ПАЛА́У,

глыбакаводны жолаб у паўд.зах. частцы Ціхага ак. ўздоўж усх. падножжа аднайм. астраўной дугі. Даўж. 350 км, сярэдняя шыр. 86 км, найб. глыб. 8138 м.

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́У (белау Belau, англ. Palau),

Рэспубліка Палау (белау Beluu er a Belau, англ. Republic of Palau), дзяржава на аднайменных астравах з групы Каралінскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак., на Пн ад экватара. Пл. 458 км2. Нас. 18,5 тыс. чал. (1999). Афіц. мовы — белау (палау) і англійская. Сталіца, гал. эканам. цэнтр і порт — г. Корар на в-ве Бабелтуап. Краіна падзяляецца на 18 адм. адзінак. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).

Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны парламент — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (14 сенатараў, назначаюцца на 8 гадоў прапарцыянальна насельніцтву астраўных тэрыторый) і палаты дэпутатаў (14 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам).

Прырода. Краіна займае 8 вулканічных (найб. Бабелтуап, пл. 367 км2) і каля 200 каралавых астравоў. Макс. выш. 242 м на в-ве Бабелтуап. З карысных выкапняў ёсць золата, фасфарыты, баксіты; у глыбакаводнай зоне паклады метал. канкрэцый. Клімат экватарыяльны. Сярэднемесячныя т-ры 24—28 ºС. Ападкаў больш за 3000 мм за год, найбольш з мая да лістапада. Адзначаюцца землетрасенні, з чэрв. да снеж. бываюць тайфуны. Невял. рэчкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. Асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах вулканічных астравоў растуць какосавая і арэкавая пальмы, бамбук; вышэй — лясы і саванны. На каралавых астравах — гаі какосавых пальмаў. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.

Насельніцтва. Мікранезійцы белау (палау) складаюць больш за 95%. Жывуць таксама амерыканцы, філіпінцы, кітайцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, каля 30% мясц. жыхароў — прыхільнікі сінкрэтычнага культу Мадэкнгеі. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км2, на ўзбярэжжах вулканічных астравоў да 100 чал. на 1 км2 і больш. Гар. насельніцтва 72%. У г. Корар 12 тыс. ж. (1995). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай,, рыбалоўствам і марскімі промысламі, абслугоўваннем турыстаў.

Гісторыя. Група астравоў, на якіх размешчана П., у 1534 адкрыта іспанцамі, пасля чаго яна больш за 350 гадоў афіцыйна заставалася пад уладай Іспаніі. З 1899 калонія Германіі. У 1914 акупіравана яп. войскамі, пасля 1-й сусв. вайны з 1919—20 падмандатная тэр. Японіі. Летам 1944 у 2-ю сусв. вайну занята амер. войскамі, з 1947 частка «падапечнай тэр. Ціхаакіянскіх астравоў» пад кіраваннем ЗША. У 1981 у рамках амер. апякунскага кіравання атрымала ўнутр. аўтаномію як «Рэспубліка П». З 9.11.1993 «свабодна асацыіраваная» з ЗША дзяржава тэрмінам на 50 гадоў. 1.10.1994 абвешчана незалежнасць (спынена апека ЗША); у распараджэнні ЗША засталіся абарона (П. не мае ўласных узбр. сіл), фінансы, замежныя справы. П. — чл. ААН (з 1994). Дзейнічаюць некалькі паліт. партый.

