ПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад грэч. polos, лац. polus полюс) у біялогіі, спецыфічная арыентацыя працэсаў і структур у прасторы, уласцівая арганізмам. Прыводзіць да ўзнікнення морфафізіял. адрозненняў на процілеглых канцах (баках) клетак, тканак, органаў і арганізма ў цэлым.
У раслін П. праяўляецца найб. выразна (у насенных раслін выяўляецца ўжо ў зігоце і зародку, калі фарміруюцца парастак з верхавінкавай пупышкай і корань). Палярызацыя і дыферэнцыроўка кожнай клеткі залежаць ад таго, якое становішча яна займае ў адносінах да інш. клетак. Вядучую ролю ў гэтым і ў арыентаванні органаў у прасторы адыгрываюць фітагармоны. У жывёл П. выяўляецца ў клетках і ў цэлым арганізме. У некат. (гідроідныя паліпы, чэрві) адзначаецца наяўнасць фізіял. П. (градыента) — змены па падоўжнай восі цела фізіял. актыўнасці і адчувальнасці да ўздзеянняў. П. характэрна для працэсаў размнажэння, рэгенерацыі і інш. Змены ў знешнім асяроддзі могуць парушаць П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКРЫМІНА́ТАР (ад лац. discrimino раздзяляю),
электроннае прыстасаванне для пераўтварэння змяненняў параметраў (частаты, фазы, амплітуды, працягласці) эл. сігналаў у сігнал разузгаднення. Адрозніваюць Д. фазавыя, частотныя, часавыя і амплітудныя. Лікавае значэнне і палярнасць напружання разузгаднення вызначаюцца па адхіленні параметра ўваходнага сігналу ад такога ж параметра эталоннага сігналу. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аўтам. рэгулявання сродкаў аўтаматыкі і тэлемеханікі, у частотных і фазавых дэтэктарах радыё- і тэлепрыёмнікаў, прыладах ядз. фізікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНЫЯ МАЛЕ́КУЛЫ,
малекулы хім. злучэнняў, якія пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць пастаянны дыпольны момант.
У шмататамных малекулах эл. дыпольны момант вызначаецца колькасцю палярных сувязей (разнавіднасць кавалентнай сувязі) і іх накіраванасцю; роўны вектарнай суме дыпольных момантаў асобных сувязей, а таксама незвязваючых электронных пар у малекуле. Малекулы з палярнымі сувязямі паміж атамамі ў залежнасці ад іх прасторавай будовы могуць быць непалярнымі (напр., малекула СО2, у ёй вектары палярных сувязей накіраваны ад атама вугляроду ў процілеглыя бакі пад вуглом 180° да атамаў кіслароду). Рэчывы, утвораныя моцна П.м., звычайна добра раствараюцца ў палярных растваральніках. Эксперыментальна дыпольны момант П.м. вызначаюць пры вывучэнні залежнасці палярызацыі ад т-ры (гл.Дыэлектрыкі) і разлічваюць палярнасцьхім. сувязей і эфектыўныя зарады атамаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫЯ ПО́ЛЮСЫ ЗЯМЛІ́,
пункты на паверхні Зямлі, дзе вектар індукцыі магнітнага поля Зямлі накіраваны вертыкальна: уніз на Паўн. полюсе (магнітны нахіл + 90°), уверх на Паўд. (нахіленне − 90°). У сучасную магнітную эпоху сапраўдныя М.п.З. размешчаны наадварот: Паўн. каля Паўд.геагр. полюса, Паўд. каля Паўн.геагр. полюса. Перыядычна адбываецца інверсія геамагнітнага поля і полюсы мяняюць сваю палярнасць на процілеглую. У М.п.З. зыходзяцца ўсе мерыдыяны магнітныя. Магнітныя полюсы паступова перамяшчаюцца на паверхні Зямлі. Каардынаты М.п.З. (1985) 77°36′паўн. ш., 102°48′зах. д.; 65°06′паўд. ш., 139°усх. д. (гл.Палеамагнетызм). У раёнах моцных магнітных анамалій (Курская, Усх.-Сібірская і інш.) назіраюцца лакальныя магнітныя полюсы. Існуе таксама паняцце геамагнітныя полюсы — пункты перасячэння паверхні зямной кары з магнітнай воссю аднародна намагнічанай Зямлі. У іх зыходзяцца мерыдыяны геамагнітныя. Знаходзяцца на адлегласці ў некалькі градусаў ад адпаведных магнітных полюсаў. Месцазнаходжанне іх вызначаецца аналітычна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РТАР (ад лац. inverto пераварочваю, пераўтвараю),
1) у радыётэхніцы — электронная прылада (ці эл. ланцуг), на выхадзе якой змены амплітуды, фазы або палярнасці сігналаў процілеглыя ўваходным. Ва ўзмацняльнай апаратуры выкарыстоўваюцца для атрымання 2 аднолькавых па амплітудзе і процілеглых па фазе сігналаў (фазаінвертары).
2) У электратэхніцы — прылада для пераўтварэння пастаяннага току ў пераменны з дапамогай кіроўных вентыляў. Выконваецца на газаразрадных (ігнітроны, тыратроны) ці паўправадніковых (тырыстары) прыладах. Бываюць залежныя (кіраванне ад эл. сеткі; выкарыстоўваюцца ў высакавольтных лініях электраперадач, сістэмах электрапрывода) і незалежныя, або аўтаномныя (выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі частаты ў сістэмах электрапрывода, для індукцыйнага нагрэву, люмінесцэнтнага асвятлення і інш.).
3) У вылічальнай тэхніцы — электронная прылада з адным уваходам і адным выхадам, у якой выхадны сігнал выяўляецца пры адсутнасці ўваходнага. Выкарыстоўваецца для рэалізацыі лагічнага адмаўлення (лагічнай аперацыі «НЕ»).
Бываюць патэнцыяльныя (найб. пашыраныя) і імпульсныя. Патэнцыяльныя І. забяспечваюць нізкі ўзровень выхаднога напружання пры высокім узроўні ўваходнага і наадварот (у аналагавых выліч. машынах — выхадны сігнал процілеглы па палярнасці ўваходнаму). Імпульсны змяняе палярнасць уваходнага імпульсу на процілеглую або фарміруе імпульс пры адсутнасці ўваходнага сігналу.
П.С.Габец.
Схемы інвертараў: 1 — самаўзбуджальнага аўтаномнага (Д — дросель, С — кандэнсатар, L — шпуля індуктыўнасці, В — вентыль, Т — трансфарматар, Rн — нагрузка); 2 — патэнцыяльнага на транзістары p—n—p (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал, R — амічнае супраціўленне, E — крыніца пастаяннага току); 3 — імпульснага на імпульсным трансфарматары (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал).