Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕ́Ф (Еўна Фішалевіч) (1869, г. Гродна—1918),
адзін з арганізатараў і лідэраў партыі эсэраў, сакрэтны супрацоўнік (з 1892) дэпартамента паліцыі. У 1903 фактычна ўзначаліў «баявую арг-цыю» партыі эсэраў, кіраваў падрыхтоўкай тэрарыст. актаў. Выдаў паліцыі з’езд прадстаўнікоў партыі ў Харкаве (1901), амаль увесь склад «баявой арг-цыі» (1905). Па даносе Азеф пакараны смерцю 7 яе членаў. У 1908 Азеф выкрыты і прыгавораны ЦК партыі да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Памёр у Берліне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ШЧЫЦКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл урадавымі войскамі сялян в. Кішчыцы Чавускага пав. (цяпер Шклоўскі р-н Магілёўскай вобл.). 17.6.1905 каморнікі пад аховай войск і паліцыі пачалі праводзіць мяжу паміж Горацкім і Чавускім пав., якая адначасова павінна была стаць мяжой паміж памешчыцкімі і сял. землямі. Сяляне вёскі не дазволілі праводзіць межавыя работы на карысць памешчыка. Спробы коннай паліцыі разагнаць натоўп не далі вынікаў. Войскі ўжылі зброю, забілі 8 сялян, цяжка паранілі 15. На месцы К.р. ў 1955 пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАЛО́ТНАЯ ЛІХАМА́НКА»
(«Sumpffieber»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызанаў і мясц. насельніцтва ў Вял.Айч. вайну на тэр. Віцебскай, Брэсцкай і Мінскай абл. Праводзілася 25.8—20.9.1942 па загадзе рэйхсфюрэра СС Гімлера сіламі нач. СС і паліцыі «Остланд», нач.паліцыі парадку, паліцыі бяспекі і СД, 1-й матарызаванай брыгадай СС, 23-м паліцэйскім палком, 8 асобнымі ахоўнымі батальёнамі і інш. Складалася з 7 паслядоўных аперацый: «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд I» у Лепельскім і Бягомльскім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Бінц» у Плешчаніцкім і Вілейскім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Баркхольт» на ПнЗ ад Лагойска, «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд II» у Лагойскім і Смалявіцкім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд III» у Уздзенскім раёне, «Балотная ліхаманка — Захад» у Стаўбцоўскім раёне, «Балотная ліхаманка — Паўднёвы Захад» у Баранавіцкім, Ганцавіцкім і Івацэвіцкім р-нах. У ходзе аперацыі гітлераўцы загубілі больш за 10 тыс.чал., больш за 1200 вывезлі на катаржныя работы ў Германію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ НАРО́ДНІЦКІ ГУРТО́К.
Дзейнічаў у 1879—80 у мяст. Горкі (цяпер горад у Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўваў вучняў земляробчага, землямерна-таксатарскага і рамеснага вучылішчаў. Створаны вясной 1879 па ініцыятыве выпускніка Магілёўскай гімназіі Э.Ф.Акушкі; кіраўнік — вучань рамеснага вучылішча М.Л.Выржыкоўскі. Гурток меў нелегальную б-ку, падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі-народнікамі Магілёва, Віцебска, Гродна, Пскова, Кіева, Пецярбурга і інш. З лета 1879 гурткоўцы вялі прапагандысцкую работу, але з-за недахопу канспіратарскага вопыту арыштаваны. Паліцыі не ўдалося высветліць маштабы дзейнасці гуртка і справа была спынена. Над Выржыкоўскім і Акушкам быў устаноўлены тайны нагляд паліцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНІЛО́ВІЧ (Восіп Мікалаевіч) (1860, Віцебск — 24.5.1890),
рэвалюцыянер-народнік. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. У час вучобы ў Віцебскай гімназіі быў чл. Віцебскага рэв. гуртка. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (з 1882) адзін са стваральнікаў Варшаўскага нарадавольскага гуртка беларускіх студэнтаў, які цесна супрацоўнічаў з польскай рабочай партыяй «Пралетарыят». Кватэра Вайніловіча выкарыстоўвалася для канспіратыўных сувязей з «Пралетарыятам», сюды паступалі пісьмы, нелегальнае друкарскае абсталяванне. За ўдзел у выступленнях варшаўскіх студэнтаў (крас. 1883) выключаны з ун-та. Жыў у Віцебску пад тайным наглядам паліцыі, 8.3.1884 арыштаваны. Пасля выхаду з турмы (снеж. 1884) быў пад наглядам паліцыі; даваў прыватныя ўрокі, займаўся літ. творчасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЮ́РНБЕРГ»
