Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕА... (ад грэч. palaios старажытны), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: старажытны, што належыць да старажытнасці (напр., палеаантрапалогія, палеабатаніка, палеаліт).
т. 11, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАА́НТРАПЫ (ад палеа... + грэч. anthrōpos чалавек),
выкапнёвыя людзі, якія жылі ў эпоху ніжняга (ранняга) і сярэдняга палеаліту (150—35 тыс. г. назад). Гл. Неандэртальцы.
т. 11, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад палеа... + кліматалогія),
навука аб палеакліматах і кліматычнай гісторыі Зямлі; раздзел палеагеаграфіі. Звязана са стратыграфіяй і палеанталогіяй, палеагеамарфалогіяй і вучэннем аб карысных выкапнях. Выкарыстоўвае літалагічны, палеанталагічны, дэндрахраналагічны, геахім., палеамагнітны і інш. метады даследавання.
т. 11, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАГЕ́Я (ад палеа... + gē зямля),
біягеаграфічнае царства. Займае ў асн. трапічныя раёны Усх. паўшар’я. Уключае Інда-Малайскую біягеаграфічную вобласць, Мадагаскарскую біягеаграфічную вобласць, Палінезійскую біягеаграфічную вобласць і Эфіопскую біягеаграфічную вобласць. Для флоры і фауны П. характэрны расліны і жывёлы стараж. Гандваны, у т. л. дваякадыхальныя рыбы, чарапахі (паходзяць з міяцэну і пліяцэну), страусы, хобатныя, чалавекападобныя малпы і інш.
т. 11, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕААНТРАПАЛО́ГІЯ (ад палеа... + антрапалогія),
раздзел антрапалогіі, які вывучае змены фіз. тыпу чалавека ад першапачатковых стадый яго існавання (архантрапы) да канчатковага сфарміравання вял. рас сучаснага чалавецтва (неаантрапы). П. цесна звязана з палеанталогіяй, палеабатанікай, археалогіяй, геалогіяй антрапагену. Звесткі П. выкарыстоўваюць пры вывучэнні суадносін антрапа- і сацыягенезу, гісторыі фарміравання, рассялення, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву расавых тыпаў і ў сувязі з некат. пытаннямі антрапагенезу і этнагенезу.
т. 11, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ КА́РТЫ,
карты дзённай або пахаванай (палеа) паверхні, што паказваюць размяшчэнне радовішчаў карысных выкапняў, а таксама іх прыкметы — пункты мінералізацыі, рудапраяўлення, пошукавыя прыкметы карысных выкапняў, межы рудных раёнаў і інш. Складаюцца для характарыстыкі і ацэнкі мінер. рэсурсаў раёна, у розных маштабах, на спец. аснове — спрошчанай геал. карце, якая адлюстроўвае рэльеф паверхні, геал. межы, разрыўныя парушэнні, індэксы стратыграфічных падраздзяленняў і інш. Суправаджаюцца легендай, схемамі мінерагенічнага раянавання, элементамі прагнозу і інш.
У.Я.Бардон.
т. 8, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАБІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + біягеаграфія),
навука аб пашырэнні і размеркаванні арганізмаў і іх згуртаванняў у геал. мінулым; раздзел палеанталогіі. На падставе выяўленых спосабаў жыцця і ўмоў існавання выкапнёвых арганізмаў, асаблівасцей намнажэння і залягання іх рэшткаў і інш. высвятляе фізіка-геагр. становішча былых геал. эпох, што выкарыстоўваецца пры складанні палеагеагр. і прагнозных карт. Звязана з гіст. біягеаграфіяй і геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеаэкалогіяй, стратыграфіяй, тафаноміяй і інш. На Беларусі асобным пытанні П. вывучаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ.
Літ.:
Палеонтология, палеобиогеография и мобилизм. Магадан, 1981.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 11, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАБІЯЦЭНО́З (ад палеа... + біяцэноз),
палеацэноз, прыродная сукупнасць выкапнёвых арганізмаў, якія жылі разам і стваралі пэўны біяцэноз. Ад сучаснага біяцэнозу адрозніваецца адсутнасцю рэшткаў бесшкілетных арганізмаў, якія не маглі зберагчыся ў выкапнёвым стане, і наяўнасцю рэшткаў арганізмаў, якія выпадкова занесены ў месцы пахавання. Рэканструкцыя П. праводзіцца шляхам палеаэкалагічнага аналізу арыктацэнозу (комплекс акамянеласцей) і тафацэнозу (збор рэшткаў жывёл і раслін, што захаваліся і пакрыліся асадкамі). Вынікі вывучэння П. выкарыстоўваюцца пры складанні палеагеагр. карт. На Беларусі вывучэнне П. праводзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ. Гл. таксама Танатацэноз.
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАІХНАЛО́ГІЯ (ад палеа... + грэч. ichnos след + ...логія),
навука аб слядах жыццядзейнасці выкапнёвых арганізмаў (біягліфах, капралітах), што захаваліся ў асадкавых адкладах; раздзел палеанталогіі. Па слядах жыццядзейнасці вызначаюцца прыналежнасць арганізмаў да розных груп, шляхі іх узнікнення і ператварэння, абставіны пражывання ў геал. мінулым, умовы пахавання і намнажэння рэшткаў. Звязана з палеабіягеаграфіяй, палеаэкалогіяй, тафаноміяй. Даныя П. выкарыстоўваюцца пры палеагеагр. рэканструкцыях. На Беларусі пытанні П. распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ. Найб. вывучаны біягліфы асадкавых парод кембрыю, сілуру, дэвону і мелу.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 11, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)