ВЫ́БУХ ПАПУЛЯЦЫ́ЙНЫ,

рэзкае шматразовае, адносна раптоўнае павелічэнне колькасці асобін якога-н. біял. віду. Звязана з выключэннем звычайных механізмаў рэгулявання колькаснага складу папуляцый па прыродных або антрапагенных прычынах. Існуюць 4 асн. групы тэорый, якія тлумачаць выбух папуляцыйны: метэаралагічныя (у сувязі з узнікненнем сонечных плям і суадносных змен пагодных умоў); выпадковых флуктуацый (змена комплексу біятычных і абіятычных умоў асяроддзя); узаемадзеяння папуляцый; узаемадзеяння трафічных узроўняў (драпежнік — ахвяра, расліны — траваедныя). Найб. інтэнсіўны выбух папуляцыйны назіраецца ў некаторых выпадках пры інтрадукцыі новых відаў у спрыяльныя ўмовы асяроддзя, найчасцей у збедненых па відавым складзе прыродных і антрапагенных экасістэмах, а таксама пры адсутнасці ворагаў і канкурэнтаў. Пры выбуху папуляцыйным колькасць асобін расце са скорасцю, блізкай да біятычнага патэнцыялу. Вядомы інтэнсіўныя выбухі папуляцыйныя труса ў Аўстраліі, воднага гіяцынту ў Паўн. Амерыцы і Афрыцы, саранчы ў Еўразіі, лемінгаў у Еўропе і інш. На Беларусі як вынік выпадковай інтрадукцыі адзначаны выбух папуляцыйны эладэі канадскай, амер. соміка, каларадскага жука, некаторых інш. шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі.

Т.​А.​Філюкова.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКУРЭ́НЦЫЯ ў біялогіі,

антаганістычныя адносіны, звязаныя з барацьбой за існаванне, дамінаванне, корм, прастору і інш. паміж арганізмамі (асобінамі, відамі), якія маюць патрэбу ў адных і тых жа рэсурсах. Сітуацыя, пры якой для дзвюх асобін або відавых папуляцый недастаткова колькасці рэсурсаў асяроддзя. Забяспечваецца эвалюцыяй і прыстасавальнасцю арганізмаў, праз яе пасрэдніцтва ідзе папуляцыйны і біяцэналагічны, экалагічны адбор. Заканамернасці К. эксперыментальна выявіў сав. вучоны Г.​Ф.​Гаўзе (1934) у доследах з прасцейшымі аднаклетачнымі арганізмамі.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СЫ чалавека

(франц. гасе ад італьян. razza парода),

біялагічныя падраздзяленні адзінага віду сучаснага чалавека (Homo sapiens), якія склаліся гістарычна на пэўных тэрыторыях (арэалах) і характарызуюцца сукупнасцю пэўных спадчынных прыкмет будовы цела. Чалавечыя Р. не маюць тэндэнцыі да відаўтварэння і не з’яўляюцца ступенямі эвалюцыі. Паміж Р. не існуе жыццёва важных марфал., фізіял., псіхічных адрозненняў; неабмежаванае змешванне чалавечых Р. сведчыць пра адзінства іх паходжання і прыналежнасць да адзінага віду. Расавыя асаблівасці не ўплываюць на развіццё грамадства. Расавы склад народаў — вынік гіст. развіцця.

Першыя спробы класіфікацыі Р. адносяцца да 17—18 ст. (Г.​Лейбніц, К.​Ліней, Ж.​Бюфон, І.​Кант, Ж.​Кюўе і інш). Шырокае прызнанне атрымала класіфікацыя франц, вучонага Ж.​Дэнікера (1889), якая лягла ў аснову большасці сучасных сістэм. Значны ўклад у распрацоўку класіфікацыі Р. сав. антраполагаў (В.​В.​Бунак, Г.​Ф.​Дэбец, М.​М.​Чабаксараў, А.​І.​Ярхо і інш.). У сучаснай антрапалогіі існуюць 2 кірункі ў класіфікацыі чалавечых Р. — тыпалагічны і папуляцыйны. Паводле першага рабілася спроба вызначыць «расавую прыналежнасць» кожнага індывіда, што часта немагчыма, бо расавыя прыкметы наследуюцца не комплексам, а незалежна адна ад адной і часта значна вар’іруюць нават у малой групе насельніцтва, звязанай кроўнай роднасцю; падобныя прыкметы могуць узнікаць самастойна і нават ад дзеяння розных генаў. У 2-й пал. 20 ст. найбольшае прызнанне ў класіфікацыі Р. атрымаў папуляцыйны кірунак, які ўлічвае, што характарыстыка Р. заснавана на стат. крытэрыях, сярэдніх велічынях прыкмет і іх працэнтным размеркаванні, гэта асабліва важна пры вызначэнні Р. 2-га парадку, якія адрозніваюцца паміж сабой па 2—3 прыкметах. Папуляцыяністы вывучаюць адрозненні паміж групамі людзей, звязаных шлюбнымі сувязямі, па характары спадчыннасці вонкава падобных прыкмет (колер скуры і інш.), размеркаванні груп крыві і інш. Пры выяўленні роднасці Р. усё большае значэнне надаецца прыкметам з устаноўленай формай спадчыннасці. Пры гэтым, аднак, улічваецца, што канцэнтрацыя гэтых прыкмет можа значна зменьвацца пад уплывам адбору і т.зв. геннага дрэйфу, г.зн. выпадковай страты або назапашвання генаў у малых ізаляваных папуляцыях. Неабмежаванае змешванне Р. дае магчымасць прадбачыць, што ў будучым Р. перастануць існаваць, а фіз. адрозненні паміж людзьмі набудуць індывідуальны характар.