(«Nürnberg»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан у Браслаўскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл. 22—28.11.1942 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі: закончыць агульны план (уключаў таксама карныя аперацыі «Трохвугольнік», «Карлсбад», «Клетка малпы» і інш.) ліквідацыі партыз. руху на тэр.т.зв.генеральнай акругі Беларусь. Праводзілася сіламі матарызаванай брыгады СС, 14-га, 16-га паліцэйскіх і падраздзяленнямі 75-га стралк. палкоў, матарызаваных узводаў жандармерыі пад кіраўніцтвам нач.паліцыі бяспекі і СД «Остланд» обергрупенфюрэраў СС Екельна і ген.паліцыі Бах-Зелеўскага. За час аперацыі карнікі не змаглі акружыць і знішчыць партызан, але загубілі каля 3 тыс.мясц. жыхароў (без спаленых у хатах), спалілі з жыхарамі 12 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Бялкова, Ігнацэва, Падрэзаўшчына, Станіславова, Строна, Сялібка Шаркаўшчынскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙДРЫХ, Гейдрых (Heydrich) Рэйнгард (7.3.1904, г. Гале, Германія — 4.6.1942), адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Обергрупенфюрэр СС і генерал паліцыі (1941). У 1922—31 афіцэр флоту. З 1931 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі. Арганізатар (1931) і кіраўнік (з 1932) СД — службы бяспекі СС. Пасля 1933 адзін з гал. арганізатараў (разам з Г.Гімлерам і інш.) сістэмы нацысцкага тэрору: нач. упраўлення гестапа Прусіі (з 1934), «шэф паліцыі бяспекі і СД» (з 1936), кіраўнік Гал. імперскага ўпраўлення бяспекі (РСХА; з 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў на акупіраванай тэр.СССР (1941); з вер. 1941 таксама нам. імперскага пратэктара Багеміі (Чэхіі) і Маравіі, дзе развязаў тэрор супраць мясц. насельніцтва. Забіты ў Празе чэш. байцамі руху Супраціўлення, пасля чаго гестапаўцы ўчынілі акцыю ў Лідзіцэ.
Літ.:
Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991. С. 103, 108—118.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЦЭ́Р (ням. Offizier),
асоба каманднага і начальніцкага складу ва ўзбр. сілах, міліцыі, паліцыі. Першапачаткова афіцэрамі называліся асобы, якія займалі некаторыя дзярж. пасады. З узнікненнем пастаянных наёмных армій і ВМФ (16 ст.) у Францыі, а потым і ў інш.еўрап. краінах (у т. л. ў ВКЛ) афіцэрамі пачалі называць вайсковых камандзіраў. Афіцэры маюць прысвоеныя ім званні воінскія ці спецыяльныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТБЕРГ ((Gottberg) Курт фон) (1896 — май 1945),
адзін з вышэйшых кіраўнікоў ням.акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—24 служыў у добраахвотніцкім корпусе «Брыгада Эрхарда». У 1932 уступіў у Нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі (НСДАП) і СС. З 1937 у Гал. ведамстве па расавай палітыцы і пасяленнях, з 1939 оберфюрэр СС і гал. камісар ведамства зямлі ў Празе. У 1940—42 нач. рэгістрацыйнага ведамства ў гал. упраўленні СС, брыгадэнфюрэр СС і ген.-маёр паліцыі. З восені 1942 камандзір «баявой групы Готберг», потым кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі. Пасля знішчэння бел. партызанамі гаўляйтара В.Кубэ з вер. 1943 да 3.7.1944 в.а. ген. камісара Беларусі. Адначасова з 1943 прадстаўнік рэйхсфюрэра СС у Цэнтр. Расіі. З чэрв. 1944 обергрупэнфюрэр СС. У канцы 2-й сусв. вайны кіраваў барацьбой з франц. рухам Супраціўлення. Пасля арышту Готберга саюзнікамі скончыў самагубствам у Фленсбургу.