БУДРА́ЙЦІС
(udraitis) Юозас (н. 6.10.1940, г. Ліпінай, Літва),
літоўскі акцёр. Нар. арт. Літвы (1982). Скончыў Вільнюскі ун-т (1977), Вышэйшыя кінарэжысёрскія курсы ў Маскве (1979).
З 1979 у Каўнаскім драм. т-ры. Сярод роляў: Сольнес («Будаўнік Сольнес» Г.Ібсена), Шарунас («Шарунас» В.Крэве), Герэя («Калігула» А.Камю). З 1965 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць», «Шчыт і меч», «Чэрвень, пачатак лета», «Рудабельская рэспубліка», «Гэта салодкае слова — свабода», «Блакада», «Багач, бядняк», «Споведзь яго жонкі» і інш. Створаныя ім характары адметныя натуральнасцю, стрыманасцю, псіхал. глыбінёй.
т. 3, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМА́ЙЦІС
(Adomaitis) Рэгімантас (н. 31.1.1937, г. Шаўляй),
літоўскі акцёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў акцёрскае аддз. Кансерваторыі Літвы (1962). Працаваў у Капсукскім і Каўнаскім драм. т-рах, з 1967 у Т-ры драмы Літвы. Мастацтва Адамайціса вызначаецца псіхал. глыбінёй, тонкай іроніяй. За ролі Міндаўгаса, Мажвідаса («Міндаўгас», «Мажвідас» Ю.Марцінкявічуса), Йуна («Йун Габрыэль Боркман» Г.Ібсена) у т-ры Дзярж. прэмія Літвы 1982. У кіно выявіліся яго моцны тэмперамент, здольнасць ствараць складаныя і супярэчлівыя характары: «Ніхто не хацеў паміраць», «Кароль Лір», «Гэта салодкае слова — свабода», «Кентаўры», «Аварыя», «Багач, бядняк» (два апошнія фільмы — тэлевізійныя).
т. 1, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ЗСКІ Міхаіл Андрэевіч
(н. 21.11.1918, Кіеў),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Школу кінаакцёра пры кінастудыі «Масфільм» (1940). У 1940—46 у Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, з 1946 у Тэатры-студыі кінаакцёра. З 1939 здымаецца ў кіно. Вострахарактарны акцёр, майстар эпізода. Стварыў псіхалагічна глыбокія, унутранаканфліктныя характары ў фільмах: «У агні броду няма», «На вайне як на вайне», «Місія ў Кабуле», «Бег», «Прыйшоў салдат з фронту» (Дзярж. прэмія Расіі 1973), «Маналог», «Полымя» (Сярэбраны медаль імя А.Даўжэнкі, 1975), «Апошняя ахвяра», «Спыніўся поезд», «Без сонца», «Паміраць не страшна» і інш.
т. 5, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РТМАНЕ
(Artmane) Вія (сапр. Аліда Фрыцаўна; н. 21.8.1929, г. Тукулес, Латвія),
латышская актрыса. Нар. арт. СССР (1969). Скончыла студыю пры Латышскім маст. т-ры імя Я.Райніса (Рыга), працуе ў гэтым т-ры. З 1956 здымаецца ў кіно. Драматычная актрыса. Мастацтва Артмане адметнае лірызмам, шчырасцю, стрыманасцю, якія спалучаюцца з унутр. напоўненасцю і эмацыянальнасцю. Сярод тэатр. роляў: Афелія, Джульета («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Лаймдота («Агонь і ноч» Райніса). З лепшых работ у кіно: Соня («Родная кроў»), Она («Ніхто не хацеў паміраць»), Крысціна («Эдгар і Крысціна»), Джулія Ламбэрт («Тэатр» паводле С.Моэма, тэлевіз.). Пра Артмане зняты дакументальны фільм «Размовы з каралевай». Дзярж. прэмія Латвіі 1980.
т. 1, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІЁНІС,
Банёніс (Banionis) Данатас Юозавіч (н. 28.4.1924, г. Каўнас), літоўскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Літвы (1973), нар. арт. СССР (1974). Скончыў драм. студыю пры Панявежскім т-ры (1946), у якім працуе з 1940 (з 1980 гал. рэжысёр, з 1984 дырэктар і маст. кіраўнік). Драм. акцёр, стварыў па-філасофску абагульненыя, псіхалагічна дакладныя вобразы: Тэсман («Геда Габлер» Г.Ібсена), Ломен («Смерць коміваяжора» А.Мілера), Эдгар («Танец смерці» А.Стрындберга), Брукас («Піюс не быў разумны» Ю.Грушаса) і інш. Сярод пастановак: «Амадэус» П.Шэфера, «Вечар» А.Дударава. З 1959 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць» (Дзярж. прэмія СССР 1967), «Мёртвы сезон», «Гоя», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (Дзярж. прэмія СССР 1977, «Салярыс» і інш. Яго творчасці прысвечаны фільмы «Я — бедны кароль» і «Майстар з маленькага горада». Дзярж. прэмія Літвы 1969.
т. 2, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)