Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Парагвай (дзяржава) 8/100—102
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́Й (Paraguay, на мове гуарані — крыніца мора),
рака ў Бразіліі і Парагваі, правы прыток р. Парана, на асобных участках служыць мяжой паміж Парагваем, Бразіліяй і Аргенцінай. Даўж. каля 2500 км, пл. басейна 1,2 млн.км². Вытокі ў паўн.-зах.ч. Бразільскага пласкагор’я, цячэ па глыбокай забалочанай упадзіне Пантанал і нізіннай ч. прыроднай вобласці Гран-Чака. Гал. прытокі: Пількамайо, Рыо-Бермеха (справа). Рэчышча пераважна звілістае, шмат пясчаных меляў і астравоў. Разводдзе ў маі—чэрвені. Сярэдні расход вады каля 4 тыс.м³/с. П. — гал.трансп. магістраль Парагвая. Суднаходная ад г. Карумба (Бразілія). На П. гарады Кансепсьён, Асунсьён (Парагвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́Й (Paraguay),
Рэспубліка Парагвай (гуарані Tetâ Paraguay, ісп. República del Paraguay), дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на Пн з Балівіяй, на У з Бразіліяй, на Пд і З з Аргенцінай. Пл. 406,8 тыс.км². Нас. 5434,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — гуарані і іспанская. Сталіца — г.Асунсьён. Краіна падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (14 мая).
Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеаг. выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Кангрэсу (Палата дэпутатаў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на ўсеаг. выбарах на 5 гадоў, выканаўчая — ураду, які прызначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр краіны займае алювіяльная нізіна р.Парагвай, на ПнУ — ускраіны Бразільскага пласкагор’я, на З — раўніна Гран-Чака (выш. да 500 м, асобныя ізаляваныя горы выш. да 1000 м). Ёсць невял. радовішчы жал., марганцавых і медных руд, кухоннай солі, нафты і інш. Клімат трапічны, на У вільготны, на З сухі. Сярэдняя т-раліп. 17—19 °C, студз. 27—29 °C. Ападкаў ад 2200 мм на У да 700—1000 мм за год на З. Рачная сетка на У і ў цэнтры густая. Гал. рэкі Парана і яе прыток Парагвай. Пад лесам і хмызнякамі 32% тэрыторыі. На У мяшаныя трапічныя лясы, на З трапічнае рэдкалессе з каштоўнымі пародамі дрэў (квебраха, гуаякан, альгараба і інш.) і ўчасткі саваннаў. У складзе жывёльнага свету ягуары, тапіры, браняносцы, мурашкаеды, малпы, нутрыі, шмат птушак і змей. Нац. паркі — Дэфенсорэс-дэль-Чака, Тынфунке і інш.
Насельніцтва. Каля 95% складаюць парагвайцы — народ, які сфарміраваўся ад змяшання індзейцаў гуарані з нешматлікімі ісп. каланістамі 16—17 ст. Жывуць таксама бразільцы, немцы, аргенцінцы. У неабжытых раёнах захаваліся індзейскія плямёны. Вернікі пераважна католікі (больш за 90%), ёсць пратэстанты і інш. Сярэднегадавы прырост 2,6% (1999). Сярэдняя шчыльн. 13,4 чал. на 1 км². Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана на У ад р.Парагвай, дзе шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 53% насельніцтва. У г. Асунсьён 1,1 млн.ж. з прыгарадамі (1999), больш за 100 тыс.ж. у гарадах Энкарнасьён, Кансепсьён, Сан-Ларэнса, Вільярыка. У сельскай гаспадарцы занята 45% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 16%, у абслуговых галінах — 39%.
