ваенны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, князь, ген.-лейт. польскай арміі (1792), маршал Францыі (1813). З роду Панятоўскіх, пляменнік караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З 1780 служыў у аўстр. арміі, з 1788 палкоўнік, ад’ютант імператара Іосіфа П. У 1789 пераехаў у Рэч Паспалітую, удзельнічаў у рэарганізацыі польскай арміі, з 1788 камандаваў дывізіяй. У 1792 камандаваў польскай арміяй, якая абараняла ад рас. войск лінію Дняпра і Днястра. Пасля бою пад Зелянцамі 18.6.1792 адступіў да Ізяслава, потым вывеў войскі за р. Буг. У знак пратэсту супраць змовы караля з Таргавіцкай канфедэрацыяй падаў у адстаўку і выехаў у Вену. У час паўстання 1794 вярнуўся, удзельнічаў у абароне Варшавы. Пасля капітуляцыі зноў выехаў у Вену. Адмовіўся ад прапаноў Кацярыны II і Паўла I паступіць на рас. службу. З 1798 жыў у сваім маёнтку пад Варшавай. У 1806, калі франц. войска падышло да Варшавы, а прускае пакінула горад, П. стаў на чале мясц. міліцыі і падтрымаў Напалеона. Са снеж. 1806 камандаваў адноўленым польск. войскам, са студз. 1807 ваен. міністр Варшаўскага княства. У час аўстра-французскай вайны 1809 паспяхова дзейнічаў супраць аўстр. войск у Галіцыі. У 1811 зноў адмовіўся паступіць на рас. службу. У час паходу Напалеона ў Расію 1812 камандаваў 5-м польскім корпусам «Вял. арміі». У пачатку кампаніі праследаваў 2-ю Зах. армію і рухаўся праз Гродна, Нясвіж, Ігумен да Магілёва. Удзельнічаў у бітвах пад Смаленскам і Барадзіном. У час адступлення рэшткі корпуса П. ўдзельнічалі ў бітвах пад Вязьмай і на р. Бярэзіна. Пасля вываду польск. войск у Саксонію сфарміраваў 8-ы корпус. У Лейпцыгскай бітве 1813 па даручэнні Напалеона, які ў час гэтай бітвы ўзвёў П. ў маршалы, прыкрываў адыход франц. войск. У час пераправы праз р. Эльстэр быў цяжка паранены і патануў. У 1814 прах П. перанесены ў Варшаву, у 1819 перапахаваны ў Кракаве на Вавелі. У 1826—32 зроблены помнік П. (скульпт. Б.Торвальдсен), які з 1840 знаходзіўся ў Гомелі перад палацам І.Ф.Паскевіча, з 1922 — у Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Панятоўскі Станіслаў Аўгуст 2/156; 3/291; 4/127; 9/27; 12/99
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДКО́ВІЧ (Феліцыян Піліп) (1697—1778),
уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1730 епіскап холмскі і бэлзскі, з 1753 каад’ютар (памочнік-намеснік) мітрапаліта кіеўскага Ф.Грабніцкага, з 1756 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). У 1762—78 мітрапаліт кіеўскі. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў абвінаваціць В. ў злоўжываннях. Нягледзячы на заяву папскага прастолу пра невінаватасць Валадаковіча (1770), нападкі на яго з боку каралеўскай улады працягваліся да канца жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯТО́ЎСКІЯ,
шляхецкі род герба «Цёлак» у Рэчы Паспалітай. Паводле родавай легенды, паходзілі ад італьян. роду Тарэлі. Вядомы з 15 ст., прозвішча паходзіць ад маёнтка і мяст. Панятова недалёка ад Любліна. У 17 ст. П. былі сярэдняй шляхецкай сям’ёй, служылі ў багатай шляхты на гасп. пасадах, часам арандавалі маёнткі. У 18 ст. ўзвысіліся. Некат. прадстаўнікі роду ў 18 — пач. 20 ст. жылі на Беларусі. Найб. вядомыя:
