Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НТЫ,
маладыя, растучыя, неакасцянелыя рогі дарослых самцоў аленя плямістага і сібірскіх падвідаў аленя высакароднага (ізюбр, марал). Укрыты скурай з кароткім, мяккім, аксаміцістым воласам. Знімаюць з жывых або забітых жывёл, кансервуюць варкай і сушкай. Сыравіна для атрымання лек. сродку — пантакрыну. Для атрымання П. з канца 19 ст. пантавых аленяў гадуюць у няволі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕНЕГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і гасп. выкарыстаннем аленяў. Адрозніваюць аленегадоўлю паўночную і пантавую.
Паўночная аленегадоўля — важнейшая галіна гаспадаркі Крайняй Поўначы, засяроджаная на развядзенні паўн. аленя (у паўн. шыротах Азіі, Еўропы — Расія, Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія; у Паўн. Амерыцы — ЗША, Канада). У народаў тундравай зоны Сібіры пераважае мяса-скурная аленегадоўля, у больш паўд. раёнах — транспартная. Асн. прадукцыя паўн. аленегадоўлі — мяса 4—5-месячных цялят і дарослых аленяў і скуры, з якіх вырабляюць замшу, хром, цёплае адзенне, палаткі, лёгкія футры (пыжык, выпаратак і інш.). Ад самак за лактацыйны перыяд атрымліваюць 40—50 кг малака тлустасцю 17—19%. Пантавая аленегадоўля займаецца развядзеннем плямістага аленя, марала і ізюбра для атрымання пантаў, мяса і скур. Да сярэдзіны 19 ст.панты здабывалі паляваннем на дзікіх аленяў. Пасля прыручэння маралаў і плямістых аленяў пантавая аленегадоўля пашырылася ў Прыморскім, Алтайскім і Краснаярскім краях Расіі, дзе арганізаваны спец. гаспадаркі. Пантавых аленяў гадуюць таксама ў Кітаі, КНДР, Манголіі.
На Беларусі пантавая аленегадоўля з’явілася ў канцы 1980-х г. Гадуюць плямістых аленяў і маралаў (у асобных гаспадарках Кобрынскага, Іўеўскага, Маладзечанскага і Пухавіцкага р-наў). Ад плямістых аленяў ва ўзросце 12—13 гадоў і маралаў 14—16 гадоў атрымліваюць лабавыя панты. Аленяў трымаюць на агароджаных участках; у стойлавы перыяд падкормліваюць сенам і канцэнтратамі. У пач. 1990-х г. у рэспубліцы налічвалася каля 1 тыс. галоў маралаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЮ́БР (Cervus elaphus xanthopygus),
млекакормячае роду аленяў; падвід аленя высакароднага. Пашыраны ў гарах Усх. Сібіры і Д. Усходу, на Пн і ПнУ Кітая. Насяляе дубовыя лясы, гары і высечкі, горныя лугі.
Выш. цела самцоў у карку да 145 см. Маса да 300 кг. Знешне нагадвае аленя высакароднага. Афарбоўка скуры аднатонная, чырванавата-рыжая. Дарослыя самцы маюць галінастыя рогі (маладыя неакасцянелыя рогі — панты выкарыстоўваюць для вырабу лек. прэпаратаў). Гон увосень. Цяжарнасць да 35 тыдняў. У маі—чэрв. самка нараджае 1—2 цялят І. корміцца травяністымі і дрэвава-хмызняковымі раслінамі, ягадамі, пладамі, грыбамі, лішайнікамі. Гадуюць у аленяводчых гаспадарках (для здабычы пантаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́Л,
2 геаграфічныя расы (падвіды) аленя высакароднага: М. алтайскі (Cervus elaphus sibiricus) і М. цянь-шанскі (C. e. songaricus). Пашыраны ў Цэнтр. Азіі (Алтай, Цянь-Шань, Паўд. Сібір, Кітай, Манголія). Жывуць у рэдкалессі, на ўзвышшах, у гарах.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,6 м, маса да 500 кг. Ствол рагоў моцны, тоўсты, ад яго адыходзіць да 7 адросткаў, 4-ы самы вялікі. Расліннаедныя (трава, лісце, кара дрэў, плады, ягады. грыбы, лішайнікі). Нараджаюць 1 дзіцяня. Гадуюць на фермах. Маладыя неакасцянелыя рогі (панты) М. выкарыстоўваюць пры вырабе лек. прэпарату пантакрыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ГІ (лац. cornua),
касцявыя вырасты на галаве многіх капытных млекакормячых. Служаць пераважна органамі абароны, а ў самцоў многіх відаў — сродкам барацьбы за самку ў час гону. Былі ў некат. выкапнёвых паўзуноў (напр., у рагатых дыназаўраў) і млекакормячых (у дынацэрат, тытанатэрыяў і інш.). Няпарныя Р. ў насарогаў — канічныя патаўшчэнні арагавелага эпідэрмісу, скурныя ўтварэнні на насавых або лобных касцявых вырастах. Касцявая аснова парных Р. (спіца) у пустарогіх укрыта рагавым чахлом, у жырафы — мяккай скурай, укрытай шэрсцю. Алені, у якіх Р. маюць толькі самцы (у паўн. аленя і самкі), штогод скідваюць іх (апрача кабаргі і вадзянога аленя), што звязана з дзейнасцю палавых залоз. Разгалінаванасць Р. у іх з узростам павялічваецца. Р. пантавых аленяў (панты) — крыніца атрымання лек. сродку (пантакрыну). Р. інш. капытных выкарыстоўваюцца для розных вырабаў, атрымання касцявога тлушчу, касцявой мукі, клею і інш.