АНКО́ЛЬ,
від кароткатэрміновага крэдыту, які выдаецца банкам на няпэўны тэрмін з прадастаўленнем пазычальніку права выкарыстоўваць гэты крэдыт паступова. Выдаецца па першым патрабаванні крэдытора. Выкарыстоўваецца банкамі для падтрымання неабходнага ўзроўню іх ліквіднасці. Анколь, як правіла, забяспечваецца залогам тавараў, вэксаляў і каштоўных папер. Ад звычайнай пазыкі адрозніваецца тым, што сума доўгу і сума забеспячэння маюць бягучы характар і па патрабаванні кожнага з бакоў у любы момант можа быць спынены. Пазычальнік плаціць банку працэнты толькі за фактычна ўзятыя сумы. У знешнім гандлі анколь прадугледжвае пастаўку тавару з фіксацыяй цаны, якая вызначаецца на аснове каціроўкі адпаведнай біржы ў выбраныя пакупніком дні.
Г.І.Краўцова.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТО́Р (ад лац. creditor пазыкадавальнік),
суб’ект (фіз. або юрыд. асоба), які дае грошы, тавары і інш. каштоўнасці ў пазыку (у крэдыт, доўг і інш.); у бухгалтарскім уліку — фіз. або юрыд. асоба, якой прадпрыемства (фірма) запазычыла грашовыя сродкі. К. могуць быць, напр., пастаўшчыкі і падрадчыкі за прадастаўленыя імі, але не аплачаныя матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы і паслугі, заказчыкі па атрыманых ад іх авансах, вэксалетрымальнікі па атрыманых вэксалях, арг-цыі, якія выдалі крэдыт, дэпаненты па нявыплачанай у тэрмін зарплаце і інш. Каб стаць К., неабходна мець пэўныя сродкі. Іх крыніцай могуць быць уласныя зберажэнні або запазычаныя ў інш. уладальнікаў сродкі. К., як правіла, становяцца добраахвотна, маючы матэрыяльную зацікаўленасць у выглядзе атрымання пазыковага працэнта — цаны за атрыманне крэдыту. Пазычальнік абавязаны вярнуць доўг з працэнтамі. Разлікі з К. улічваюцца на адпаведных рахунках бухгалтарскага ўліку, якія адлюстроўваюць, напр., разлікі з пастаўшчыкамі і падрадчыкамі, пакупнікамі і заказчыкамі, рабочымі і служачымі, з бюджэтам і інш. Даўгі К. ўтвараюць крэдыторскую запазычанасць.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫ́КА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,
пасіўная форма дзяржаўнага крэдыту, калі дзяржава выступае ў якасці пазычальніка і прыцягвае часова свабодныя грашовыя сродкі суб’ектаў гаспадарання для фінансавання агульнадзярж. патрэб шляхам выпуску і рэалізацыі аблігацый, казначэйскіх абавязацельстваў, вэксаляў і інш. дзяржаўных каштоўных папер. Паводле права эмісіі П.дз. падзяляецца на пазыкі, якія выпускаюцца ўрадам і мясц. органамі ўлады (муніцыпальныя пазыкі); па катэгорыі трымальнікаў дзяржаўных абавязацельстваў — на пазыкі, якія рэалізуюцца сярод насельніцтва; пазыкі, якія распаўсюджваюцца сярод прадпрыемстваў і ўстаноў; універсальныя пазыкі для іх размяшчэння сярод юрыд. і фіз. асоб; па тэрмінах пагашэння — на кароткатэрміновыя (тэрмін пагашэння 1 год), сярэднетэрміновыя (да 5 гадоў), доўгатэрміновыя (звыш 5 гадоў); па метадах размяшчэння — на добраахвотныя (размяшчаюцца па падпісцы) і прымусовыя. П.дз. могуць быць аблігацыйныя (прадугледжваюць эмісію каштоўных папер дзяржавы) і безаблігацыйныя (казначэйскія абавязацельствы, вэксалі, крэдытаванне цэнтр. банкам дзярж. бюджэту, якія афармляюцца шляхам запісаў у даўгавых кнігах, дагавораў, пагадненняў і выкарыстоўваюцца на міждзярж. узроўні. У залежнасці ад формы выплаты даходаў адрозніваюць П.дз.: працэнтныя (уладальнік штогод атрымлівае цвёрды даход па ўстаноўленай працэнтнай стаўцы), выйгрышныя (трымальнікі пазыкі атрымліваюць даход у форме выйгрышаў у момант пагашэння аблігацыі), працэнтна-выйгрышныя (выплата часткі даходу па купонах, а часткі ў выглядзе выйгрышаў), бяспройгрышныя (гарантуюць, што выйгрыш прыпадае на кожную аблігацыю), беспрацэнтныя (трымальнікам аблігацый гарантуецца атрыманне адпаведнага тавару, попыт на які поўнасцю не задавальняецца). Спецыфічнай формай дзярж. крэдыту з’яўляецца ператварэнне часткі ашчадных укладаў насельніцтва ў П.дз., пры якой размяшчэнне грашовых сродкаў насельніцтва ў дзярж. каштоўныя паперы ажыццяўляецца з дапамогай ашчаднага банка. Знешнія П.дз. характарызуюцца тым, што дзяржава выступае на сусв. рынку як пазычальнік. Яны прадастаўляюцца ў грашовай або таварнай формах і з’яўляюцца крыніцамі паскоранага сац.-эканам. развіцця і ўмацавання фін. становішча дзяржавы-атрымальніка сродкаў, інвесціравання новых тэхналогій і садзейнічаюць умацаванню міжнар. супрацоўніцтва. Найчасцей знешнія П.дз. выступаюць у форме інвестыцыйных крэдытаў, якія выкарыстоўваюцца на капітальныя ўкладанні. Могуць выдзяляцца непасрэдна ўраду на падтрымку эканам. рэформ, рэфармаванне і ўмацаванне дзярж. кіравання, памяншэння бюджэтнага дэфіцыту. Пагашэнне пазык па ўзгадненні бакоў ажыццяўляецца таварнымі пастаўкамі або валютай.
А.Ф.Кірэева.
т. 11, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)