Гісторыя. У дакалумбаву эпоху на тэр. П. жыцці індзейцы гуарані, якія займаліся збіральніцтвам, паляваннем, рыбнай лоўляй, вырошчвалі с.-г. культуры. У 1537 у П. з’явіліся іспанцы, якія заснавалі г. Асунсьён — адм. цэнтр ісп. калоній на ПнУПаўд. Амерыкі. У 1588 з’явіліся місіянеры-езуіты. З мэтай хрысціянізацыі гуарані яны стварылі спец. пасяленні — рэдукцыі, у якіх індзейцы займаліся земляробствам. У хуткім часе рэдукцыі ператварыліся ў своеасаблівую «дзяржаву езуітаў». У 1767 ісп. кароль Карл III выгнаў езуітаў з ісп. калоній, рэдукцыі былі знішчаны, а іх землі захапілі ісп. каланісты. З 1776 П. — частка ісп. віцэ-каралеўства Ла-Плата з цэнтрам у г. Буэнас-Айрэс. У выніку антыісп. паўстання 14.5.1811 абвешчана незалежнасць П. У 1814—40 кіраўнік дзяржавы Х.Г.Франсія праводзіў палітыку ізаляцыі П. ад знешняга свету. У 1844 прэзідэнтам стаў К.А.Лопес, які спрыяў развіццю гандлю, буд-ву чыгунак, школ, стварыў моцную армію. У 1862 прэзідэнтам абраны яго сын Ф.С.Лопес, у час кіравання якога краіна ўцягнута ў вайну з Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем (1864—70); гл.Парагвайская вайна). У выніку паражэння П. страціў амаль палавіну тэр. і насельніцтва.
Пасля вайны ў П. вялася працяглая барацьба за ўладу паміж рознымі клікамі, за 1870—1932 змяніліся больш як 30 прэзідэнтаў. У 1954 у П. ўсталявалася дыктатура ген. А.Стрэснера, які абапіраўся на ваен. вярхі і партыю «Каларада» (засн. ў 1874). У час яго дыктатуры (1954—89) у выніку рэпрэсій загінула больш за 12 тыс.чал. У лют. 1989 Стрэснер скінуты ген. А.Радрыгесам, які пачаў паліт. лібералізацыю рэжыму. У маі 1993 адбыліся першыя за 40 гадоў свабодныя выбары, на якіх прэзідэнтам абраны лідэр партыі «Каларада» Х.К.Васмосі. У 1997 у 1-м туры прэзідэнцкіх выбараў перамог кандыдат «Каларада» Х.Аўеда, арыштаваны пазней па абвінавачанні ў забойстве паліт. саперніка. Новы прэзідэнт Р.А.Кубас Грау вызваліў Аўеда, але пад пагрозай імпічменту ў 1999 уцёк з краіны. У сак. 1999 прэзідэнтам П. абвешчаны кіраўнік Сената Л.А.Г.Макі. П. — чл.ААН (з 1945) і Лігі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 18.11.1992. У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыянальна-рэсп. асацыяцыя «Каларада», Сапраўдная ліберальна-дэмакратычная, Рэвалюцыйная фебрэрысцкая і інш.
