Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЛОС З НАД НЕ́МНА»
(«Głos znad Niemna»),
газета. Выдаецца ў Гродне з снеж. 1989 на польскай мове Саюзам палякаў у Беларусі (СПБ). У 1990—91 выходзіла нерэгулярна, друкавалася ў Польшчы пры садзейнічанні т-ва «Польская супольнасць». У 1992 выходзіла 2 разы на тыдзень, з 1993 штотыднёва. Асвятляе жыццё палякаў у Беларусі, дзейнасць СПБ, змяшчае матэрыялы па гісторыі, краязнаўстве, літ. творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛДУНЫ́,
страва, вядомая ў беларусаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. Робяцца з таркаванай бульбы, крутога пшанічнага, жытняга, грэцкага або інш. цеста. Напаўняюцца сырым сечаным мясам з прыправамі ці скваркамі, садавінаю, ягадамі, а таксама вараным бобам, гарохам, цёртым макам, рэпчатай цыбуляй і інш. Згатаваныя ставяць у лёгкі дух. Падаюць у тлушчы, смятане ці булёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГА́ЗЫН ПО́ЛЬСКІ»
(«Magazyn polski», «Часопіс польскі»),
штоквартальны часопіс; орган Саюза палякаў ў Беларусі. Выдаецца з 1992 у Гродне на польск. мове (лісты чытачоў друкуюцца на бел. і рус. мовах). Асвятляе пытанні гіст., культ. развіцця Беларусі, ВКЛ, некаторыя аспекты міжнац. адносін на тэр. сучаснай Беларусі. Змяшчае матэрыялы пра сусветна вядомых дзеячаў навукі, гісторыі Беларусі. Публікуе маст. творы бел. і замежных пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Юзаф) (1809, каля г. Тульчын, Украіна — 31.12.1873),
польскі паліт. дзеяч, генерал. Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго паражэння ў эміграцыі. Адзін з кіраўнікоў Польскага дэмакратычнага таварыства. На чале легіёна палякаў-добраахвотнікаў у 1848—49 змагаўся ў венг.рэв. арміі супраць габсбургскіх войск. У час паўстання 1863—64 часовы кіраўнік Ваен. камісіі ў Кракаве, на чале ўзбр. атрада змагаўся на Валыні. Пасля паражэння паўстання эмігрыраваў у Францыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУПА́Н,
старадаўняе верхняе мужчынскае і жаночае адзенне ў палякаў, беларусаў і інш.слав. народаў. У 16—19 ст. быў абавязковай часткай адзення шляхты, мяшчан, укр. казакоў. Шылі пераважна з белага або шэрага сукна (радзей атласу. аксаміту). Крой двухбортны з вузкімі рукавамі і стаячым каўняром, спінка прыталеная, з бакоў устаўляліся кліны. Пярэднія гладкія полкі зашпільвалі на гузікі і падпяразвалі поясам. Паверх Ж. насілі кунтуш.
Да арт.Жупан. Партрэт К.Весялоўскага ў жупане з кунтушом. Невядомы мастак. 1636.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ХТА,
1) старадаўняе ўкраінскае жаночае паясное адзенне. Адзявалася паверх больш доўгай кашулі ў выглядзе спадніцы. Складалася з 2 сшытых па даўжыні да палавіны полак. П. перагіналася і насілася так, каб сшытая ч. ляжала ззаду, а нясшытая свабодна звісала па абодвух баках (або падгортвалася). Шылі з рознакаляровай, пераважна ваўнянай, тканіны. Спераду П. закрывалася фартухом.
2) У зах. абласцях Украіны — верхняя адзежына з палатна.
3) У зах. і ўсх. славян — кавалак тканіны, прасцірадла.
4) У палякаў, лужычан, славакаў — плашчападобная адзежына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЭ́ТЛЯ (польск. basetla),
басоля, бас, кантрабас, струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра, блізкі да віяланчэлі і кантрабаса. Бывае розных памераў, мае 3—4 жыльныя або метал. струны, часам 4 ладавыя адзнакі на грыфе. Смык кароткі, прамы. Вядома ў беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. На Беларусі была пашырана з 18 ст. ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абл. пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Выкарыстоўвалася ў нар.інстр. ансамблях-«капэлях». У наш час сустракаецца рэдка. У Рэчы Паспалітай і бел. дакументах 18 ст. басэтляй наз. віяланчэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКИЙ ГО́ЛОС»,
грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася з 24.1(6.2) да 3(16).3.1910 у Гомелі на рус. мове 2 разы на тыдзень. Абвясціла сябе «беспартыйнай» газетай, якая мае намер «усебакова асвятляць жыццё беларускага краю», абмяркоўваць праблемы культуры, прам-сці, гандлю і інш. Сваю праграму не выконвала. У закліках да выбаршчыкаў агітавала праводзіць у Дзярж. думу і органы мясц. самакіравання «нацыяналістаў» і «добрых гаспадароў». Не прызнавала нац. самастойнасці беларусаў. Мэту нац. руху бачыла ў выцясненні «іншародцаў» з розных сфер жыцця, вызваленні Расіі ад «унутранага» заваявання з боку «яўрэяў, палякаў, армян ды іншых». На 10-м нумары спыніла выданне.