ПАРАЛАГІ́ЗМ (ад грэч. paralogismos памылковы вывад),

ненаўмысная лагічная памылка, звязаная з парушэннем законаў і правіл логікі. Пазбаўляе разважанне доказнай сілы і звычайна прыводзіць да памылковых заключэнняў. Адрозніваюць ад сафізму — памылкі, якая робіцца наўмысна, з мэтаю ўвесці ў зман апанента, абгрунтаваць няправільнае сцвярджэнне і інш. (гл. Сафістыка).

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЮ́ЗІІ (ад лац. illusio падман, памылковы погляд),

скажонае ўспрыманне рэчаіснасці, падман успрымання. 1) І. ўспрымання абумоўлены псіхал. фактарамі, оптыкай вока, дзеяннем асаблівых умоў назірання і інш.; уласцівыя ўсім людзям. Найб. шматлікія зрокавыя І. (падманы зроку), якія ўзнікаюць пры адлюстраванні некат. прасторавых уласцівасцей прадметаў (даўжыні адрэзкаў, велічыні прадметаў і вуглоў, адлегласцей паміж прадметамі, формы) і руху. Зрокавыя І. шырока выкарыстоўваюцца ў жывапісе і архітэктуры.

2) І., абумоўленыя асаблівым станам псіхікі (напр., страхам, стомленасцю, трывожна-прыгнечаным настроем); часцей сустракаюцца ў людзей з вострымі і хранічнымі псіхічнымі расстройствамі; наяўнасць аб’екта, які ўспрымаецца памылкова, адрознівае І. ад галюцынацый.

3) Надзеі на што-небудзь, пазбаўленыя рэальных падстаў; мары.

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБСТ ((Pabst) Георг Вільгельм) (27.8.1885, г. Роўдніцы, Чэхія — 30.5.1967),

нямецкі і аўстрыйскі кінарэжысёр. З 1905 акцёр і рэжысёр у т-рах Цюрыха, Зальцбурга, Берліна, Нью-Йорка, Вены. З 1921 у кіно, з 1923 кінарэжысёр. З 1933 працаваў у Францыі і ЗША, з 1939 у Аўстрыі. У фільмах спалучыў традыцыі экспрэсіянізму, камершпіле (разнавіднасць драмы з павышаным псіхалагізмам, імкненнем агаліць унутр. сутнасць звычайна нешматлікіх персанажаў, сац. песімізмам), тэорыю псіхааналізу З.​Фрэйда з рэаліст. падыходам да адлюстравання рэчаіснасці; «Скарб» (1923), «Графіня Донелі» (1924), «Бязрадасны завулак» (1925, у сав. пракаце «Бязрадасная вуліца»), «Тайнікі душы» (1926), «Каханне Жанны Ней» (паводле І.​Эрэнбурга, 1927), «Памылковы шлях» («Пажадлівасць», 1928), «Скрынка Пандоры» (паводле Ф.​Ведэкінда, у сав. пракаце «Лулу»), «Дзённік паўшай» (абодва 1929), «Заходні фронт, 1918» (1930, першы гукавы фільм), «Трохграшовая опера» (паводле Б.​Брэхта і К.​Вейля, 1931), «Дон Кіхот» (паводле М.​Сервантэса, 1933), «Зверху ўніз», «Сучасны герой» (паводле Л.​Бромфілда, абодва 1934), «Мадэмуазель доктар» (1937), «Шанхайская драма» (1938), «Працэс» (паводле Ф.​Кафкі, 1947, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Апошні акт» (паводле Э.​М.​Рэмарка, 1955) і інш.

Літ.:

Кракауэр З. Психологическая история немецкого кино: От Калигари до Гитлера: Пер. с англ. М., 1977.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́РЫНГ ((Dühring) Яўген) (12.1.1833, Берлін — 21.9.1921),

нямецкі філосаф, эканаміст, прававед. Прыват-дацэнт Берлінскага ун-та (1863—77). Імкнуўся стварыць філас. сістэму абсалютных ведаў, якая грунтавалася на апрыёрных, аксіялагічных прынцыпах; яе тэарэт. аснова — кантыянства, пазітывізм, вульгарны матэрыялізм. Сусвет разглядаў як бясконцы, але які мае пачатак у часе, адмаўляўся пры гэтым ад прызнання боскага першаштуршка і дапускаў спрадвечнае адзінства матэрыі і мех. сілы. Законы дыялектыкі, паводле Дз., — лагічныя канструкцыі, што звонку накладваюцца на з’явы. У тэорыі пазнання проціпастаўляў ісціну і памылковы погляд, адхіляў дыялектыку адноснай і абс. ісціны. У сацыялогіі прытрымліваўся канцэпцыі «рабінзанады» — прызнаваў існаванне ізаляваных індывідаў, а ў аснову фарміравання адносін паміж імі паклаў «тэорыю насілля». Насілле лічыў прычынай сац. няроўнасці і галечы, быў праціўнікам рэв. пераваротаў у грамадстве, спрабаваў тэарэтычна абгрунтаваць ідэю паступовых сац. пераўтварэнняў на карысць чалавека. Аўтар прац «Крытычная гісторыя ўсеагульных прынцыпаў механікі» (1873), «Курс філасофіі» (1875), «Курс нацыянальнай і сацыяльнай эканомікі» (1876), «Логіка і тэорыя пазнання» (1878) і інш. Ідэі Дз. супрацьстаялі вучэнню К.​Маркса; крытычную ацэнку ім даў Ф.​Энгельс у працы «Анты-Дзюрынг» (1877—78).

Тв.:

Рус. пер. — Курс национальной и социальной экономики... СПб., 1893;

Ценность жизни... СПб., 1894;

Великие люди в литературе: Критика современной лит. с новой точки зрения. СПб., 1897;

Социальное спасение — в действительном праве. СПб., 1909.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)