Гаспадарка. П. — аграрна-індустр. краіна. Уваходзіць у групу краін, якія развіваюцца. У 1990-я г. ў гаспадарцы назіраецца паляпшэнне эканам. становішча, працягваюцца рэформы ў агр. сектары, прыватызацыя, лібералізацыя знешнегандлёвага абароту. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 19,8 млрд.дол. (3600 дол. на чалавека). 27% ВУП атрымліваюць у сельскай гаспадарцы, 30% — у прам-сці, 43% — у абслуговых галінах. У сельскай гаспадарцы каля 2,5 млн.га выкарыстоўваецца пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, больш за 22 млн.га пад пашай і лугамі. Значная частка зямель належыць буйным латыфундыстам. Асн. галіна — пашавая жывёлагадоўля мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 9,8, свіней — 2,5, коней — 0,7, авечак — 0,4, коз — 0,1, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—14,8 млн. курэй). Гал.харч. культуры (тыс.т., збор у 1998): кукуруза — 690, маніёк — 2200, соя — 1410, пшаніца — 320, рыс — 80, батат, фасоля. На экспарт вырошчваюць бавоўну — 550 тыс.т (1998), цукр. трыснёг, каву, тунг, тытунь, арахіс, цытрусавыя. Асн. жывёлагадоўчыя раёны — міжрэчча Парагвая і Параны, усход Гран-Чака, земляробства ў далінах гал. рэк. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, асабліва квебраха, збор дзікарослага парагвайскага чаю (матэ). Рыбалоўства і паляўніцтва. У прам-сці вылучаецца электраэнергетыка. Працуюць 2 буйныя ГЭС на р. Парана — браз.-парагвайская Ітайпу (магутнасць 12,6 млн.кВт, найб. ў свеце) і аргенцінска-парагвайская Ясірэта-Апіпе (3,7 млн.кВт), некалькі сярэдніх ГЭС на інш. рэках. У 1996 атрымана 45 млрд.кВт∙гадз. электраэнергіі, з іх 99,9% — на ГЭС, экспартавана ў суседнія краіны (найб. у Бразілію) 40,3 млрд.кВт∙гадз. Здабыча каменнай солі і буд. матэрыялаў. Невял. прадпрыемствы па перапрацоўцы пераважна с.-г. сыравіны. Развіты харч. і харчасмакавая, найб. мясахаладабойная (выпускае штогод каля 300 тыс.т мяса і мясапрадуктаў) прам-сць, вытв-сць тунгавага, какосавага і эфірнага алею, дрэваапрацоўка і вытв-сць дубільнага экстракту з драўніны квебраха (1-е месца ў свеце), тэкст., тытунёвая галіны. Найб. прадпрыемствы: нафтаперапрацоўчы і па вытв-сці мінер. угнаенняў з-ды каля Асунсьёна, сталеплавільны ў г. Вілья-Аес (150 тыс.т сталі за год), цэментны каля г. Кансепсьён. Развіты саматужныя промыслы: ганчарны, пляценне сумак і кошыкаў, выраб нац. карункаў, адзення і абутку. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, чыгуначны. У краіне 29,5 тыс.км аўтадарог, у т. л. 2,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 3,1 тыс.км суднаходных рэк, 971 км чыгунак, 10 аэрапортаў; участак Панамерыканскай шашы і Трансчакская шаша (злучае Асунсьён з Балівіяй). Гал. порт — Асунсьён, там жа міжнар. аэрапорт. У 1997 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2,5 млрд.дол. У экспарце пераважаюць бавоўна (каля 50% па кошце), электраэнергія, соя, драўніна, алей, мясныя прадукты, кава; у імпарце спажывецкія тавары, машыны, абсталяванне і нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: Бразілія (48% экспарту, 29% імпарту), ЗША (адпаведна 4 і 22%), Аргенціна (9 і 14%). Замежны турызм. Краіна атрымлівае дапамогу ад развітых краін і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — гуарані.
