна ўсе свае фільмы. Яны з’явіліся этапам у развіцці рэаліст. кірунку ў амер. кінамастацтве: «Вялікі парад» (1925), «Натоўп» (1928), «Хлеб наш надзённы» (1934), «Цытадэль» (1938, паводле аднайм. рамана А.​Кроніна), «Вайна і мір» (1956; паводле Л.​Талстога; разам з італьян. кінематаграфістамі). Пасля 1959 ставіў кароткаметражныя эксперым. фільмы. Спец. прэмія «Оскар» 1978.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ АБЛА́СНАЯ ФІЛАРМО́НІЯ.

Створана ў 1989 у Віцебску на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Бел. філармоніі. У складзе філармоніі (1997): ансамбль танца, музыкі і песні «Талака», жаночы актэт балалаек (кіраўнік Т.Шафранава), цымбальны ансамбль «Расіца», дзіцячы ансамбль бальнага танца «Мазаіка», выканаўцы бальных танцаў Н. і А.​Кананенкі, дзіцячы т-р «Арт-ліхтар», эстрадна-цыркавы калектыў, а таксама дзіцячыя студыі эстэт. выхавання. Філармонія праводзіць штогадовы конкурс бальнага танца «Парад надзей», фестываль гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», удзельнічае ў правядзенні фестываляў імя І.​І.​Салярцінскага і «Беларуская музычная восень».

Да арт. Віцебская абласная філармонія. Ансамбль танца, музыкі і песні «Талака».

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІЛІ́НСКАС ((Kubilinskas) Костас) (1.7.1923, в. Руда Вілкавішкскага р-на, Літва — 9.3.1962),

літоўскі паэт. Пісаў пераважна для дзяцей. Аўтар кніг вершаў, казак, п’ес-казак: зб-кі «Парад літар» (1951), «З вярбовай дудачкай», «Казачны домік» (абодва 1957), «Было, было, спрэчак няма» (1958), «Каралева-Жаба» (1962), «Гліняны Матэюкас» і «Ветрагон» (абодва 1963) і інш. Яго творы адметныя глыбокім веданнем псіхалогіі дзіцяці, трапным выкарыстаннем фальклору, пачуццём гумару. У зб-ках паэзіі «Раўніны спяваюць» (выд. 1964), «Смутак па вяршынях» (выд. 1970) пераважаюць элегічныя настроі. Пераклаў на літ. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, В.​Вітка, Х.​Жычка, У.​Шахавец. Дзярж. прэмія Літвы 1959.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)