АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,

паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСУ́ТНАСЦЬ БЕЗ ВЕ́СТАК,

у цывільным праве ўстаноўлены судом факт працяглай (не менш за адзін год) адсутнасці асобы і звестак пра яе ў месцы яе пастаяннага жыхарства. Прызнанне факта адсутнасці без вестак праводзіцца па заяве зацікаўленай фіз. або юрыд. асобы і цягне за сабой пэўныя юрыд. вынікі: над маёмасцю адсутнага ўстанаўліваецца апека, з яго маёмасці выдаецца забеспячэнне асобам, якіх ён паводле закону абавязаны ўтрымліваць, пагашаюцца даўгі па яго абавязацельствах. У выпадку яўкі ці выяўлення месца знаходжання адсутнага суд адмяняе сваё рашэнне аб прызнанні факта адсутнасці без вестак. Гл. таксама Абвяшчэнне памерлым.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РМАН (Bormann) Марцін

(17.6.1900, г. Гальберштат, Германія — 2.5.1945, паводле афіц. версіі),

палітычны дзеяч фаш. Германіі. У 1922—23 у добраахвотніцкім корпусе «Росбах». У сак. 1924 за ўдзел у забойстве ўдзельніка аднаго з мілітарысцкіх «саюзаў» асуджаны на 1 год зняволення. Чл. нацысцкай партыі (НСДАП) з 1927. Нач. штаба Р.Геса, рэйхсляйтэр НСДАП і дэпутат рэйхстага (з 1933). Найбліжэйшы саветнік рэйхсканцлера Германіі А.Гітлера і кіраўнік яго парт. канцылярыі з 1941. У маі 1945 знік. На Нюрнбергскім працэсе завочна прыгавораны да пакарання смерцю як адзін з гал. ваен. злачынцаў. У 1973 прызнаны судом ФРГ памерлым. Дакладных звестак пра лёс Бормана няма.

Літ.:

Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992. С. 279—331.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)