пасёлак гар. тыпу ў Іванаўскай вобл. ў Расіі, за 64 км на ПдУ ад Іванава, 32 км ад чыг. ст. Шуя. 6,3 тыс.ж. (1996). Цэнтр рус.нар. мастацтва мініяцюрнага жывапісу (гл.Палехская мініяцюра). Маст.-вытв. майстэрні па размалёўцы лакавых вырабаў з пап’е-машэ. Лёгкая, харч.прам-сць. Маст. вучылішча. Крыжаўзвіжанская царква (18 ст.) з размалёўкамі і абразамі палехскіх майстроў. Музеі палехскага мастацтва, мемарыяльныя мастакоў І.І.Голікава, П.Дз.Корына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛІКАЎ (Іван Іванавіч) (6.1.1887, Масква — 31.3.1937),
рускі майстар палехскай мініяцюры. Засл. дз. маст. РСФСР (1933). Вучыўся і працаваў у іканапісных майстэрнях с.Палех, Масквы і Пецярбурга. Выкладаў у Палехскім маст. вучылішчы. На аснове традыцый строганаўскай школы жывапісу і палехскага іканапісу 18 ст. стварыў адметны стыль мініяцюрнага жывапісу тэмперай на лакавых вырабах, які вылучаецца вытанчанай дэкаратыўнасцю, дынамічнасцю: «Тройкі вясельныя», «Тры музыканты» (абедзве 1924), «Бітва» (1928), «Чырвоныя партызаны» (1935). Выконваў таксама іл. тэмперай (да «Слова аб палку Ігаравым», 1934), дэкар. пано.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛЕХСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,
мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах з пап’е-машэ; рускі нар.маст. промысел. Склаўся ў 1923 у г.п.Палех на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1924 заснавана Палехская арцель стараж. жывапісу, у 1932 — Палехскае т-ва мастакоў, з 1953 — Маст.-вытв. майстэрні Маст. фонду Расіі. Тэхналогія вырабу паўфабрыкатаў перанята ў майстроў фядоскінскай мініяцюры. Сюжэты на тэмы казак, паданняў, літ. твораў, песень, сучаснага жыцця выконваюцца тонкім плаўным малюнкам, вызначаюцца багаццем залатой штрыхоўкі, выразнасцю сілуэта спрошчаных фігур, якія часта ўкрываюць усю паверхню скарбонак, куфэркаў, партабакаў, пудраніц і інш. Характар трактоўкі фігур, пейзажу, архітэктуры паходзіць ад іканапісных традыцый. Сярод буйнейшых майстроў П.м. П.Бажэнаў, І.Баканаў, С.Бахіраў, І.Вакураў, І.Голікаў, А.Катухін, А.Качупалаў, І.Маркічаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦЁРСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,
мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах; рускі народна-маст. промысел. Склаўся ў пас. Мсцёра Уладзімірскай вобл. (Расія) на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1926 іканапісцы аб’яднаны ў арцель «Пралетарская тВорчасць», з 1931 «Пралетарскае мастацтва». У 1928 майстар М.Клыкаў пачаў пісаць мініяцюры тэмперай па лаку. Тэхналогія вытв-сці шкатулак і куфэркаў перанята ў майстроў з с. Фядоскіна Маскоўскай вобл. і пас.Палех Іванаўскай вобл. (гл.Фядоскінская мініяцюра, Палехская мініяцюра). М.м. характэрны маляўнічы фон, цэласнасць агульнага серабрыста-блакітнага ці вохрыстага тону, гучнасць колеру, спалучэнне аб’ёмнай трактоўкі формы з арнаментальным строем мініяцюры (работы А.Кацягіна, А.Брагіна); жывапісны прымітывізм (творчасць І.Марозава) побач з гіст. і казачнымі сюжэтамі, папулярныя пейзаж і нацюрморт. З канца 1960-х г. мастакі М.м. звяртаюцца да пошукаў дэкаратыўнасці (Л.Дзямідава, М.Шышакоў, Л.Фамічоў), у 1980—90-я г. — да творчага ўвасаблення старажытнарус. традыцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́КІ МАСТА́ЦКІЯ,
вырабы з дрэва, пап’е-машэ ці металу, апрацаваныя лакам, адпаліраваныя, аздобленыя размалёўкай, часам разьбой, інкрустацыяй, гравіроўкай; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Кітаі, пазней і ў інш. краінах Усходу. У якасці пакрыцця выкарыстоўваўся сок лакавага дрэва. У Кітаі вырабы Л.м. (кубкі, вазы, шкатулкі, мэблю, арх. элементы) рабілі з пап’е-машэ, дрэва, абклейвалі тканінай або паперай, грунтавалі, лакіравалі, сушылі, паліравалі і інш., чым дасягалася іх вял. трываласць і воданепранікальнасць. Былі пашыраны размалёўка паліхромнымі і залатымі лакамі па чорным або каляровым фоне, разьба, інкрустацыя перламутрам, волавам, серабром. Блізкія да кіт. Л.м. Карэі, Японіі, Іпдакітая. У В’етнаме і Лаосе разам з дэкар. пашыраны станковы лакавы жывапіс. У Іране, Індыі, Цэнтр. Азіі вядомы лакавыя мініяцюры, выкананыя тэмпернымі фарбамі на вырабах з пап’е-машэ. У Зах. Еўропе ўсх. лакі вядомы з 15 ст., уласная вытв-сць пачалася з 17—18 ст. (дэкор палацавых інтэр’ераў, мэбля, быт. вырабы). Тэхналогія вырабу была спрошчана: уведзена гарачая сушка ў печах, выкарыстоўваліся алейныя лакі і фарбы. У 18 ст.вял.тэхн. і маст. майстэрствам вызначаліся вырабы франц. фірмы «Мартэн» і ням. ф-кі І.Штобвасера. У Расіі вытв-сць лакавых вырабаў развіваецца з канца 18 ст. Рабілі мэблю, элементы дэкору палацавых інтэр’ераў, шкатулкі, табакеркі, падносы, размаляваныя алейнымі фарбамі. З пач. 19 ст. пачалі ўзнікаць нар. промыслы (гл.Жостаўская размалёўка, Фядоскінская мініяцюра). На пач. 20 ст. на аснове б. іканапісных промыслаў з’явіліся цэнтры Л.м. у сёлах Палех і Холуй Іванаўскай, Мсцёра Уладзімірскай абласцей, дзе створаны арыгінальны від мініяцюрнай размалёўкі тэмперай і золатам па чорных лакіраваных шкатулках (гл.Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра, Мсцёрская мініяцюра).
На Беларусі ў тэхніцы Л.м. працуюць А. і Г. Осіпавы, В. і А. Ражковы, якія развіваюць традыцыі палехскай школы. У творах, якія вызначаюцца вытанчанасцю малюнка і кампазіцыйным майстэрствам, распрацоўваюць сюжэты нар. казак, бел. і рус. літаратуры, гісторыі, сучаснай тэматыкі: мініяцюры паводле бел.нар. казкі «Іван — удовін сын» (1962—63), кампазіцыі «Рэчыцкая лірычная» (1969), «Беларусь» (1978), «Адпачынак» (1984) Осіпавых; трыпціх «Русь волатаўская» (1966), пласціны «Дзмітрый Данскі» (1980), «Канёк-гарбунок», «Казка пра цара Салтана», «Царэўна-жаба» (усе 1984), «Царэўна-лебедзь» (1990), «Руслан і Людміла» (1995), «Русь-тройка» (1996), «Лукамор’е» (1998) Ражковых.