Станіслаў (15.9.1676—29.8.1762). Удзельнічаў у Паўн. вайне 1700—21, стаў на бок шведаў, прыбліжаны да караля Станіслава Ляшчынскага, ген. артылерыі ВКЛ у 1707—09, ген. кавалерыі швед. войска, пасля ген.-лейт. польскага войска. У 1720 ажаніўся з князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай, якая ў 1721 набыла маёнтак Воўчын у Брэсцкім пав., дзе былі збудаваны касцёл і палац — рэзідэнцыя П. Падстолі ВКЛ у 1722, падскарбі вялікі ВКЛ у 1722—31, ваявода мазавецкі ў 1731—52, кашталян кракаўскі з 1752. Яго сыны на сойме 1764 атрымалі княжацкі тытул. З іх Казімір (15.9.1721—13.4.1800) — падкаморы вялікі каронны ў 1742—73, ген. польскага войска; Станіслаў Аўгуст (1732—98), кароль польскі і вял. князь літоўскі [1764—95], гл.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі; Андрэй (28.9.1734—3.3.1773), ген.-лейт. аўстрыйскага войска (1760), фельдмаршал (1771), князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Станіслаў (23.2.1754—13.2.1833), ген.-лейт. польскага войска, шэф пешай кароннай гвардыі, падскарбі вялікі ВКЛ у 1784—91. Яго нашчадкі атрымалі ў Фларэнцыі (Таскана) тытул князёў ды Монтэ Ратонда (1847), а ў Аўстрыі тытул князёў П. (1850). Юзаф Антон (1763—1813), ген.-лейт. польскага войска, маршал Францыі, гл.Панятоўскі Ю.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВОЛЕ́НЕ»
(«Wyzwolenie»),
Польская народная партыя «Вызваленне», дробнабуржуазная партыя ў Польшчы ў 1915—31. Мела значны ўплыў на сялян Зах. Беларусі. Яе лідэры: К.Багінскі, Я.Домбскі, Т.Начніцкі, С.Асецкі, Ю.Панятоўскі, С.Тугут. Радыкальная частка «Вызволеня» ў 1922—23 выдавала ў Вільні газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З дапамогай радыкальных праграм яна аб’яднала вакол сябе частку сярэдніх і дробных сялян. Кіраўніцтва партыі займала згодніцкія пазіцыі, але пад націскам радавых членаў «Вызволеня» стала ў апазіцыю да ўрада Пілсудскага. У 1924 з яе вылучылася левае крыло на чале з пасламі сейма А.Фідаркевічам, С.Ваявудскім, С.Баліным, якое стала асновай Незалежнай сялянскай партыі. У 1931 «Вызволене» аб’ядналася з партыяй «Пяст» і Сял. партыяй у Польскую нар. партыю, якая адстойвала інтарэсы заможных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎЧЫН,
вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км ад г. Камянец, 45 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 547 ж., 202 двары (1996).
Вядомы з пач. 16 ст. як двор у Брэсцкім пав. Належаў Солтанам, Гасеўскім, Сапегам і інш., у 1721—38 — Панятоўскім. У 1732 у Воўчыне нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Брэсцкага пав. Гродзенскай губ. У 1880-я г. 804 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. У 1938—87 у Троіцкім касцёле Воўчына захоўваліся астанкі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Высокаўскім р-не. З 1962 у Камянецкім р-не. У 1970 — 460 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл (1733).
мужчынскі правасл. манастыр у г. Пінск Брэсцкай вобл. ў пач. 17 — пач. 20 ст. Узнік у ранні перыяд праваслаўна-уніяцкай канфрантацыі. У жн. 1614 на сродкі Р.Гарабурдзінай і Пінскага правасл. брацтва пабудавана Богаяўленская царква, пры ёй аселі манахі з Пінскага Лешчанскага манастыра. Праз месяц царква разабрана уніятамі, скаргі праваслаўных да караля і ў сейм былі безвыніковымі. У 1633 кароль Уладзіслаў IV дазволіў брацтву пабудаваць на ўскраіне горада манастыр з вучылішчам, пач. школай і шпіталем. У 1647 драўляны манастыр згарэў, у 1650 зноў адбудаваны. Быў цэнтрам праваслаўя на Піншчыне. У 18 ст. цярпеў прыцясненні з боку пінскага уніяцкага епіскапа і фанатычнай шляхты. Аднак у 1757 за манастыр заступаўся канцлер Ф.М.Чартарыйскі, а ў 1775 кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі вызваліў манастырскіх падданых ад усіх падаткаў. У 1799 драўляныя будынкі згарэлі, у 1800 манастыр размешчаны ў комплексе б.Пінскага касцёла і калегіума езуітаў (тады ж сюды пераведзены манахі з Мінскага Петрапаўлаўскага манастыра, а ў 1848 — духоўнае вучылішча з Лядаў). Манастыр спыніў існаванне ў час 1-й сусв. вайны.