ДЫСТО́РСІЯ (ад лац. distorsio скрыўленне),

скажэнні відарысу ў аптычных сістэмах з-за рознага лінейнага павелічэння розных яго частак; адна з аберацый аптычных сістэм. У выніку Д. відарыс прамавугольнага прадмета набывае падушка- ці бочкападобную форму. У асобных выпадках (напр., сіметрычныя аб’ектывы або падзорныя трубы) Д. можна ліквідаваць.

Дысторсія: а — арыгінал; б, в — падушкападобная і бочкападобная дысторсіі адпаведна.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАТЫЯРА́ЛЬНЫЯ (Dothiorales),

парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Пашыраны ў субтрапічных і трапічных раёнах, многія — ва ўмеранай зоне. На Беларусі трапляюцца віды з родаў батрыясферыя, датыёра, гіньярдыя. Сапратрофы на розных раслінных рэштках, паразіты на лісці, сцяблах, пладах розных раслін.

Пладовыя целы (псеўдатэцыі) падушка- або коркападобныя, чорныя, з адной ці некалькімі локуламі, часам зрастаюцца. Сумкі 2—16-споравыя, булавападобныя, на кароткай ножцы. Споры адна- ці шматклетачныя. У цыкле развіцця адзначаны канідыяльныя стадыі.

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВАЯ́Н (Размік Нікагосавіч) (н. 3.7.1940, в. Мец Парні Спітакскага р-на, Арменія),

армянскі паэт. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1964). Друкуецца з 1964. З 1994 старшыня СП Арменіі. Аўтар кніг вершаў і паэм «Мой свет» (1963), «Праз цені» (1967), «Рэквіем» (1969), «Соты» (1973), «Гарачыя пліты» (1978), «Медная ружа» (1983), «Выбранае» (1987), «Эпас юнацтва», «Каменная падушка» (абедзве 1989) і інш., у якіх шматграннае адлюстраванне духоўнага свету суайчыннікаў, асэнсаванне іх праблем і пошукаў, беражлівыя адносіны да традыцый класічнай арм. л-ры, багацце новых паэт. формаў. Дзярж. прэмія Арменіі 1985. На бел. мову асобныя творы Даваяна пераклаў Р.​Барадулін.

С.​Арзуманян.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НА,

надземная разгалінаваная частка дрэва. У ёй фарміруюцца лісце, кветкі і плады, адбываюцца асн. жыццёвыя працэсы расліны — дыханне, транспірацыя, фотасінтэз і інш. Памеры К. залежаць ад узросту, хуткасці росту і генетычна абумоўленай будовы. Дрэвы 1-й велічыні маюць дыяметр К. больш за 10 м (напр., дуб, клён вастралісты, ясень); 2-й — 5—10 м (напр., граб, груша звычайная); 3-й — 2—5 м (напр., рабіна, чаромха). Форма К. спадчынная, але мяняецца з узростам і ў залежнасці ад умоў існавання. Бываюць К. павойныя, падушка- і парасонападобныя, пірамідальныя, ніцыя, сцелістыя, сцягападобныя і інш. У дэкар. садаводстве і пладаводстве К. фарміруюць штучна.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАГЕНЕРА́ТАР (ад газ + генератар),

апарат для тэрмічнай перапрацоўкі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы. Атрыманыя ў газагенератары газы наз. генератарнымі, працэс — газіфікацыяй паліва.

Стацыянарныя газагенератары служаць для атрымання газаў, якія выкарыстоўваюцца як паліва ў прамысл. печах, газавых рухавіках. У хім. прам-сці з дапамогай газагенератара атрымліваюць тэхнал. газ (для вытв-сці сінт. аміяку), вадкае паліва, інш. прадукты. Прасцейшы газагенератар — цыліндрычная метал. шахта, выкладзеная знутры вогнетрывалым матэрыялам. Зверху ў яе падаюць паліва, якое газіфікуецца (вугаль, драўніну і інш.), знізу — газавую сумесь у колькасці, недастатковай для поўнага згарання паліва. Атрыманы прадукт ідзе на перапрацоўку — ахаладжэнне, кандэнсацыю і інш.

