ГЕНЕ́ТЫКА ПАПУЛЯ́ЦЫЙ,
гл. Папуляцыйная генетыка.
т. 5, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫЛЯ́ЦЫІ, флуктуацыі,
ваганне колькасці і прадукцыйнасці папуляцыі. Графічна паказваюцца ў выглядзе хвалепадобнай крывой. Падзяляюцца на рэлаксацыйныя (трыгерныя), спалучаныя, цыклічныя, асцыляцыі колькасці. Асцыляцыі рэлаксацыйныя (трыгерныя) — ваганні росту шчыльнасці папуляцый, пры якіх адбываецца поўны абмен энергіяй (павольнае падняцце і рэзкае апусканне крывой). Надыходзяць пасля экспаненцыяльнага росту шчыльнасці папуляцый да верхняй асімптоты пры раптоўным спыненні росту і зніжэнні шчыльнасці папуляцый, напрыклад, папуляцый аднаклетачных водарасцяў, аднагадовых раслін, некаторых насякомых і, магчыма, лемінгаў у тундры. Асцыляцыі спалучаныя — ваганне колькасці папуляцый, пры якіх цыклічныя змены шчыльнасці папуляцый абодвух відаў, што ўзаемадзейнічаюць, звязаны паміж сабой; напрыклад папуляцыі драпежніка і ахвяры; прадукцыя насення ў хваёвых лясах і колькасць птушак і інш. жывёл, якія імі кормяцца. Асцыляцыі цыклічныя — рэгулярныя ваганні колькасці папуляцый, напрыклад колькасць зайца-беляка, рысі, каўнерыкавага рабчыка, цецерука і інш. Асцыляцыі колькасці — ваганне колькасці папуляцый адносна сярэдняй велічыні з пакалення ў пакаленне. Для прыродных папуляцый характэрныя асцыляцыі сезонныя — змены колькасці папуляцый у залежнасці ад фактараў асяроддзя, і асцыляцыі гадавыя, абумоўленыя знешнімі фіз. фактарамі асяроддзя і звязаныя са зменай унутраных фактараў самой папуляцыі.
т. 2, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛЯЦЫ́ЙНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,
раздзел генетыкі, які вывучае заканамернасці генет. структуры папуляцый і яе змены ў працэсе эвалюцыі. Вывучае эфекты антрапагеннага ўздзеяння на генет. структуру папуляцый, распрацоўвае асновы яе захавання і рацыянальнага выкарыстоўвання. Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную. Станаўленне П.г. звязана з працамі англ. матэматыка Г.Хардзі і ням. ўрача В.Вайнберга (1908), а таксама С.С.Чацверыкова (1926), Р.Фішэра, Дж.Холдэйна, С.Райта (1930) і інш. На Беларусі асобныя кірункі П.г. заклалі П.Ф.Ракіцкі і М.В.Турбін. Даследаванні вядуцца ў Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі (генетыка камбінацыйнай здольнасці с.-г. раслін, уплыў адбору на генет. структуру папуляцый, аналіз генет. структуры прыродных папуляцый жывёл, вывучэнне заканамернасцей дынамікі хім. і радыяцыйнага мутагенезу ў папуляцыях і інш.), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (генет. полімарфізм насельніцтва Беларусі), Ін-це лесу (генет. структура хваёвых лясоў Беларусі), Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш.
Н.І.Рабаконь.
т. 12, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁМІСТАСЦЬ АСЯРО́ДДЗЯ біялагічная,
здольнасць прыроднага ці прыродна-антрапагеннага наваколля забяспечваць нармальную жыццядзейнасць пэўнай колькасці жывых арганізмаў ці іх згуртаванняў без адметных прыкмет парушэння ці дэградацыі самога наваколля. Залежыць ад ступені спрыяльнасці для жыцця біятычных і абіятычных фактараў прыроднага асяроддзя, уплыву антрапагеннага і лімітавальных фактараў. Велічыня Ё.а. непастаянная, зменьваецца ў часе і прасторы, што прадвызначае ваганні шчыльнасці і колькаснага складу папуляцый, адрозненні ў іх размеркаванні на тэрыторыях са знешне аднатыпнымі ўмовамі. Асобныя паказчыкі, што характарызуюць выключныя бакі Ё.а., — ёмістасць ландшафту, угоддзяў, рэкрэацыйная ёмістасць. Мэтанакіраванае антрапагеннае ўздзеянне можа істотна павялічваць Ё.а. для гасп.-каштоўных папуляцый ці змяншаць яе для папуляцый шкодных відаў. Улік паказчыкаў Ё.а. дае магчымасць больш мэтанакіравана планаваць гасп. дзейнасць (напр., у галінах паляўнічай і лясной гаспадаркі, аховы прыродных рэсурсаў) і праводзіць пэўныя мерапрыемствы па ахове прыроды.
