КА́ДАША ((Kadosa) Пал) (6.9.1903, г. Левіцэ, Славакія — 1983),

венгерскі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Венгрыі (1963). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1967), чл.кар. Акадэміі мастацтваў ГДР (1970). Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце па класах кампазіцыі (клас З.Кодая) і фп. (1927), выкладаў у ёй (праф. з 1945). З 1923 выступаў як піяніст. Арганізатар 1-га Міжнар. конкурсу імя Б.​Бартака і Фестывалю музыкі ў Будапешце. У творчасці развіваў традыцыі Бартака. Сярод тв.: опера-араторыя «Дзяржаве ўласціва памыляцца» (паст. 1947), «Прыгода ў Хусце» (1951), 5 кантат; 8 сімфоній (1942—68); 7 канцэртаў для інструментаў з аркестрам, камерна-інстр. ансамблі, вак. цыклы, фп. п’есы і інш. Прэміі імя Л.​Кошута 1950, 1975 і Ф.​Эркеля 1955, 1962.

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДАРАЎ (Аляксей Ануфрыевіч) (н. 6.6.1950, в. Кляны Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, драматург. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працаваў акцёрам, заг. літ. часткі Бел. рэсп. тэатра юнага гледача (1976—79). З 1991 гал. рэдактар час. «Мастацтва». Друкуецца з 1973. Выдаў зб. апавяданняў «Святая птушка» (1979, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982). Па сцэнарыях Д. пастаўлены кароткаметражныя і маст. фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.). Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984, Дзярж. прэмія СССР 1985) прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэн. варыяцыя па матывах паэмы М.​Гусоўскага. Гіст. асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя. Пераклаў на бел. мову хроніку У.​Шэкспіра «Рычард III». З 1992 старшыня Саюза тэатр. дзеячаў Беларусі.

Тв.:

Дыялог: П’есы. Мн., 1987.

Літ.:

Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984. С. 59—64;

Сямёнава А. Слова сапраўднага лад. Мн., 1986. С. 116—131;

Ганчароў А. Культ сонца // Беларусь. 1986. № 8.

В.​С.​Вайткевіч.

А.А.Дудараў.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)