Літаратура. Развіваецца на мовах ісп. і гуарані. У перыяд ісп.калан. панавання (16 — пач. 19 ст.) ствараліся гіст. хронікі, развіваўся багаты фальклор індзейцаў гуарані. Станаўленне нац. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. Першы паэт-рамантык, стваральнік нац.патрыят. лірыкі і нац. гімна — Н.М.Талавера. У канцы 19 — пач. 20 ст. пісьменнікі асветнікі С.Баэс, М.Дамінгес, Р.Барэт спалучалі літ. публіцыстыку і крытыку з гіст.-філас. пошукамі. Ідэі асветнікаў паўплывалі на творчасць Х.Э.О’Ліры, Э.Фарыньі Нуньеса. Анталогія нар. паэзіі «Лясныя кветкі» (1917) спрыяла актыўнаму выкарыстанню фальклору гуарані (паэзія А.Гуанеса, М.Артыса Герэра). Х.Карэа — заснавальнік нац. драматургіі (п’еса «Голад няшчасных») і арганізатар нар.т-ра гуарані. Развівалася маст. проза (хранікальна-дакумент. раманы Х.Пастара Бенітэса). Творчасць пісьменнікаў 1920—30-х г. адметная дэмакр. ідэямі, сац. тэматыкай, антыімперыяліст. накіраванасцю (Э.Кампас Сервера, Х.Пла, Э.Рамера, А.Роа Бастас). З канца 1940-х г.л-ра П. развівалася ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій; большасць пісьменнікаў эмігрыравала. У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у парагвайскую л-ру зрабілі Рамера (зб-кі вершаў «Параненая маланка», 1967; «Выгнанне і вечар», 1975), Роа Бастас (раманы «Сын чалавечы». 1960; «Я, Вярхоўны», 1974), Г.Касаксія (раманы «Выгнаннікі», 1966; «Наследнікі», 1975), Пла (п’есы і зб. вершаў «Закаханы пыл», 1968) і інш.
Архітэктура. У перыяд ісп. каланізацыі (з 1520-х г.) у місіях езуітаў (рэдукцыях) будавалі арх. комплексы з храмам, вял. дварамі, майстэрнямі, складамі, дамамі для індзейцаў. 3-нефавыя драўляныя каркасныя касцёлы, абкружаныя галерэямі, мелі прымітыўныя фасады з цэглы і адобы (сырцовая цэгла з дабаўленнем рэзанай саломы), якія кантраставалі з багатым аздабленнем інтэр’ера. У канцы 17 — пач. 18 ст. з’явіліся першыя каменныя храмы ў стылі барока (арх. Х.Б.Прымалі, А.Фаркада і інш.). Жылая забудова і цяпер пераважна 1-павярховая, спалучае ісп. тып дома (з унутр. дваром-патыо) з мясц. каркасна-галерэйнай сістэмай. У вёсках, невял. гарадах былі пашыраны хаціны з адобы, гліны, трыснягу, некалькі дамоў аб’ядноўваліся агульным дахам. З 18 ст. пачалі фарміравацца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, 2 цэнтр. плошчамі (адна — з храмам, другая — з ратушай). У 1840—65 сталіца П. Асунсьён перапланавана, на месцы знесеных будынкаў калан. часу ўзведзены грамадскія збудаванні і імпазантныя палацы ў неакласіцыстычным стылі: Паласіо дэль Кангрэса (б. оперны т-р на ўзор «Ла Скала» ў Мілане), Араторыо дэ Нуэстра Сеньёра дэ ла Асунсьён (цяпер Нац. пантэон герояў; абодва італьян.арх. А.Равіца), чыг. вакзал і інш. Пабудаваны сабор (1842—50, арх. Равіца), касцёлы Сантысіма Трынідад (1854), Ла Энкарнасьён (1893, італьян.арх. Дж.Каломба) — усе ў Асунсьёне; і інш. Сярод пабудоў 20 ст. — каледж «Бразілія-Парагвай» у Асунсьёне (1950—60-я г., браз.арх. А.Э.Рэйдзі, Р.