т. 6, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПАТРЫ́Я (ад ала... + грэч. patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.
т. 1, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯПЭ́ЎНЫЯ ВІ́ДЫ,
віды жывых арганізмаў, пагроза знікнення якіх з дадзенай тэр. ўмоўна існуе (колькасць і стан папуляцый выклікаюць трывогу), аднак ступень яе дакладна не вызначана (з-за недахопу звестак). Уключаюцца ў Чырвоныя кнігі (катэгорыя 4 Камісіі па рэдкіх і знікаючых відах МСАП). На Беларусі 1 Н.в. млекакормячых, 17 — птушак, 8 — насякомых, 7 — пакрытанасенных раслін, па 4 — грыбоў і водарасцей. Ахова Н.в. патрабуе вывучэння іх біялогіі, экалогіі і пашырэння, уліку сустрэч, кантролю за станам папуляцый, забароны здабычы (збору), аховы месцаў пражывання (росту), увядзення ў культуру і рассялення ў прыродныя экатопы (для раслін) і інш.
т. 11, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМІРА́ННЕ, у экалогіі стан папуляцыі, які характарызуецца ўстойлівым перавышэннем смяротнасці над нараджальнасцю; у тэорыі эвалюцыі знікненне любой таксанамічнай групы арганізмаў без пакідання даччыных формаў. Акрамя шматлікіх фактаў вымірання асобных папуляцый і відаў вядомы прыклады поўнага вымірання цэлых атрадаў (аманіты, шчытковыя рыбы, стэгацэфалы, іхтыязаўры, дыназаўры), класаў (псілафіты, трылабіты і інш.), тыпаў (археацыяты). Прычыны вымірання асобных папуляцый і відаў звычайна звязаны з павелічэннем смяротнасці ў выніку адмоўнага ўздзеяння знешніх фактараў (змена клімату, канкурэнцыя, дзейнасць чалавека і інш.), радзей — з уплывам унутраных фактараў (інбрыдзінг — скрыжаванне блізкароднасных арганізмаў, неспрыяльная палавая ці ўзроставая структура папуляцыі). Віды, якія выміраюць, уключаюцца ў Чырв. кнігу і ахоўваюцца дзяржавай.
В.В.Грычык.
т. 4, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАГЕАГРА́ФІЯ,
кірунак даследаванняў у галіне біял. навукі, сумежнай паміж генетыкай і біягеаграфіяй. Сфармулявана сав. вучоным А.С.Сераброўскім ў 1928—29. Вывучае генетычную гетэрагеннасць прыродных папуляцый і на гэтай аснове генетычную структуру папуляцыі, раскрыццё механізмаў фарміравання, падтрымання і змянення гэтай структуры, што стала пачаткам вывучэння генетыкі папуляцый у прасторы, а таксама выяўленне геагр. пашырэння і, па магчымасці, частот алеляў, адказных за асн. прыкметы і ўласцівасці пэўнага віду арганізмаў. Генагеаграфія высвятляе прычыны пашырэння алеляў. Мае практычнае і прыкладное значэнне пры вызначэнні генафондаў свойскіх жывёл і культ. раслін як адной з асноў пароднага і сартавога раянавання і селекцыі, а таксама ў генетыцы чалавека, асабліва ў мед. генетыцы.
т. 5, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВІ́Д (лац. subspecies),
таксанамічная катэгорыя (ранг) у сістэматыцы раслін і жывёл, рангам ніжэйшая за від. Сукупнасць геаграфічна (радзей экалагічна або геахраналагічна) адасобленых папуляцый віду, у якіх большасць асобін адрозніваецца адным або некалькімі (звычайна марфал.) прыкметамі ад асобін інш. папуляцый таго ж віду. Бел. назва П. складаецца з 2 слоў. Лац. назву П. ўтвараюць дадаткам трэцяга слова (падвідавога эпітэта) да назвы віду. Напр., адзін з П. ліса звычайнага (Vulpes vulpes) — ліс сярэднярускі, абазначаецца як Vulpes vulpes vulpes. Міжнар. кодэкс заал. наменклатуры прызнае П. за найніжэйшую таксанамічную адзінку. Міжнар. кодэкс бат. наменклатуры прызнае і інфрападвідавыя (ніжэйшыя за П.) катэгорыі (варыетэт, форма і інш.).
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТЭКАЛО́ГІЯ (ад аўта... + экалогія),
раздзел экалогіі, які вывучае дзеянне розных фактараў знешняга асяроддзя (пераважна абіятычных фактараў) на асобныя папуляцыі і віды. Гал. задача аўтэкалогіі — вывучэнне фактараў дынамікі колькасці і біямасы папуляцый, жыццёвых цыклаў і паводзін.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)