ЭКСТРАСЕНСО́РЫКА (ад экстра... + лац. sensus пачуццё, адчуванне),

1) адзін з кірункаў біяфізікі і парапсіхалогіі, звязаны з вывучэннем пачуццёвых спосабаў прыёму і апрацоўкі біял. інфармацыі.

2) Здольнасць бачыць біяполе (аўру) чалавека і па яго выглядзе рабіць дыягностыку здароўя, эмацыянальнага і фіз. стану. Людзей, якія валодаюць павышанай адчувальнасцю да біяполя і здольныя ім кіраваць, наз. экстрасэнсамі. Лічыцца, што яны могуць бачыць рух розных патокаў і віхраў, размешчаных уздоўж восі чалавека ў межах энергет. цэнтраў (цемя, міжброўе, аснова горла, узровень сэрца, сонечнае спляценне, лабок і прамежнасць), пазнаваць з дапамогай рукі расстройствы ў целе, выраўноўваць біяполе і аказваць лячэбнае ўздзеянне на чалавека.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ДАМЕР (Gadamer) Ганс Георг (н. 11.2.1900, г. Марбург, Германія),

нямецкі філосаф, заснавальнік філас. герменеўтыкі. Скончыў Марбургскі ун-т (1922). З 1932 праф. філасофіі ў Лейпцыгу, у 1946—47 рэктар Лейпцыгскага ун-та, з 1949 праф. філасофіі ў Гайдэльбергу. У асн. працы «Ісціна і метад» (1960) абгрунтаваў канцэпцыю філас. герменеўтыкі, якую разглядаў не проста як метад гуманіт. навук. а як своеасаблівую анталогію, свайго роду філасофію разумення, што ўключала ўсю сукупнасць чалавечых ведаў пра свет і быццё. Выступаў супраць неапазітывісцкага, рацыянальнага метаду пазнання сац. з’яў і лічыў неабходным перайсці «ад навукі да свету жыцця». Ісціну не можа пазнаваць і абвяшчаць нехта адзін, толькі дыялог дапамагае прыйсці да яе.

Тв.:

Рус. пер. — Истина и метод. М., 1988;

Актуальность прекрасного. М., 1991.

Т.​І.​Адула.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПРЫ́НЦЫНГ (англ. imprinting ад imprint пакідаць след, запамінаць),

у біялогіі — працэс фарміравання ў раннім перыядзе развіцця арганізма ўстойлівай індывід. выбіральнасці да знешніх стымулаў, а таксама спец. форма навучання жывёл, фіксацыя ў іх памяці адметных прыкмет аб’ектаў, некат. прыроджаных паводзінскіх актаў. Асновы навук. канцэпцыі І. заклаў у 1930-я г. аўстр. біёлаг К.​Лорэнц. Фарміраванне І. магчыма толькі на позніх этапах эмбрыянальнага і на ранніх этапах постэмбрыянальнага развіцця, на працягу фіксаваных крытычных, або адчувальных, перыядаў. Ад звычайных відаў навучання адрозніваецца хуткасцю ўзнікнення і працягласцю дзеяння. Напр., рэакцыя руху ў вывадкавых птушак неабарачальна замацоўваецца (запамінаецца) у першыя дні жыцця. Прыроджаная рэакцыя навучання дазваляе жывёлам рухацца за бацькамі і адзін за адным, «пазнаваць» іх. У птушак і млекакормячых вядома таксама з’ява палавога І. (ідэнтыфікацыя асобінай сваёй відавой прыналежнасці). У псіхалогіі І. называюць утварэнне ўстойлівых слядоў у псіхіцы чалавека пасля аднаразовага перажывання.

т. 7, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)