РАБІ́НАВАЯ НОЧ,

у беларусаў назва навальнічнай ночы, якая абавязкова чакаецца ў канцы лета (у спасаўку, паміж Іллёй ці Барысам і вялікай Прачыстай або паміж вялікай і малой Прачыстамі). Наз. таксама арабінавая ноч, вераб’іная ноч. На працягу ўсёй Р.н. неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме моцны вецер, узнікаюць віхуры. Згодна з нар. павер’ем, у гэту ноч з пекла на свет выходзілі ўсе злыя сілы, якія нібыта спраўлялі сваё гал. гадавое свята. Паводле адных меркаванняў, у Р.н. розная нечысць страшыла хрышчоных людзей, паводле другіх — наадварот, усе стыхіі прыроды ядналіся, каб знішчыць нячыстую сілу. Кожны забіты ці пакалечаны ў гэту ноч перуном лічыўся нядобрым чараўніком. Р.н. нібыта патрэбна для спялення ягад рабіны, калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАСНЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1923 у Балгарыі,

узброенае паўстанне левых сіл супраць ваен. дыктатуры 23—29.9.1923. Стыхійныя антыдыктатарскія ўзбр. выступленні камуністаў і «земляробаў» (членаў партыі Балг. земляробскі нар. саюз; БЗНС) пасля звяржэння ваеннымі левага ўрада А.Стамбалійскага (пераварот 9.6.1923) пацярпелі няўдачу. ЦК Балг. камуніст. партыі 6.8.1923 прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўзбр. паўстання. Пазней заключана пагадненне аб адзінстве дзеянняў з БЗНС, створаны Галоўны ваен.-рэв. к-т на чале з Г.Дзімітровым, В.​Каларавым і Г.​Генавым, план якога прадугледжваў адначасовае паўстанне ў розных акругах і хуткае пашырэнне па ўсёй Балгарыі. Выступленне паскорылі распачатыя ўладамі рэпрэсіі (арышт каля 2 тыс. камуністаў, увядзенне ў краіне ваен. становішча). Найб. паспяхова дзейнічалі паўстанцы (каля 43 тыс. чал.) у паўн.-зах. ч. Балгарыі (занялі 8 гарадоў і 440 сёл). Паўстанне задушана ўрадавымі войскамі з выкарыстаннем артылерыі і кулямётаў; каля 20 тыс. паўстанцаў забіты і пакалечаны.

Літ.:

Георгиев Г. Сентябрь 1923 г.: Ист. очерк: Пер. с болг. М., 1973;

Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С 339—342.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭН ДЭХУА́Й (24.10.1898, в. Шысян, прав. Хунань, Кітай — 29.11.1974),

кітайскі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал КНР (1955). Герой КНДР. Скончыў афіцэрскія курсы (1923). З 1916 на ваен. службе. Удзельнік рэвалюцыі 1925—28 у Кітаі. Летам 1928 узначаліў паўстанне гаміньданаўскіх войск у прав. Хунань, стварыў 5-ы корпус Чырв. Арміі Кітая. Удзельнік Паўн.-Зах. паходу 1934—36. У час нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 нам. каманд. 8-й арміяй, адзін з ініцыятараў «бітвы ста палкоў». У час трэцяй грамадзянскай вайны 1946—49 камандаваў арміямі. Каманд. кіт. войскамі ў Карэйскай вайне 1950—53. З 1954 міністр абароны, нам. старшыні Дзяржсавета КНР, чл. Палітбюро ЦК Кампартыі Кітая. Быў прыхільнікам умацавання дружбы з СССР. У 1959 на 8-м (Лушаньскім) пленуме ЦК Кампартыі выступіў супраць авантурыстычнага курсу Мао Цзэдуна на «вялікі скачок», за што адхілены ад усіх пасад. У 2-й пал. 1960-х г. рэпрэсіраваны ў ходзе «культурнай рэвалюцыі» і быў пакалечаны хунвэйбінамі. Памёр у зняволенні. У 1978 рэабілітаваны.

Тв.:

Рус.пер. — Мемуары маршала. М., 1988.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)