КО́БРЫНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся 27.7.1812 у г. Кобрын і яго наваколлі паміж рус. дывізіямі К.​В.​Ламберта і Я.​І.​Чапліца і атрадам саксонскага корпуса Ж.​Л.​Рэнье ў вайну 1812. Камандуючы 3-й Зах. арміяй А.​П.​Тармасаў атрымаў заданне выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле франц. арміі, 17 ліп. ён загадаў Ламберту і А.​Р.​Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асн. сілы арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войск ад Кобрына, асобы атрад ген. А.​П.​Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 25 ліп. атрад Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта, і раніцай 27 ліп. яны падышлі да Кобрына. Пасля падыходу перадавога атрада 3-й арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына. У выніку 9-гадзіннага бою саксонцы адступілі з горада і здаліся. Было забіта каля 2 тыс. саксонцаў, узяты ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чал. ніжніх чыноў; страты рускіх склалі 77 чал. забітымі і 182 параненымі. К.б. быў першай перамогай рус. войск з пачатку вайны. У выніку французы павінны былі трымаць супраць арміі Тармасава значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы.

Ш.​І.​Бекцінееў, В.​В.​Швед.

Помнік у гонар перамогі ў Кобрынскім баі 1812.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́ГІН (Васіль Васілевіч) (26.10.1842, г. Чарапавец, Расія — 13.4.1904),

рускі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1860—63), у майстэрні Ж.​Л.​Жэрома ў Парыжы (1864—65). Вандраваў па Расіі, Зах. Еўропе, Сірыі, Палесціне, Індыі, Японіі, ЗША і інш. Удзельнічаў у заваяванні Сярэдняй Азіі (1867—68), рус.-тур. (1877—78) і рус.-яп. (1904—05) войнах; загінуў у Порт-Артуры пры выбуху на браняносцы «Петрапаўлаўск». Быў блізкі да перасоўнікаў. У тэматычных серыях карцін «Туркестанская» (1871—74), «Балканская» (1877—78 і 1880-я г.), на тэму вайны 1812 (1887—1904) і інш. паказаў жорсткія будні вайны [«Пасля няўдачы. (Пераможаныя)», 1868], цяжар і героіку ратнай працы (трыптых «На Шыпцы ўсё спакойна!», 1878—79), мужнасць і маральную сілу народа-змагара («Не чапай, дай падысці!», 1887—95). У яго творах рамант. ўвасабленне ваен. сутыкненняў упершыню ў рус. батальным жанры саступіла месца філас. разважанням пра вайну («Апафеоз вайны», «Нападаюць знянацку», абедзве 1871), выкрыццю рэліг. фанатызму («Трыумфуюць», 1872), каланіялізму («Задушэнне індыйскага паўстання англічанамі», 1884). Па ўласных замалёўках і натурных эцюдах стварыў адметны жанр дакумент.-этнагр. жывапісу, дзе спалучыў дакумент. дакладнасць адлюстравання з дасканала распрацаванай кампазіцыяй, выразным малюнкам, каларыстычным рашэннем [«У гарах Алатау», 1869—70, «Дзверы Цімура (Тамерлана)», 1872—73, «Маўзалей Тадж-Махал у Агры», 1874—76, і інш.].

Тв.:

Избр. письма. М., 1981.

Літ.:

Верещагин В.В. Воспоминания сына художника. Л., 1982;

Лебедев А.К., Солодовников А.В. В.​В.​Верещагин. М., 1988.

А.​В.​Кашкурэвіч.

В.Верашчагін. Дзверы Цімура (Тамерлана). 1871—72.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)