МСЦІСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (?—1069),

полацкі князь, сын кіеўскага вял. кн. Ізяслава Яраславіча, адзін з кіраўнікоў задушэння Кіеўскага паўстання 1068—69. На чале сваёй дружыны ўварваўся ў горад, загадаў пакараць смерцю найб. актыўных паўстанцаў, а некат. асляпіць. У 1069, пасля перамогі над кн. Усяславам Брачыславічам, атрымаў ад бацькі княжацкі прастол у Полацку, дзе неўзабаве і памёр.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРНІГАРА́, Вярнігор, Гара-Гаравік, Гарыня,

Гаравы, персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Мае вял. сілу; можа пераносіць горы, руйнаваць іх і раўняць зямлю. Сустрэўшы героя-асілка, Вярнігара разам з інш. волатамі памагае яму перамагчы страшных крыважэрных істот, пакараць зло і ліквідаваць несправядлівасць, хоць часам перараджаецца маральна і здраджвае герою. Сустракаецца таксама ў рус. і ўкр. фальклоры.

Літ.:

Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974. С. 146—152;

Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 258—260;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969.

А.​С.​Фядосік.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЫЦ АРА́НСКІ (Maurits van Oranje; 14.11.1567, г. Дыленбург, Германія — 23.4.1625),

нідэрландскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Прынц, граф Насаўскі. Сын Вільгельма I Аранскага. Пасля забойства бацькі старшыня Дзярж. савета Генеральных штатаў і ген.-адмірал ВМС (з 1584), статхаўдэр (правіцель) Галандыі і Зеландыі (з 1585), потым таксама Утрэхта і Аверэйсела (з 1590), Гелдэрна (з 1591) і Гронінгена (з 1621). З 1590 галоўнакамандуючы. Рэфармаваў армію (увёў новую тэхніку аблогі, выкарыстанне малых баявых падраздзяленняў, строгую дысцыпліну), на чале яе вызваліў ад ісп. панавання паўн. правінцыі Нідэрландаў (1591—94). Перагаворы пра заключэнне перамір’я з Іспаніяй (1609) і інш. падзеі ў Нідэрландах выклікалі канфлікт М. з вял. пенсіянарыем (фактычным правіцелем) Галандыі Я. ван Олдэнбарневелтам, якога М. загадаў пакараць смерцю (1619).

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГНЕ́ДА РАГВАЛО́ДАЎНА (?, г. Полацк —1000),

полацкая князёўна, дачка полацкага кн. Рагвалода, жонка вял. кн. Уладзіміра Святаславіча, маці кн. Ізяслава Уладзіміравіча. Паводле летапісаў, адхіліла сватанне Уладзіміра Святаславіча, які тады княжыў у Ноўгарадзе. Каля 980 Уладзімір захапіў Полацк, забіў бацьку, маці і двух братоў Р.Р., а яе гвалтоўна зрабіў сваёй жонкай і даў слав. імя Гарыслава. З пачуцця помсты Р.Р. зрабіла няўдалы замах на жыццё мужа. Уладзімір хацеў пакараць Р.Р., але за маці заступіўся сын Ізяслаў. Тады Уладзімір саслаў Р.Р. і сына ў г. Ізяслаўль (Заслаўе). Паводле падання, пасля хрышчэння Уладзіміра і ліквідацыі яго гарэма Р.Р. адмовілася другі раз выйсці замуж і пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Каля Заслаўя назвы ўрочышчаў звязаны з імем Р.Р.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Рагнеда Рагвалодаўна. Рагнеда і Уладзімір. Мастак С.​І.​Грыбкоў.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПНЫ СУД (ад капа — грамада),

суд сельскай і гарадской грамады на Беларусі, які разглядаў справы простых людзей. Збіраўся ў пэўных месцах — капавішчах, на майдане. Судаводства мела 2 формы: звычайную і гвалтоўную. Звычайная капа збіралася па ініцыятыве зацікаўленых асоб у загадзя вызначаныя тэрміны і месца. Суддзямі маглі быць усе гаспадары мясцовасці (найчасцей збіралася 10—20 чал.). Прысутнічалі прадстаўнікі дзярж. або панскай адміністрацыі (віж, возны). Пастанова суда не падлягала апеляцыі. Рашэнне К.с. магло быць скасавана, калі капа адбывалася не на сваім капішчы. Гвалтоўная капа склікалася адразу пасля ўчынення злачынства (забойства, напад і да т. п.), без вызначэння пэўнага месца збору. Уся капа разам ішла па «гарачым следзе» і ў выпадку затрымання вінаватага ў межах воласці выносіла прыгавор, магла пакараць нават смерцю. Калі злачынца ўцякаў у суседнюю воласць, усе страты ўскладаліся на яе жыхароў. Дзейнасць К.с. у Беларусі спынена ў 17—18 ст.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)