Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́, непалярызаванае святло,
аптычнае выпрамяненне з хуткімі і хаатычнымі зменамі напрамку вектара напружанасці эл.-магн. поля. Мае восевую сіметрыю адносна напрамку распаўсюджвання. Прамое сонечнае святло блізкае да Н.с.
Святло, выпрамененае асобным цэнтрам выпрамянення (напр., атамам, малекулай), лінейна палярызаванае і захоўвае такі стан на працягу 10−8с (ці менш, што вынікае з назіранняў інтэрферэнцыі пры вял. рознасці ходу). У наступным акце выпрамянення святло можа мець іншы напрамак палярызацыі Многія натуральныя крыніцы святла (напр., напаленыя целы, святлівыя газы) выпрамяняюць часткова палярызаванае святло, што тлумачыцца праходжаннем святла з глыбінных слаёў і ад крыніцы да назіральніка праз асяроддзе (палярызацыя пры адбіцці і рассейванні святла, дыхраізм асяроддзя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ СВЯТЛА́,
змяншэнне ступені палярызацыі святла. Назіраецца ў многіх аптычных з’явах, напр., пры рассейванні святла ў мутным асяроддзі або на матавай паверхні. Пры штучнай Д.с. палярызаванае святло змяняе стан палярызацыі ў часе, па папярочным сячэнні пучка або па спектры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ СВЯТЛА́,
фізічная характарыстыка аптычнага выпрамянення, якая апісвае папярочную анізатрапію светлавых хваль, працэс пераўтварэння натуральнага святла ў палярызаванае (святло, у якога кірункі эл. і магн. палёў нязменныя ці змяняюцца паводле пэўнага закону). Папярочную анізатрапію светлавога праменя назіраў К.Гюйгенс у доследах з ісландскім шпатам (1690). Паняцце «П.с.» ўвёў І.Ньютан (1704—06); тлумачэнне П.с. з пазіцый эл.-магн. тэорыі святла даў Дж.К.Максвел (1865—73).
Вынікае з папярочнасці эл.магн. хваль, залежыць ад крыніц выпрамянення і ўмоў распаўсюджвання святла (адбываецца пры адбіцці, пераламленні, рассейванні, праходжанні праз анізатропныя асяроддзі). Бывае поўная (эліптычная ці яе прыватныя выпадкі — кругавая і лінейная) і частковая. У лінейна, ці плоскапалярызаванага святла ваганні вектараў эл.-магн. поля адбываюцца ў адной плоскасці (вектара эл. поля ў плоскасці ваганняў, магн. поля ў плоскасці палярызацыі). Плоскасць ваганняў, плоскасць палярызацыі і напрамак распаўсюджвання эл.магн. хвалі ўзаемна перпендыкулярныя. У эліптычна- ці цыркулярна палярызаванага святла канцы вектараў эл.магн. хвалі апісваюць у прасторы эліптычныя ці кругавыя спіралі. Часткова палярызаванае святло мае пэўную плоскасць, дзе амплітуда ваганняў вектараў большая (меншая), чым у астатніх. Палярызаванае святло атрымліваюць ад лазераў або вылучаюць з натуральнага святла з дапамогай палярызацыйных прылад. Выкарыстоўваюць пры вывучэнні анізатрапіі (гл.Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў), аптычнай актыўнасці, вызначэнні аптычных канстант рэчыва, размеркаванні напружанняў у целах (гл.Фотапругкасць), выяўленні будовы крышталёў, вывучэнні біял. аб’ектаў і інш.
Літ.:
Шерклифф У. Поляризованный свет: Пер. с англ.М., 1965;
Жевандров Н.Д. Поляризация света. М., 1969;
Аззам Р.М.А., Башара Н.М. Эллипсометрия и поляризованный свет: Пер. с англ.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛІ́ТЫў петралогіі,
найдрабнейшыя прымітыўныя формы (эмбрыёны) рэчыва, якое крышталізуецца. Цяжка вызначаюцца (пад мікраскопам не аказваюць прыкметнага ўздзеяння на палярызаванае святло). Часцей сустракаюцца ў вулканічным шкле. Паводле формы К. адрозніваюць: глабуліты (дробныя сферычныя кроплі або шарыкі), маргарыты (падобныя на выцягнутую нізку пацерак), лангуліты (цыліндрычныя брусочкі з закругленымі канцамі), трыхіты (воласападобныя К., якія часта выходзяць з агульнага цэнтра), скапуліты (тонкія сцяблінкі з галінкамі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕКТРАПАЛЯРЫМЕ́ТРЫЯ (ад спектр + палярыметрыя),
метад вымярэння дысперсіі вярчэння плоскасці палярызацыі і кругавога дыхраізму святла (залежнасці каэфіцыента паглынання ад віду кругавой палярызацыі) пры яго праходжанні праз аптычна актыўнае рэчыва (гл.Аптычная актыўнасць). Для вымярэнняў выкарыстоўваюцца спектрапалярыметры і дыхрографы, якія маюць аўтам. фотаэл. рэгістравальныя прылады і адрозніваюцца ад палярыметраў тым, што крыніца святла ў іх спалучана з монахраматарам. Дыхрографы таксама маюць прылады для вымярэння дыхраічнага паглынання ці прылады для пераўтварэння плоска палярызаванага святла ў эліптычна палярызаванае (гл.Палярызацыя святла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РА ЭФЕ́КТ (ад прозвішча шатл. фізіка Дж.Кера; 1824—1907). 1) Электрааптычны К.э. — узнікненне падвойнага праменепраламлення ў аптычна ізатропных рэчывах (газах, вадкасцях, крышталях з цэнтрам сіметрыі, шкле) пад уздзеяннем знешняга эл. поля. Абумоўлены арыентацыяй дыпольных момантаў малекул рэчыва ўздоўж эл. поля. У выніку аптычна ізатропнае рэчыва (асяроддзе) у эл. полі становіцца анізатропным, набывае ўласцівасці аднавосевага крышталя (гл.Крышталяоптыка). Эфект выкарыстоўваецца для высокачастотнай мадуляцыі святла і ў хуткадзейных фатаграфічных затворах. Адкрыты Керам у 1875.
2) Магніта-аптычны К.э. — змена інтэнсіўнасці і палярызацыі святла пры яго адбіцці ад намагнічанага асяроддзя (у асноўным магн. ферамагнетыкаў). Па фіз. прыродзе падобны да Фарадэя эфекту. У выніку магнітааптычнага К.э. лінейна палярызаванае святло робіцца эліптычна палярызаваным. Выкарыстоўваецца пры даследаванні магн. матэрыялаў. Адкрыты Керам у 1876.
3) Аптычны К.э. — узнікненне пастаяннай складальнай падвойнага праменепраламлення ў ізатропным асяроддзі пад дзеяннем магутнага (звычайна лазернага) выпрамянення. Выклікае самафакусіроўку святла (гл.Нелінейная оптыка). Адкрыты пасля паяўлення лазераў.
Схема назірання электрааптычнага Кера эфекту: П — палярызатар святла; ЯК — ячэйка Кера; А — аналізатар святла; ФП — фотапрыёмнік; У — узор.