Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНІ́КНІЦА (Geum),
кветкавая расліна сям. ружавых. Больш за 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах і ў Арктыцы. На Беларусі 3 віды П.: алепская (G. aleppicum), гарадская (G. urbanum), рачная (G. rivale). Трапляюцца ў лясах, садах, на ўзлесках, уздоўж дарог. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны П. чылійская (G. chiloense) і чырвоная (G. coccineum).
Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 80 см з прамастойнымі малагалінастымі сцёбламі. Прыкаранёвае лісце лірападобна-перыстае, сцябловае трайчастае або трохраздзельнае. Кветкі жоўтыя ці чырванаватыя, адзіночныя або ў шчытковых ці мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак. Карэнішчы П. гарадской («гваздзіковы корань») ужываюць як прыправу, дабаўляюць у піва, квас. Эфіраалейныя, меданосныя, харч., лек., дубільныя, інсектыцыдныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМНЕЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны ўмераных шырот, якія зімуюць з зялёным лісцем. Адрозніваюць: уласна З.р. (пераважна адналетнікі і некат. шматгадовыя расліны — метлюжок цыбульны, віды эрэмурусу і інш.), у якіх зялёнае лісце перазімоўвае пад снегам і адмірае вясной пасля ўтварэння новага, і летне-зімнезялёныя расліны (суніцы, кісліца, многія лугавыя злакі), якія захоўваюць зялёнае лісце круглы год, але працягласць жыцця кожнага іх ліста (у адрозненне ад вечназялёных раслін) менш за 1 год. На Беларусі з З.р. растуць: у лясах — суніцы лясныя, падлеснік еўрапейскі, кісліца звычайная, дабраполь жоўты, падалешнік еўрапейскі; на лугах — панікніца рачная, гарлянка паўзучая, аўсяніца (лугавая і чырвоная), цімафееўка лугавая, вострыца дзірваністая, некат. асокі.