Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ПЫ,
прымацаваныя формы кішачнаполасцевых: гідроідных, сцыфоідных і каралавых паліпаў, каралаў. Жывуць пераважна ў акіяне.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў (зрэдку да некалькіх метраў). Цела цыліндрычнае, на верхнім канцы ротавая адтуліна з шчупальцамі, на ніжнім — падэшва для прымацавання да субстрату або цела калоніі. Многія П. маюць цвёрды вонкавы або ўнутр. шкілет, арган. або вапнавы. Пераважна каланіяльныя формы, ёсць адзіночныя (актыніі, гідры), здольныя да павольнага перамяшчэння. Кормяцца пераважна жывёльным кормам, з дапамогай шчупальцаў. Размнажаюцца палавым (на многіх П. узнікаюць палавыя асобіны — медузы) і бясполым (пачкаванне) спосабамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Каралавыя паліпы, гл. Каралы
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛАВЫЯ ПАЛІ́ПЫ (Anthozoa),
клас беспазваночных марскіх жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Пашыраны ва ўсіх морах з дастаткова высокай салёнасцю. Пераважна каланіяльныя арганізмы. Вядомы з кембрыю. На Беларусі выяўлены з ардовіку 4 групы выкапнёвых К.п.: абуляты, 4- і 8-прамянёвыя каралы, геліялітыды. Сучасных К.п. 2 падкл., 8 атр., каля 6 тыс. відаў.
Даўж. асобін ад некалькіх міліметраў да 1 м. Цела звычайна цыліндрычнае, пабудавана паводле радыяльнага тыпу сіметрыі. Многія К.п. маюць вапнавы або рагавы шкілет. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Са шкілетаў К.п. складаюцца каралавыя рыфы і арганагенныя пабудовы, вырабляюць упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШАЧНАПО́ЛАСЦЕВЫЯ (Coelenterata),
жыгучыя, кнідарыі, тып беспазваночных жывёл, гл. ў арт.Актыніі, Высакародны карал, Гідроідныя, Гідры, Канулярыі, Каралавыя паліпы, Каралы, Медузы, Паліпы, Сіфанафоры, Сцыфоідныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГУ́ЧЫЯ, кнідарыі (Cnidaria),
тып кішачнаполасцевых. 4 кл.: гідроідныя, сцыфоідныя, каралавыя паліпы і выкапнёвыя кануляты (Conulata). Каля 9 тыс. сучасных і 20 тыс. вымерлых відаў.
Пашыраны ва ўсіх морах. Ёсць прэснаводныя віды (гідры), у т. л. на Беларусі.
Адзінкавыя або каланіяльныя арганізмы. 2 жыццёвыя формы: прымацоўваюцца да субстрату (паліпы) або плаваюць (медузы). Цела з 2 слаёў — эктадэрмы і энтадэрмы. Паміж імі студзяністападобная мезаглея. У эктадэрме ёсць жыгучыя клеткі. Большасць раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРО́ІДНЫЯ (Hydrozoa),
клас беспазваночных тыпу жыгучых. 2 падкласы, каля 2800 відаў. Пераважна марскія жывёлы, існуюць таксама прэснаводныя формы (каля 20 відаў). На Беларусі з гідроідных трапляюцца гідры. Выкапнёвыя існавалі ў ардовіку — дэвоне.
Цела цыліндрычнае, з 2 слаёў клетак. У большасці гідроідных чаргуюцца бясполае пакаленне (сядзячы паліп) і палавое (плаваючая медуза). У некат. гіброідных паліпы пры пачкаванні ўтвараюць вял. калоніі. Палавыя пакаленні (медузы) раздзельнаполыя, свабодна плаваюць у вадзе. Драпежнікі, жывяцца дробнымі жывёламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЗНАВАТАБРУ́ХІЯ (Solengastres),
бяспанцырныя, жалабабрухія, клас малюскаў. Каля 120 найб. прымітыўных відаў, пашыраных амаль ва ўсіх морах ад Арктыкі да Антарктыкі. Жывуць на розных глыбінях (да 9000 м). Найб. вядомыя Nematomenia flavens і Echinomenia corallophila.
Цела чэрвепадобнае, даўж. ад 1 мм да 30 см, звонку ўкрытае вапняковымі шыпамі рознай будовы. Ракавіна адсутнічае. У большасці на брушным баку знаходзіцца баразна (адсюль назва) з вузкім кілем (рудымент нагі). Гермафрадыты. Кормяцца дэтрытам, водарасцямі, дробнымі жывёламі. Частка з іх жыве сярод каралаў і аб’ядае іх паліпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́НІІ, марскія анемоны (Actiniaria),
атрад марскіх кішачнаполасцевых жывёл. Існуюць як адзіночныя, радзей каланіяльныя бесшкілетныя паліпы. Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах. Трапляюцца ў Чорным, Баранцавым і далёкаўсходніх морах.
Цыліндрычнай формы, у папярочніку ад некалькіх міліметраў да 1,5 м, з венчыкам шчупальцаў вакол рота, звычайна ярка афарбаваныя. Сядзячыя або павольна перамяшчаюцца, закопваюцца ў грунт, зрэдку плаваюць. Кормяцца дробнымі воднымі жывёламі, у т. л. рыбамі. Размнажэнне палавое і вегетац. дзяленнем. Для многіх характэрны сімбіёз з ракамі-пустэльнікамі і інш. беспазваночнымі. Дотык шчупальцаў да чалавека можа выклікаць апёк скуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАРО́ДНЫ КАРА́Л, чырвоны карал (Corallium rubrum),
кішачнаполасцевая жывёла атр. гарганарыяў, або рагавых каралаў, кл. каралавых паліпаў. Жыве на глыбіні 10—300 м у Міжземным м. і Атлантычным ак. каля Канарскіх а-воў.
Дрэвападобныя калоніі, да 40 см вышынёй, прырастаюць да скалістага грунту. Звонку ўкрыты мяккай карой розных адценняў чырвонага колеру — ад слаба-ружовага да цёмна-чырв., амаль чорнага. Восевы шкілет утвараецца ў выніку зліцця вапняковых спікул. На фоне галін калоніі вылучаюцца снежна-белыя паліпы, венчык з 8 перыстых шчупальцаў, пры дапамозе якіх высакародны карал корміцца рачкамі і іх лічынкамі. Пераважна раздзельнаполыя, бываюць гермафрадыты. Аб’ект промыслу, са шкілета вырабляюць упрыгожанні.