ПАЛАНЕ́ВІЧ (Гіпаліт) (псеўд. Г.​Няміга; 23.7.1907, Міншчына — 24.10.1997),

грамадска-культурны дзеяч бел. эміграцыі, гісторык. Скончыў сярэднюю школу ў Мінску, пед. ін-т у Ленінградзе (1932). У 1936—40 па падазрэнні ў «нацдэмаўшчыне» зняволены ва Ухта-Іжэлескім лагеры (Рэспубліка Комі, Расія). Пасля вызвалення настаўнічаў у Беларусі. З 1944 у амер. акупац. зоне ў Германіі, выкладаў гісторыю, кіраваў драм. гуртком у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945—50). У 1950-я г. супрацоўнічаў з Ін-там па вывучэнні гісторыі і культуры СССР (г. Мюнхен). Пераехаў у ЗША, дзе скончыў ун-т (1962), працаваў у сістэме б-к Нью-Йорка, адзін з арганізатараў бел. тэатр. груп у рэгіёне Нью-Йорк—Нью-Джэрсі, бел. каталіцкага руху ў ЗША. Аўтар артыкулаў па гісторыі адукацыі, навукі і культуры БССР (апубл. ў «Беларускім зборніку»), кн. «Інстытут беларускай культуры — Беларуская Акадэмія навук — Акадэмія навук БССР» (Мюнхен, 1957). Друкаваўся ў эмігранцкіх часопісах, газетах.

Г.​Г.​Сяргеева.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЎЦАЎ (Барыс Канстанцінавіч) (28.7.1913, г. Разань, Расія — 20.10.1983),

бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). Працаваў у Бел. т-ры рабочай моладзі, з 1937 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. З 1960 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай. Мастацтву К. былі ўласцівы натуральнасць і псіхалагізм. Лепшыя ролі ў т-ры імя Я.​Купалы: Левановіч, Паланевіч («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Піліп («Палешукі» Я.​Рамановіча), Корань («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Калеснікаў, Лагута («Цытадэль славы», «На крутым павароце» К.​Губарэвіча), Луконін («Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава), Аляксандр, Анціпа («Апошнія», «Зыкавы» М.​Горкага), Тэадора («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.​Шылера); у т-ры на Малой Броннай: Сцяпан («Брацкая ГЭС» Я.​Еўтушэнкі), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Бірук («Алёнушка» Л.​Лявонава). Здымаўся ў кіно.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЕ КАНСТРУЯВА́ННЕ,

творчы метад праектавання, які выкарыстоўваецца для арганізацыі прадметна-прасторавага асяроддзя і ўдасканалення прамысл. вытв-сці вырабаў утылітарнага прызначэння; праектная практыка дызайна. М.к. скіравана на гарманічнае дапасаванне інж.-тэхн. і эрганамічных характарыстык (канструктыўнасць, надзейнасць эксплуатацыі, камфортнасць, тэхналагічнасць, трываласць, эканамічнасць і інш.), функцыян. формы і маст. афармлення, павышэнне канкурэнтаздольнасці вырабаў. Творчы метад М.к. грунтуецца на выніках папярэдняга функцыян.-эрганамічнага, канструктарска-тэхнал., кампазіцыйнага аналізу і маст.-канструктарскага сінтэзу; удасканальваецца на аснове даследаванняў у розных галінах навукі і тэхнікі, праектавання і практычнай рэалізацыі інж.-тэхн. ідэй па стварэнні гарманічна-вытв. побытавага і сацыякультурнага асяроддзя. Аптымальны вынік дае метад аб’ёмнага мадэліравання (макетавання) з макс. набліжэннем да праектнага знешняга выгляду аб’екта. Вырашэннем задач М.к. займаецца мастак-канструктар — дызайнер.

М.к. ўзнікла ў працэсе пераходу ад ручной да машыннай вытв-сці. З пач. 20 ст. развіваецца ў кірунку навук. пошукаў і практычных распрацовак у творчасці вядучых мастакоў, архітэктараў, інжынераў. Важную ролю ў развіцці М.к. мела творчасць Э.​Вандэрвельдэ, В.​Гропіуса, Ле Карбюзье, Л.​Міс ван дэр Роэ і інш.

На Беларусі тэарэтычныя асновы М.к. закладзены на пач. 20 ст. ў эксперыментах мастакоў аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Уклад у развіццё М.к. зрабілі А.​Барташэвіч, І.​Герасіменка, А.​Длатоўскі, С.​Паланевіч, І.​Селязнёў, А.​Чарнышоў інш. Падрыхтоўка спецыялістаў па М.к. вядзецца ў Бел. АМ, Віцебскім тэхнал. ун-це, у шэрагу сярэдніх спец. маст. устаноў.

Літ.:

Барташевич А.А. Основы художественного конструирования. Мн., 1984;

Чернышев О.В. Формальная композиция. Мн., 1999.

Л.​Я.​Дзягілеў.