Гаспадарка. П. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 8800 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Пад с.-г. культурамі і пашай каля 20 тыс. га. Гал. культура — какосавая пальма. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, батат, ямс, тара, рыс, кукурузу, сою, сорга, цукр. трыснёг, чорны перац. Трапічнае садоўніцтва: цытрусавыя, манга, ананасы, хлебнае дрэва, бананы, панданус. Агародніцтва. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, козы, птушка). Рыбалоўства (пераважна тунец) мае экспартны кірунак. Нарыхтоўка драўніны какосавай пальмы і пандануса. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва, 15% яе даюць невял. ГЭС. У 1996 атрымана 200 млн. кВт гадз электраэнергіі. Невял. здабыча фасфарытаў і золата. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы, копры, вытв-сці харч. прадуктаў, мыла, алею, цэглы, цэменту, лесапілавання. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Транспарт пераважна марскі. На астравах 61 км аўтадарог, 3 аэрапорты. Развіваецца турызм. Замежных турыстаў (пераважна з Японіі і ЗША) прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. У 1996 экспарт склаў 14,3 млн. дол., імпарт — 72,4 млн. дол. У экспарце пераважаюць рыба і рыбныя прадукты, копра, маст. вырабы, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Краіна атрымлівае дапамогу і арэндную плату за тэрыторыю ваен. баз ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.

І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГАДХА,

гістарычная вобласць і стараж. дзяржава на ПнУ сучаснай Індыі. Вядома прыкладна з 9—8 ст. да н.э. Сталіцы — гарады Раджагрыха і Паталіпутра (з 4 ст. да н.э., сучасная Патна). Паводле будыйскіх крыніц, у 7 ст. да н.э. М. была адной з 16 «вял. дзяржаў» Індыі. У 6—3 ст. да н.э. найб. эканамічна развіты раён Індыі. Значна пашырылася пры царах Бімбісары і Аджаташатру (6—5 ст. да н.э.). Была ядром імперый Нандаў (4 ст. да н.э.), Маур’яў (4—2 ст. да н.э.), Гуптаў дзяржавы (4—6 ст. н.э.). Нашчадкі Гуптаў правілі ў М. да пач. 8 ст. У 8—12 ст. у складзе дзяржаў Палау і Сенау. М. — буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Стараж. Індыі, з ёю звязаны важныя этапы ў развіцці будызму і джайнізму. Да 10 ст. назва «М.» выйшла з ужытку.

т. 9, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАНЕ́ЗІЯ,

адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі (каля 1500 дробных астравоў), у зах. ч. Ціхага ак., гал. ч. на Пн ад экватара. Уключае Марыянскія астравы, Каралінскія астравы, Маршалавы астравы, Гілберта астравы, а-вы Ошэн, Банаба, Науру і інш. Пл. 2,6 тыс. км2. Нас. каля 500 тыс. ж. (1998). Карэннае нас. — мікранезійцы. Жывуць таксама амерыканцы, англічане, філіпінцы, кітайцы. Большая ч. а-воў — атолы, астатнія вулканічнага паходжання; самы буйны в-аў Гуам. На Марыянскіх а-вах ёсць дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 °C да 28 °C. Ападкі ад 2000 да 6000 мм выпадаюць раўнамерна на працягу ўсяго года. Частыя трапічныя цыклоны (раён Каралінскіх а-воў). Прыроднае покрыва на вулканічных астравах складаюць вечназялёныя трапічныя лясы, радзей — саванны. Расліннасць на каралавых астравах бедная. Буйныя млекакормячыя жывёлы на М. адсутнічаюць. Найбольш пашыраны пацукі, лятучыя мышы, розныя віды яшчарак, птушкі. Трапічнае земляробства; рыбалоўства. Плантацыі цукр. трыснягу, рысу. Радовішчы баксітаў, фасфарытаў (Каралінскія а-вы), здабыча фасфатаў (на в-ве Науру). На а-вах М. размешчаны дзяржавы: Маршалавы Астравы, Мікранезія (Федэратыўныя Штаты Мікранезіі), Науру, Палау, Паўночныя Марыянскія Астравы, асн. частка дзяржавы Кірыбаці (а-вы Гілберта), уладанне ЗША Гуам.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́НІЯ,