Чалавецтва падзяляецца на 3 вял. Р. 1-га парадку: аўстрала-негроідную (экватарыяльную), якая ўключае аўстралоідную, ведоідную, меланезійскую, негрскую, бушменскую Р. 2-га парадку (гл. Негроідная раса); еўрапеоідную (еўразійскую), якая ўключае атланта-балтыйскую, беламорска-балтыйскую, сярэднееўрапейскую, індаміжземнаморскую, балкана-каўказскую Р. 2-га парадку (гл. Еўрапеоідная раса); мангалоідную (азіяцка-амерыканскую), якая ўключае паўночна-азіяцкую, арктычную (эскімоскую), далёкаўсходнюю, паўднёваазіяцкую, амерыканоідную Р. 2-га парадку (гл. Мангалоідная раса). Становішча некат. груп, фізічны тып якіх не ўкладваецца ў гэты падзел, дыскусійнае. Аўстралійцы формаю валасоў падобны да еўрапеоіднай Р., іншымі прыкметамі — да экватарыяльнай (гл. Аўстралоідная раса). Айны фізічнымі прыкметамі больш падобны да еўрапейцаў, а паходжаннем бліжэй да аўстралійцаў. Гатэнтоты і бушмены падобныя да мангалоідаў жоўтым колерам скуры, інш. прыкметамі — да экватарыяльнай Р. Амер. індзейцы некат. прыкметамі набліжаюцца да еўрапеоіднай Р., іншымі яны бліжэйшыя да мангалоідаў (гл. Амерыканоідная раса). Складаным з’яўляецца пытанне пра паходжанне палінезійцаў, у якіх выяўляецца падабенства да ўсіх трох вял. Р. Ёсць меркаванне, што яны ўтварыліся ад расавых змяшэнняў. Прамежкавае становішча займаюць эфіопская (паміж еўрапеоіднай і аўстрала-негроіднай Р.), паўднёваіндыйская (паміж ведоіднай і індаміжземнаморскай Р.), уральская (паміж беламорска-балтыйскай і паўночнаазіяцкай), паўднёва-сібірская (паміж мангалоіднай і еўрапеоіднай) Р. Нейтральнае становішча займае курыльская Р.

Паводле даследаванняў Р.​Я.​Дзянісавай, В.​В.​Бунака і В.​Дз.​Дзячэнкі на тэр. Беларусі вылучаны 2 антрапал. тыпы. Беларусы паўн.-зах., паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў маюць сярэдні рост, светлы колер скуры, вачэй і валасоў, сярэднешырокі нізкі твар з прамой або ўвагнутай спінкай носа, сярэднегустой барадой і належаць да беламорска-балтыйскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р. Беларусы Палесся маюць больш цёмны колер вачэй і валасоў, больш прамую спінку носа і належаць да сярэднееўрапейскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р.

Фарміраванне сучасных Р., магчыма, адбылося ў эпоху позняга палеаліту, калі ўжо можна прасачыць прадстаўнікоў асн. Р.: еўрапеоідам адпавядаюць краманьёнцы, аўстрала-негроіднай Р. — познапалеалітычнае насельніцтва Паўд. і Цэнтр. Афрыкі і Інданезіі, мангалоідам — стараж. насельніцтва Сібіры і Кітая. У канцы позняга палеаліту і ў мезаліце з Пд і У людзі засялілі вобласць Паўн. Еўразіі, што суправаджалася змяшэннем прадстаўнікоў еўрапеоіднай і мангалоіднай Р. і ўтварэннем прамежкавых тыпаў. У познім палеаліце засяляецца Аўстралія з Паўд.-Усх. Азіі і Амерыка з Паўн. Азіі праз вобласць Берынгава праліва. І пазней на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываюцца пастаянныя міграцыі насельніцтва. Найб. з іх, т.зв. Вялікае перасяленне народаў, адбылося на мяжы н.э. з Цэнтр. Азіі праз Зах. Сібір, Казахстан, Сярэднюю Азію ў стэпы Прычарнамор’я. З 10 ст. нарманы праніклі ў Грэнландыю і Паўн. Амерыку, з 16 ст. іспанцы, партугальцы, пазней галандцы і англічане засялялі Амерыку, рускія — Сібір, галандцы і англічане каланізавалі Паўд. Афрыку. У 19 ст. ўзмацнілася эміграцыя з розных краін Еўропы ў Амерыку, англічане каланізавалі Аўстралію і Новую Зеландыю, кітайцы і японцы рассяліліся на астравах Ціхага акіяна.

Літ.:

Тегако Л.И. Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

І.​І.​Салівон.

т. 13, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)