Бурле Маркс) і інш. Паркі: «К.А.Лопес», Кавальера, батанічны. Музеі: прыгожых мастацтваў і старажытнасцей, гісторыі і этнаграфіі, Збор К.А.Пусінеры Скала і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. П. мастацтва індзейскіх плямён развівалася ў рэчышчы дэкар. аздаблення утылітарных рэчаў (керамічныя вырабы, адзенне і інш.). З 16 ст.ісп. каланізатары арганізоўвалі маст. школы для аздаблення храмаў. Пашырыліся алтарны жывапіс, разьба па дрэве і камені, гравіроўка па метале. У 17—18 ст. у стылях барока і маньерызму развіваліся жывапіс (Х.М.Кавію), графіка (Т.Тылькара). Самабытнасцю вызначаліся разное аздабленне парталаў, дэкор алтароў, паліхромная скульптура касцёлаў, у якіх спалучаліся стыль ісп. «чурыгерэска» і маст. традыцыі індзейцаў (выявы трапічных звяроў і пладоў, Хрыстос і анёлы з індзейскімі тварамі і інш.). З 19 ст. развіваецца свецкае мастацтва (пейзажы, партрэты, быт. кампазіцыі жывапісцаў А.Гарсія, С.Рыяса і інш.). У 1910 жывапісец і мастацтвазнавец П.Альборна заснаваў Парагвайскую АМ. У 20 ст. развіваліся рэаліст. кірунак (жывапісцы Альборна, А.Гевары, скульптары Ф.д’Альмейды, Э.Мей Ліча, В.Пальярола, А.Пеньі, графік Х. дэ ла Эрэрыя і інш.), мадэрнісцкія кірункі (жывапісец К.Каламбіна, скульпт. Б.Куджары і інш.). Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва спалучае індзейскія і ісп. традыцыі. Пашыраны выраб тонкіх карункаў «ньядуці», гліняных фігурак і пасудзін, упрыгожанняў з медзі, серабра, пер’я, фігуратыўных падвесак з дрэва і косці, пляценне з пальмавых валокнаў і інш.
Музыка П. ўключае музыку індзейскую (гуарані, мака) і крэольскую. У індзейскім муз. фальклоры пашыраны абрадавыя, прац., гіст., лірычныя і інш. песні, інстр. музыка. Сярод інструментаў: падоўжныя і папярочныя флейты (мімбі), акарыны, касцяныя (кангаэра) і бамбукавыя (туру) трубы, барабаны і інш. ўдарна-шумавыя, у т. л.бразготкі мбарака. У крэольскай музыцы найб. пашыраны танцы (парагвайская полька, галандрыяна, сьела, саліта, вальс), традыц. песенныя жанры (парагвайскія каньён і гуаранія). Асн.муз. інструменты гітара і арфа. У 19 ст. адзінымі пастаяннымі муз. калектывамі ў П. былі ваен. духавыя аркестры. У канцы 19 ст. гастраліравалі еўрап. музыканты, якія выступалі ў Нац. т-ры (цяпер Муніцыпальны), т-ры «Алімп». У 1895 створаны «Парагвайскі ін-т» у Асунсьёне з муз. секцыяй і сімф. аркестрам, у 1913 — «Парагвайская гімназія», якая мела сімф. аркестр і стр. «Гайдн-квартэт» (у 1934 ін-т і гімназія аб’яднаны ў «Парагвайскі Атэнеум»), Сярод музыкантаў канца 19—20 ст. кампазітар, спявак і дырыжор Л.Каведаньі, кампазітар, скрыпач і дырыжор Н.Пельегрыні (адзін з аўтараў нац. гімна), кампазітары Х.А.Флорес, Х.М.Бётнер, Р.Хіменес, Э.Хіменес, Х.К.Марэна Гансалес, К.Лара Барэйра і інш. У Асунсьёне працуюць муз. класы пры «Парагвайскім Атэнеуме», муз.-пед. вучылішча (з 1940), прыватныя муз. т-вы і навуч. ўстановы. Музыканты і інш. дзеячы мастацтва і навукі П. аб’яднаны ў Асацыяцыю парагв. аўтараў (з 1951).