самая вял. сукупнасць астравоў (каля 10 тыс.) у цэнтр. і паўд.-зах. ч. Ціхага ак. паміж Аўстраліяй, Малайскім архіпелагам на З і шырокімі акіянскімі прасторамі на Пн, У і Пд. Размешчана паміж субтрапічнымі шыротамі Паўн. паўшар’я і ўмеранымі Паўднёвага. Пл. 1,26 млн. км². Нас. 10,3 млн. чал. (1987). Найбольшыя а-вы Новая Гвінея, Паўночны і Паўднёвы (2 апошнія ўваходзяць у склад Новай Зеландыі) займаюць у сукупнасці каля 80% тэр. Акіяніі. Пры падзеле сушы на часткі свету Акіянію звычайна аб’ядноўваюць з Аўстраліяй; часам вылучаюць як асобную частку свету. У Акіяніі размешчаны дзяржавы (1993): Вануату, Зах. Самоа, Кірыбаці, Мікранезія, Маршалавы Астравы, Науру, Новая Зеландыя, Палау, Папуа — Новая Гвінея, Саламонавы Астравы, Тонга, Тувалу, Фіджы, ч. Інданезіі. Гавайскія а-вы — штат ЗША. Многія а-вы — уладанні Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Чылі.

Паводле прыродных умоў і насельніцтва Акіянію падзяляюць на Меланезію, Мікранезію, Палінезію і Новую Зеландыю. Ёсць астравы мацерыковага паходжання (Новая Гвінея, Новая Каледонія, Фіджы), гарыстыя вулканічныя (Бугенвіль, Гаваі і інш.) і нізінныя каралавыя (Маршалавы, Науру і інш.) а-вы. Найб. выш. — 5029 м (г. Джая ў Новай Гвінеі). Гарыстыя а-вы Акіяніі размешчаны ў межах астраўных дугаў геасінклінальнай вобласці зах. ускраіны дна Ціхага ак. У цэнтр. ч. Ціхага ак.найвыш. вулканы, якія ўтвараюць некаторыя з Гавайскіх а-воў (у т. л. Маўна-Кеа і Маўна-Лоа, больш за 4000 м); актыўны вулканізм і ў Новай Зеландыі. Радовішчы нікелю і жалеза (Новая Каледонія), фасфатаў (Науру), нафты (Новая Гвінея), золата (Папуа — Новая Гвінея, Фіджы), вугалю (Новая Зеландыя), медзі (Бугенвіль, Новая Каледонія), жал. руды (Новая Гвінея) і інш. Клімат акіянскі, вільготны, пераважна субэкватарыяльны і экватарыяльны, на Пд субтрапічны і ўмераны. У экватарыяльным поясе сярэднямесячная т-ра на працягу года 26—28 °C, на крайнім Пд ад 16 °C (люты) да 5 °C (жнівень). Ападкаў за год ад 1000 мм на У да 3000—4000 мм і больш на З (асабліва шмат на наветраных схілах гарыстых а-воў, напр., на Гавайскіх а-вах месцамі да 14000 мм). У цэнтр. Акіяніі і на З частыя тайфуны. У гарах Новай Гвінеі і на в-ве Паўднёвы Новай Зеландыі ледавікі. Рэкі кароткія, мнагаводныя, пераважна на буйных а-вах. Глебы чырваназёмы і латэрыты, у раёнах сезонных дажджоў — чырвона-бурыя саваннаў, у вільготных раёнах — балотныя і забалочаныя. На наветраных схілах гарыстых а-воў пераважаюць вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, на падветраных — ксерафітныя лясы, хмызняковыя фармацыі. Трапляецца расліннасць тыпу саваннаў. На нізінных каралавых а-вах — зараснікі хмызняку, участкі лясоў, гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва і інш. Асн. культурныя расліны — сагавыя і какосавыя пальмы, манга, цукр. трыснёг і інш. Фауна Акіяніі — аўстралійскія (яхідна, сумчатыя) і азіяцкія (дзік) віды; мала млекакормячых, мноства насякомых; каля 650 відаў птушак; шмат эндэмікаў.

Да арт. Акіянія. Паўднёвы востраў. Новая Зеландыя.
Да арт. Акіянія. Вёска ў Папуа—Новай Гвінеі.

т. 1, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)