СТРО́МА (ад грэч. strōma падсцілка),
аснова органаў жывёл, якая складаецца з неаформленай злучальнай тканкі. У С. знаходзяцца валакністыя структуры, што абумоўліваюць яе апорнае значэнне, размяшчаюцца спецыфічныя элементы органаў, праходзяць крывяносныя і лімфатычныя сасуды. Таксама С. наз. бялковую аснову эрытрацытаў і пластыд, спляценне гіфаў, на якім размешчаны пладовыя целы або канідыяносцы ў сумчатых і недасканалых грыбоў.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБСТРА́Т (ад позналац. substratum аснова, літар. — падсцілка),
сукупнасць адносна простых, якасна элементарных утварэнняў, узаемадзеянне якіх абумоўлівае ўласцівасці пэўнай сістэмы ці працэсу; агульная аснова ўсіх з’яў і працэсаў. Паняцце «С.» блізкае да субстанцыі, таму першапачаткова ў філасофіі іх не адрознівалі, але кожнае з іх датычыцца розных аспектаў рэчаіснасці. У адрозненне ад субстанцыі як фундаментальнай сутнасці быцця, якая забяспечвае ўнутр. адзінства канкрэтных рэчаў, з’яў і працэсаў, пад С. разумеюць найб. элементарны (ніжні) слой рэальнасці. У некат. матэрыяліст. вучэннях С. прызнаваліся непадзельныя атамы, у ідэаліст. — нематэрыяльная энергія (энергетызм), «элементы свету» (эмпірыякрытыцызм) і інш. Адрозніваюць метафізічна-матэрыяліст. тлумачэнне С., дзе С. разглядаецца як элементарны нязменны першапачатак і зыходны носьбіт усіх уласцівасцей, стану і атрыбутаў аб’ектыўнай рэальнасці, і дыялектыка-матэрыяліст. разуменне С., дзе прызнаецца змяняльная прырода С. як вынік узаемадзеяння форм руху і субстратнага аспекту матэрыяльнага быцця. Ў гэтых межах паняцце С. выкарыстоўваецца для характарыстыкі якаснай неаднароднасці сістэмнай арганізацыі матэрыі і разнастайнасці структурных узроўняў розных форм руху. С. фіз. працэсаў лічацца элементарныя часціцы і палі, фундаментальныя ўздзеянні якіх (гравітацыйныя, электрамагнітныя, слабыя і моцныя) абумоўліваюць фізіка-хім. формы руху. С. хім. рэакцый выступаюць атамы, якія захоўваюць устойлівасць пры стварэнні і пераўтварэнні розных відаў рэчываў. С. у біялогіі — аснова, да якой прымацаваны нерухомыя арганізмы (для мікраарганізмаў і раслін адначасова з’яўляецца пажыўным асяроддзем); апорны элемент навакольнага асяроддзя, напр., грунт вадаёмаў для бентасу. У біяхіміі С. — рэчыва, на якое ўздзейнічае фермент. С. сац. форм руху з’яўляецца чалавек, мэтанакіраваная дзейнасць якога ляжыць у аснове ўсіх сац. змен.
А.Б.Савеня.
т. 15, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)