КУМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. cumulatio павелічэнне, назапашванне),
назапашванне ў арганізме біялагічна актыўнага рэчыва (матэрыяльная К.) або выкліканых ім эфектаў (функцыян. К.). Матэрыяльная К. ўласціва рэчывам, якія запаволена выводзяцца з арганізма ці інактывуюцца ў ім. Паўторнае пападанне іх у арганізм дабаўляецца да той колькасці, якая засталася ад папярэдняга ўвядзення, што можа прывесці да інтаксікацыі. Характэрна для некат. цяжкіх металаў (ртуць), сардэчных, снатворных лекаў і інш.Функцыянальная К. бывае пры паўторным дзеянні рэчываў, якія неабарачальна парушаюць функцыі арганізма (напр., прэпараты свінцу, фосфарарган. злучэнні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАДЭНІ́Т (ад лімфа + грэч. adēn залоза),
запаленне лімфатычных вузлоў у чалавека. Развіваецца як рэакцыя на пападанне ў лімфатычныя вузлы прасцейшых, мікробаў, вірусаў, радзей — іншародных рэчываў. Адрозніваюць Л. востры і хранічны, па прычынным фактары — неспецыфічны і спецыфічны. Часцей сустракаецца Л. востры неспецыфічны як другасная рэакцыя на інфекцыю (ангіна, карыёзныя зубы, фурункулы і інш.). У дзяцей інфекцыя пранікае праз трахеябранхіяльнае дрэва і страўнікава-кішачны тракт. Прыкметы: павышэнне т-ры цела, ламота ў суставах, павелічэнне лімфавузлоў і інш. Хранічны неспецыфічны Л. бывае рэдка, часцей — лімфадэнапатыя. Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́ННЕімавернасцей,
адно з асн. паняццяў тэорыі імавернасцей і матэм. статыстыкі.
Р. імавернасцей дыскрэтнай выпадковай велічыні X, магчымыя значэнні x1, x2, ... xi, ... якой утвараюць канечную ці злічоную паслядоўнасць. задаецца адпаведнымі ім імавернасцямі p1, p2, ... pi, ... (усе p, дадатныя і іх сума роўная 1), напр., бінаміяльнае размеркаванне, Пуасона размеркаванне. Для неперарыўнага Р. існуе неадмоўная функцыя p(x) (шчыльнасць імавернасці), такая, што
, і пападанне выпадковай велічыні ў зададзены інтэрвал значэнняў [a,b] задаецца імавернасцю
, напр., Максвела размеркаванне, нармальнае размеркаванне. У агульным выпадку Р. — сапраўдная неадмоўная функцыя на класе падмностваў (падзей), які мае пустое мноства і замкнуты адносна тэарэтыка-мноставых аперацый дапаўнення і злічонага перасячэння:
, дзе 0 ≤ p(A) ≤ 1 і калі Ai∩Aj=∅ пры i≠j. Гл. таксама Сінгулярнае размеркаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́НЕГУТ ((Vonnegut) Курт) (н. 11.11.1922, г. Індыянапаліс, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Вывучаў біяхімію ў Корнелскім (1940—42), антрапалогію ў Чыкагскім (1945—47) ун-тах. Аўтар раманаў, пераважна антыўтопія, «Механічнае піяніна» (1952; рус.пер. «Утопія — 14», 1967), «Сірэны Тытана» (1959, рус.пер. 1988), «Калыска для кошкі» (1963; рус.пер. 1970), «Дай вам Бог здароўя, містэр Разуотэр, або Не сыпце перлы перад свіннямі» (1965; рус.пер. 1978), «Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзяцей» (1969; рус.пер. 1970), «Снеданне для чэмпіёнаў, або Бывай, чорны панядзелак» (1973, рус.пер. 1975), «Балаган, або Больш я не адзінокі» (1976), «Вечны вязень» (1979), «Прамое пападанне» (1982; рус.пер. «Хлопец маху не дасць», 1986), «Сіняя барада. Аўтабіяграфія Рабо Карабек’яна, 1916—1988» (1987) і інш., апавяданняў, п’ес, кн. артыкулаў і эсэ «Вербная нядзеля. Аўтабіяграфічны калаж» (1981) і інш.Асн. праблематыка творчасці — дэгуманізацыя свядомасці, мілітарызацыя грамадства, небяспека атамнай вайны. Філас. насычанасць прозы Вонегута спалучаецца з фантастыкай, алегарычнасцю, сатырай і іроніяй, пародыяй і гратэскам.
Тв.:
Рус.пер. — Собр.соч. Т. 1—5. М., 1992—93.
Літ.:
Мендельсон М. Роман США сегодня — на заре 80-х гг. 2 изд. М., 1983;
Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),
камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн.час.
Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.Ядзешка, Т.Івінская, І.Сумнікава, А.Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).
Да арт.Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.