УСХО́ДНЕ-ПАМЕРА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск 2-га (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і 1-га (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў) Бел. франтоў пры садзейнічанні Балт. флоту (адм. У.П.Трыбуц) 10 лют. — 4 крас. ў Вял. Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць усх. памеранскую групоўку ворага, авалодаць раёнам Данцыг (Гданьск), Гдыня і заняць узбярэжжа Балтыйскага м. ад Віслы да Одэра. У выніку завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 сав. войскі ў канцы студз. выйшлі на р. Одэр. Войскі 1-га Бел. фронту фарсіравалі раку ў раёне г. Кюстрын і знаходзіліся за 60 км ад Берліна. Герм. камандаванне ч. сіл гр. армій «Вісла» (каманд. Г.Гімлер) рыхтавалася панесці ўдар па правым крыле 1-га Бел. фронту, каб сарваць падрыхтоўку наступлення на Берлін. Войскі 2-га Бел. фронту пасля 1-га этапу Усходне-Прускай аперацыі 1945 10 лют. перайшлі ў наступленне. Аднак у ходзе 10-дзённых баёў сав. войскі прасунуліся толькі на 40—60 км і прыпынілі наступленне. Сав. камандаванне вырашыла прыцягнуць да У.-П.а. войскі правага крыла 1-га Бел. фронту і 1-й арміі Войска Польскага. 24 лют. войскі 2-га Бел. фронту, падмацаваныя 19-й арміяй і танк. корпусам з рэзерву Стаўкі, нанеслі ўдар на г. Кёслін, а 1 сак. перайшоў у наступленне 1-ы Бел. фронт у напрамку на г. Кольберг (Калобжаг). Да 5 сак. сав. войскі выйшлі на ўзбярэжжа Балтыйскага м. на ўчастку ад Данцыгскай да Шчэцінскай бухты. Ліквідацыя ўсх.-памеранскай групоўкі забяспечыла ў далейшым паспяховае правядзенне Берлінскай аперацыі 1945 і ліквідацыю войск ворага, акружаных у Прыбалтыцы і Усх. Прусіі.
Літ.:
Завьялов А.С., Калядин Т.Е. Восточно-Померанская наступательная операция советских войск. М., 1960.
Ю.В.Бажэнаў, В.А.Юшкевіч.
т. 16, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)