т. 10, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЗА́ЙН (ад англ. design задума, праект, чарцёж, малюнак),

від творчай дзейнасці па праектаванні і фарміраванні эстэт. і функцыян. якасцей прадметнага асяроддзя; вынік праектнай дзейнасці. Асн. аб’екты Д. — прадметна-прасторавае асяроддзе: яго кампаненты, рэчы і сувязі паміж імі, якія ўзяты ў адносінах да людзей і разглядаюцца ў разнастайных сістэмных сувязях з сацыякультурным асяроддзем. Мэта Д. — задавальненне матэрыяльных і духоўных патрабаванняў чалавека шляхам праектавання розных аб’ектаў: прамысл. вырабаў, элементаў візуальнай камунікацыі, адзення і інш.; фарміраванне гарманічнага прадметнага асяроддзя. Мае розныя галіны: Д. прамысловы, графічны, інтэр’ера і інш. З ім звязаны паняцці «тэхнічная эстэтыка» (тэорыя Д.) і «мастацкае канструяванне» (праектная практыка Д.).

Д. пачаў фарміравацца з развіццём масавай вытворчасці ў высокаразвітых прамысл. краінах (з 1754 Каралеўскае т-ва мастацтва ў Вялікабрытаніі пачало прысуджаць прэміі за лепшыя праекты прамысл. вырабаў). Развіццё Д. ў сучасным разуменні пачалося з 1-й пал. 20 ст. (нямецкі Веркбунд, 1907; Баўгауз, 1919—33; Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні ў Расіі, 1918—30). Важную ролю ў станаўленні Д. адыгралі Дж.Рэскін, У.Морыс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ і інш., якія прапагандавалі прынцыпы функцыяналізму, стварэнне тыповых, але старанна распрацаваных формаў. У 1959 на 1-й ген. асамблеі Міжнар. савета арг-цый прамысл. Д. прыняты тэрмін industrial design (індустрыяльны дызайн; прафес. скарачэнне — дызайн).

У Беларусі Д. развіваецца з канца 1910. Гэтаму спрыяла дзейнасць аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», створанага ў рамках Віцебскага маст.-практычнага ін-та па ініцыятыве К.Малевіча (існаваў да 1923). Новы ўздым Д. пачынаецца ў 1960-я г., асабліва ў вытв-сці трансп. сродкаў, быт. тэхнікі, мэблі, адзення і інш. У 1987 створаны Саюз дызайнераў Беларусі. Дызайнерская дзейнасць ажыццяўляецца ў Нацыянальным дызайн-цэнтры, дызайн-студыях Бел. саюза дызайнераў, на вытв. прадпрыемствах. З 1995 на Беларусі існуе Аддзяленне Міжнар. асацыяцыі «Саюз дызайнераў». Дызайнераў рыхтуюць Бел. АМ і Еўрапейскі гуманітарны ун-т.

Літ.:

Безмоздин Л.Н. Художественно-конструктивная деятельность человека. Ташкент, 1975;

Глазычев В.Л. О дизайне. М., 1970;

Лазарев Е.Н. Дизайн машин. Л., 1988;

Нестеренко О.И. Краткая энциклопедия дизайна. М., 1994;

Селезнев И.Ф. Дизайн. Мн., 1978.

Ф.​Р.​Вількін, Я.​Ю.​Ленсу.

Да арт. Дызайн. 1. Ю.​Жуцяеў, С.​Паланевіч, В.​Сонца, С.​Хлебародава. МАЗ-2000. 1994. 2. В.​Сямёнаў. Цяжкавоз БелАЗ-7924. 1997. 3. Трактар «Беларусь». 4. Т.​Кузюкова, А.​Пастухоў, А.​Цэхановіч. Мікраскоп. 1993. 5. Двухкамерны халадзільнік «Атлант». Мадэль 152-01. 6. А.​Дольнікаў. Бінокль. 1997. 7. Г.​Шакавец. Пыласос. 1995. 8. Т.​Лісавенка. Калекцыя адзення «Мадыльяні». 1994.
Да арт. Дызайн. 1,2. С.​Саркісаў. Рэкламна-інфармацыйная графіка да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.​Скарыны. 1989. 3. Т.​Гардашнікава, Дз.​Сурскі. З серыі плакатаў «Эканомія ў быце». 1991. 4. Э.​Жакевіч. Знакі-інфарматары да выдання У.​А.​Чантурыя «Гісторыя архітэктуры Беларусі». 1977.
Да арт. Дызайн. 1. У.​Цэслер, С.​Войчанка. Лагатып фірмы. 1992. 2. Л.​Мялоў, С.​Саркісаў. Лагатып Целяханскай лыжнай фабрыкі 1985. 3. Я.​Круглоў. Лагатып транспартнай фірмы. 1988.
Да арт. Дызайн. В.​Мінько, А.​Хількевіч. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Разварот кнігі. 1995.

т. 6, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)