ПАМІДО́Р, тамат (Lycopersicon),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 3 віды (па інш. звестках 7). Радзіма — Паўд. Амерыка. Культывуюць усюды П. звычайны (L. esculentum) і каля 2000 яго сартоў і форм. Вядомы інкам як лек. і дэкар. расліна. З сярэдзіны 16 ст. — у Паўд. Еўропе, дзе яго пачалі ўжываць у ежу. На Беларусі вырошчваюць з 1830-х г.

Адна- і шматгадовыя (у тропіках) травяністыя і паўхмызняковыя расліны. Сцябло прамастойнае або палеглае, голае ці слабаапушанае. Лісце непарнаперыста-рассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, суквецце — завіток. Плод — сакавітая ягада масай 20—900 г і болей. Адрозніваюць 3 разнавіднасці П. звычайнага: буйналісты, звычайны і штамбавы. Расліны буйналістага П. сярэдняй выш., лісце буйное. Плады круглыя або пласкакруглыя, чырв. або ружовыя. Расліны звычайнага П. карлікавыя, сярэдня- або высакарослыя, слаба- ці моцна-аблісцелыя. Лісце сярэдняй велічыні або буйное. Плады шарападобныя, круглыя, плоскія або рабрыстыя, чырв., малінавыя, ружовыя, аранжавыя, жоўтыя. Расліны штамбавага П. карлікавыя ці сярэднярослыя, моцнааблісцелыя. Лісце сярэдняй велічыні, гафрыраванае. Плады шарападобныя, круглыя, плоскія, гладкія або рабрыстыя, ружовыя, чырв., жоўтыя. На Беларусі раянаваны сарты Перамога 165, Талаліхін 186, Белы наліў 241, Даходны, Ружа, Віліна, Калінка, Раніца, Нёман і інш.

Літ.:

Брежнев Д.Д. Томаты. 2 изд. Л., 1964;

Полянская А.М. Томаты. Мн., 1973;

Тараканов Г.И., Борисов Н.В., Климов В.В. Овощеводство защишенного грунта. М., 1982.

У.​П.​Пярэднеў.

Сарты памідораў: 1 — Талаліхін 186; 2 — Белы наліў 241; 3 — Юрмалас; 4 — Перамога 165.

т. 12, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛЁНАВЫЯ (Solanaceae),

сямейства двухдольных раслін. Каля 90 родаў, 2500 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных абласцях пераважна Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. На Беларусі найб. вядомыя П.: харч.баклажан, бульба, памідор, перац струкавы; дэкар.петунія, фізаліс; тэхн.махорка, тытунь.

Травы, кусты або паўкусты, часам з лазячымі ці павойнымі сцёбламі, радзей невял. дрэвы (у тропіках). Лісце чаргаванае, простае, цэласнае або перыстаскладанае. Кветкі двухполыя, адзіночныя ці сабраныя ў завіткі. Плод — ягада або каробачка, радзей касцянка. Многія П. маюць алкалоіды і інш. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Харч., лек., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 2. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5, ч. 2. М., 1981.

т. 12, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)