Літ.:
Торрес-Риосеко А Большая латиноамериканская литература: Пер. с исп. М., 1972.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Парагвая.Парагвай. Панарама Асунсьёна.Да арт.Парагвай. Сплаў лесу па р. Парана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Адзіны фронт нацыянальнага вызвалення (Парагвай) 8/101
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТАНА́Л (Pantanal),
забалочаная нізіна ў вярхоўях р.Парагвай каля зах. падножжа Бразільскага пласкагор’я (пераважна ў Бразіліі). Займае тэктанічную ўпадзіну, запоўненую азёрна-рачнымі адкладамі. Выш. 50—70 м. У перыяд дажджоў затапляецца. У засуху ўяўляе сабой спалучэнне балот, азёр, саланчакоў, лясных і травяністых участкаў. Запаведнік Каракара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЯБА́ (Cuiabá),
горад на З Бразіліі. Адм. ц. штата Мату-Гросу. Засн. ў 1719. Больш за 300 тыс.ж. (1995). Вузел аўтадарог. Пачатковы пункт суднаходства на р. Куяба (прыток р.Парагвай). Гандл.-прамысл. цэнтр раёна экстэнсіўнай жывёлагадоўлі, вырошчвання цукр. трыснягу, збору каўчуку, здабычы золата, алмазаў і інш.Прам-сць: харчасмакавая, дрэваапр., буд. матэрыялаў. Ун-т. Філалагічная акадэмія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНААМЕРЫКА́НСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ІНТЭГРА́ЦЫІ (ЛАІ),
гандлёва-эканамічная арг-цыя 11 краін Лац. Амерыкі (Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Калумбія, Мексіка, Парагвай, Перу, Уругвай, Чылі, Эквадор). Створана ў 1981 замест Лацінаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, якая дзейнічала з 1960. Асн. задача ЛАІ — садзейнічанне развіццю рэгіянальнага эканам. супрацоўніцтва і гандлю; гал. мэта — стварэнне лацінаамер. агульнага рынку. Вышэйшы орган — Савет Міністраў; штаб-кватэра ў г. Мантэвідэо (Уругвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН-ЧА́КА (ісп. Gran Chaco),
прыродная вобласць у цэнтры Паўд. Амерыкі, у Балівіі, Парагваі і Аргенціне. Абмежавана рэкамі Парагвай і Парана на У і Андамі на З. Займае Лаплацкі тэктанічны прагін і складзена з алювіяльных нізін выш. 50—70 м на У і з акумулятыўных раўнін выш. 500—600 м на З. Клімат на б.ч.тэр. трапічны, з вільготным летам. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 да 21 °C, студз. ад 26 да 30 °C (макс. да 47 °C, самая высокая на мацерыку). Ападкаў ад 500 да 1200 мм за год. Рачная сетка развіта пераважна на З і У; асн. рэкі Парагвай і Парана — транзітныя, з рэзкімі летнімі паводкамі; унутр. раёны пазбаўлены паверхневага сцёку. У перадгор’ях шмат балот, участкі саланчакоў. Пераважаюць сухія рэдкалессі, т.зв. лясы Чака (кебрача, альгароба, гуаякан, тэкома, мімоза і інш.), уздоўж рэк — чаньяр, васковая пальма на карычнева-чырвоных глебах. Жывёльны свет вельмі багаты: тапіры, пекары, нутрыі, браняносцы, балотны алень, ягуар, пума; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. Авечкагадоўля. Баваўнаводства. Лесараспрацоўкі; вытв-сць дубільнага экстракту кебрача. Паляванне. На ПнЗ Аргенціны здабыча і перапрацоўка нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́ЦКАЯ НІЗІ́НА,
усходняя ч Унутраных раўнінПаўд. Амерыкі ўздоўж рэк Парагвай і Парана. Даўж. з Пн на Пд каля 2300 км. Шыр. да 900 км. Уключае прыродныя вобласці Пантанал, Гран-Чака, Пампа і Міжрэчча. Уяўляе сабой сінеклізу Паўд.-амер. платформы, якая запоўнена магутнай тоўшчай кантынентальных, пераважна кайназойскіх адкладаў. На Пн клімат трапічны, летам вільготны; рэдкалессі і вял. балоты ўздоўж рэк. На Пд клімат трапічны, раўнамерны, вільготны; светлыя лясы, прэрыі і стэп. Земляробства. жывёлагадоўля.