Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКО́, шэры папугай (Psittacus erithacus),
птушка атр. папугаепадобных. 3 падвіды. Пашыраны ў лясах экватарыяльнай Афрыкі ад Сьера-Леоне да 3 Кеніі, на а-вах Сан-Таме і Прынсіпі. Трымаюцца вял. чародамі, зрэдку асобнымі парамі.
Даўж. 35—40 см. Апярэнне шэрае, хвост — ярка-чырвоны, кароткі. Дзюба чорная, вузкая. Гняздуецца ў дуплах высокіх дрэў, нясе 2 яйцы. Корміцца пладамі і насеннем. Здольны да гукапераймання. Утрымліваецца ў няволі, дзе размнажаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАТЫА́Я (Itatiaia),
нацыянальны парк на ПдУ Бразіліі. Засн. ў 1937 для аховы прыродных ландшафтаў найвышэйшых вулканічных масіваў у раёне хр. Серада-Мантыкейра (г. Агульяс-Неграс выш. 2787 м). Пл. каля 12 тыс.га. Разнастайныя формы выветрывання, каньёнападобныя рачныя даліны з азёрамі. Саванна кампос, горны хваёвы і дажджавы трапічны лес з ліянамі, архідэямі, імхамі і папарацямі. У фауне касматая павукападобная малпа, грывасты воўк, даўгахвостая выдра, трохпальцы мураўед, гарпія, чорнагаловы папугай і інш. Біястанцыя бат. саду Рыо-дэ-Жанейра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, якіх трымаюць у няволі з эстэт. і пазнавальнымі мэтамі. Яны пераважна маюць яркую афарбоўку, прыгожа спяваюць або лётаюць; у няволі не трацяць здольнасці да размнажэння. Радзіма большасці Д.п. — тропікі і субтропікі. На Беларусі найб. пашыраны канарэйкі, папугаі, ткачы і дэкар. галубы (паўліны, дутышы, якабіны, турманы, чайкі). Як дэкар. трымаюць таксама некат. птушак мясц. фауны: аўсянак, берасцянак, валасянак, заранак, крыжадзюбаў, чыжоў, шчыглоў, драздоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЗЕЛА́НДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае Паўд. і Паўн. а-вы Новай Зеландыі, а-вы Макуоры, Окленд, Чатэм і інш. (ад 29 да 54°паўд. ш.). Уваходзіць у царства Натагею. У флоры больш за 1800 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш за 3/4 эндэмічныя. Шмат раслін-неабіёнтаў. Пераважаюць сям.: архідныя, асаковыя, залознікавыя, злакавыя, казяльцовыя, марэнавыя, парасонавыя, складанакветныя і інш. Шмат папарацей, у т. л. буйных дрэвападобных, эпіфітаў і ліян. Генетычна расл. і жывёльны свет вобласці звязаны з флорай і фаунай крайняга ПдПаўд. Амерыкі і Паўд.-Усх. Аўстраліі. Фауна бедная па відах, астраўнога тыпу. З млекакормячых (акрамя неабіёнтаў) 2 эндэмічныя віды лятучых мышэй Птушак больш за 200 відаў, шмат эндэмічных. Характэрны марскія птушкі: бакланы, пінгвіны, трубканосыя, чайкі і інш. З нелятаючых характэрны ківі, некат. пастушковыя. З паўзуноў (20 відаў) пашыраны эндэмічныя роды геконаў (5 відаў) і сцынкаў (9 відаў). Найб. характэрны паўзун — гатэрыя. З земнаводных — жабы з роду ліяпельм. Прэснаводных рыб мала (1 від вугра, некалькі відаў з сям. галаксіід і інш.). Фауна насякомых багатая (матылёў больш за 1000 відаў). Шматлікія наземныя малюскі.