ПАЛА́БСКАЯ МО́ВА,

мёртвая мова; належыць да зах.-слав. моў (гл. Славянскія мовы). Была пашырана да 1-й пал. 18 ст. па левым беразе р. Лаба (Эльба; цяпер тэр. зямлі Ніжняя Саксонія, Германія). Адметныя рысы П.м.: захаванне насавых галосных, аорыста і імперфекта, рэшткаў парнага ліку, рухомы націск, спрашчэнне скланення, вял. колькасць ням. запазычанняў у лексіцы і інш. Пісьменства не мела, але ў 17—18 ст. было складзена некалькі слоўнікаў і запісаны некаторыя тэксты на П.м. Асн. помнікі палабскага пісьменства — нататкі палабскага селяніна Я.​П.​Шульцэ і ням.-палабскі слоўнік К.​Хеніга на 5 тыс. слоў. Сярод даследчыкаў П.м. — Т.​Лер-Сплавінскі, К.​Палянскі (этымалагічны слоўнік П.м.), А.​Я.​Супрун і інш.

Літ.:

Супрун А.Е. Полабский язык. Мн., 1987.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)