ВАЙНІЛО́ВІЧ Восіп Мікалаевіч

(1860, Віцебск — 24.5.1890),

рэвалюцыянер-народнік. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. У час вучобы ў Віцебскай гімназіі быў чл. Віцебскага рэв. гуртка. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (з 1882) адзін са стваральнікаў Варшаўскага нарадавольскага гуртка беларускіх студэнтаў, які цесна супрацоўнічаў з польскай рабочай партыяй «Пралетарыят». Кватэра Вайніловіча выкарыстоўвалася для канспіратыўных сувязей з «Пралетарыятам», сюды паступалі пісьмы, нелегальнае друкарскае абсталяванне. За ўдзел у выступленнях варшаўскіх студэнтаў (крас. 1883) выключаны з ун-та. Жыў у Віцебску пад тайным наглядам паліцыі, 8.3.1884 арыштаваны. Пасля выхаду з турмы (снеж. 1884) быў пад наглядам паліцыі; даваў прыватныя ўрокі, займаўся літ. творчасцю.

В.М.Чарапіца.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)