Газагенератар для газіфікацыі цвёрдага паліва ў шчыльным слоі: 1 — зона падрыхтоўкі паліва; 2 — узнаўляльная зона; 3 — акісляльная зона; 4 — шлакавая падушка.

т. 4, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,

калядкі, жанр стараж. нар. абрадавых песень зімовага цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Спяваюцца пры калядаванні. Пашыраны ў індаеўрап., у т. л. слав. народаў. На Беларусі найб. распаўсюджаны ў паўд. і цэнтр. раёнах. Сінкрэтычна звязаны з нар. гульнямі і тэатр. паказамі пераапранутых. Іх прызначэнне ў старажытнасці — наблізіць надыход сонечнага цяпла і паспрыяць багатаму ўраджаю. Вызначаюцца святочна-прыўзнятым ці гулліва-гумарыст. настроем. Паводле зместу К.п. — велічальнае віншаванне гаспадароў хаты, пажаданне ім дабра і заможнасці, услаўленне іх працавітасці і шчодрасці, ухваленні дарослых дачкі і сына, дабрадушныя кепікі з дзеда і старой. Прац. тэматыка часта спалучаецца са шлюбнымі матывамі. Тыповыя для К.п. і замалёўкі са свету звяроў, свойскай жывёлы і птушак, апяванне самой персаніфікаванай Каляды з мехам пірагоў, вясёлых зімовых свят, з якімі селяніну так не хочацца развітвацца («Ай, калядачкі, вы вярніцеся», «Каб калядачак цэлы гадочак»). У паэт. тэкстах некат. К.п. ёсць гіст. матывы, чутны адгалоскі войнаў. Урадлівасць і багацце пададзены ў іх гіпербалізавана, а карціны прыроды набываюць часам касм. формы («Ходзіць-паходзіць месяц па небу, кліча-пакліча зоры з сабою»). Для каляднай вобразнасці найб. характэрны амбівалентныя карнавалізаваныя ператварэнні: «каза», якая ўсімі ўшаноўвалася, «упала, здохла і прапала», а потым уваскрэсла ў скоках; дыялогі і спрэчкі жывёл, птушак і рыб рэзюмуюцца нечаканымі змяшчэннямі: «З цябе, рыбачка, смачная юшка, а з мяне, арла — мяккая падушка». К.п. характэрны сталыя рэфрэны, перакліканне запявалы з хорам, слоўныя прыгаворы перад спяваннем і пасля яго. Напевы К.п. тыпалагічна акрэсленыя і надзвычай устойлівыя; найчасцей квінтавыя з дакладнай структурай і характэрнай калядкавай рытмаформулай («А ў борку, ў борку», «За мхом, за мхом на пожанкі»). Гучанне маляўнічае дзякуючы багатым тэмбравым зрухам і розным гукапераймальным прыёмам, абумоўленым сувяззю з тэатралізаванай гульнёй. У паўд. (Палессе) і цэнтр. раёнах Беларусі пераважаюць песні святочна-прыўзнятага характару са звонкімі рэфрэнамі-воклічамі, у паўн. (Паазер’е) — гарэзліва-гуллівыя, ва ўсх. набліжаюцца да распеўных лірычных або пластычных карагодных песень. Агульныя з калядкамі тыпы напеваў, акрамя навагодніх віншаванняў-прыгавораў, маюць шчадроўскія песні. Зберагліся ў побыце вёскі і бытуюць як вясёлая навагодняя карнавальная забава.

Публ.: Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі / Скл. А.​І.​Гурскі, З.​Я.​Мажэйка. Мн., 1975 (Бел. нар. творчасць); Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962; Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Можейко З.Я. Коляда в белорусском полесском селе // Сов. этнография. 1969. №3;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)