Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ КЛЯШЧЫ́, арыбатыды (Oribatei),
група членістаногіх (134 сям.) атр. акарыформных кляшчоў кл. павукападобных. Пашыраны ўсюды. Жывуць у глебе, лясным подсціле, імху і інш. Маюць вял. значэнне для глебаўтварэння. На Беларусі каля 60 сям., больш за 250 відаў. Найб. трапляюцца апіела незвычайная (Oppiela nova), карабодэс лабірынтавы (Carabodes labyrinthicus), нотрус лясны (Nothrus silvestris) і інш. Некат. віды (каля 30) — прамежкавыя гаспадары стужачных чарвей — паразітаў траваедных жывёл.
Даўж. 0,2—3 мм. Цела падзяляецца на галаву і тулава, укрытае панцырам з вырастамі і баразёнкамі. Ротавыя органы грызучыя. Сапрафагі ці фітафагі. Большасць адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Гл. таксама Кляшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ БАЯ́РЫ, панцырныя паны—баяры,
ваеннаслужылыя людзі ў ВКЛ у 1-й пал. 15—18 ст. Рэкрутаваліся з зямян, сельскіх мяшчан і вольных людзей, якія атрымлівалі ад вял. князя за службу зямлю (у асноўным на Віцебскім, Полацкім і Смаленскім памежжы). На ўмовах бясплатнага карыстання зямлёй і інш. правамі неслі вайсковую службу (памежную варту), падпарадкоўваліся ўраду мясц. замка. Мелі прывілеі: судзіць іх мог толькі суд; захоўвалі маёнткі, падараваныя папярэднімі каралямі; забаранялася браць у П.б. падводы, коней і выкарыстоўваць на інш. службе, акрамя ваеннай; дазвалялася займацца рамёствамі, промысламі і гандлем нароўні з купцамі і мяшчанамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Сенат Рас. імперыі ў 1780 залічыў П.б. у разрад сялян дварцовай канцылярыі і пакінуў за імі ўсе землі і льготы казакоў.
клас боканервовых малюскаў. Вядомы з ранняга кембрыю (каля 560 млн.г. назад). 4 атр., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах, найб. у Паўд. паўшар’і. Жывуць на дне на камянях, скалах, пераважна на мелкаводдзі.
Даўж. 0,5—40 см, маса да некалькіх кілаграмаў. Цела падоўжана-авальнае або чэрвепадобнае, падзяляецца на галаву, тулава і шырокую плоскую мускулістую нагу, якой яны могуць прысмоктвацца да субстрату. Ракавіна з 8 рухома сучлененых пласцінак дазваляе П.м. паварочвацца на брушны бок, накшталт макрыц. Дыхаюць шчэлепамі. Маюць своеасаблівыя органы пачуццяў (эстэты), размешчаныя ў каналах, што пранізваюць ракавіну; служаць для ўспрымання ціску вады, часткова пераўтвораны ў вочкі. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем, лічынка плавае. Некат. віды ядомыя.