КІНАЗНА́ЎСТВА,

галіна мастацтвазнаўства; навука, якая вывучае кінамастацтва, яго спецыфіку, заканамернасці развіцця, сацыяльна-эстэт. ролю ў грамадстве, узаемаадносіны з інш. мастацтвамі, віды і жанры кінематографа, выразныя сродкі, працэс стварэння кінафільмаў, іх пракат і ўспрыняцце гледачамі. Уключае таксама гісторыю і тэорыю кіно, кінакрытыку, кінабібліяграфію і фільмаграфію. Развіваецца ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі, асабліва з эстэтыкай, сацыялогіяй, псіхалогіяй.

К. ўзнікла адначасова са з’яўленнем кіно. У 1910-я г. станаўленне сусв. К. адбывалася ў рэчышчы агульнаэстэт. пошукаў: работы К.​Ланге, П.​Вегенера, Х.​Хефкера (Германія), Дж.​Папіні, Э. Дэ Амічыса, Р.​Кануда (Італія), В.​Ліндсея, Г.​Мюнстэрберга (ЗША) і інш. У Расіі гэты працэс асэнсоўваўся ў часопісах, у 1916 выдадзены зб. «Уся кінематаграфія». Гэтыя пошукі падсумаваны ў першай кіназнаўчай кнізе Л.​Дэлюка «Фотагенія» (1920, Францыя). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. найб. значнай тэмай былі дыскусіі пра гукавое кіно (маніфест М.​Паньёля «Парыжская сінематургія», 1933). Важныя эстэт. сінтэзы ў кінатэорыі зроблены ў творах Р.​Арнгайма, Э.​Панофскага, В.​Беньяміна (Германія), Х.​Рыда (Вялікабрытанія), Я.​Мукаржаўскага (Чэхія) і інш. Пытанні сац. адказнасці кіно разглядалі Дж.​Грырсан, П.​Рота (Вялікабрытанія). У 1930—40-я г. тэорыі авангардызму змяніліся эстэт. і сацыялагічнымі абагульненнямі, падыходам да кіно як да цэласнай сістэмы (Р.​Спотысвуд у Вялікабрытаніі, А.​Аструк у Францыі і інш.). У італьян К. пашырылася тэорыя неарэалізму, развіццё якой адзначыла новы этап у зах. К. і станаўленне фенаменалагічнай кінатэорыі ў 1950—60-я г. (А.​Эйфр, А.​Ажэль, Р.​Мюнье). Развівалася тэорыя кінарэалізму (А.​Базен, З.​Кракаўэр), сцвярджалі тэорыю «прамога кіно» — Ж.​Руш, К.​Маркер, М.​Руспалі, «аўтарскага кіно» — Ж.​Даніёль-Валькроз, П.​Каст. Ф.​Труфо, Э.​Рамер, семіётыку кіно — Ж.​Мітры і інш. З 1970-х г. у зах. К. склаўся шэраг кірункаў, якія вывучалі кіно праз прызму розных методык. Уклад у развіццё гісторыі кіно зрабілі Дж.​М.​Куасак, Т.​Рэлуі, Рота, М.​Бардэш, Р.​Бразіяк, Ж.​Садуль, Мітры і інш. У СССР дарэв. кіно вывучалі Б.​Ліхачоў, М.​Іезуітаў, С.​Гінзбург, М.​Лебедзеў і інш. Сав. кінамастацтва часцей асэнсоўвалі самі яго дзеячы, кіназнаўцы і крытыкі (С.​Эйзенштэйн, Л.​Куляшоў, У.​Пудоўкін, Дз.​Вертаў, В.​Шклоўскі, Ю.​Тынянаў, А.​Піятроўскі). У 1950-я г. створана гіст.-метадалагічная праца «Нарысы гісторыі савецкага кіно» (т. 1—3, 1956—61). Перыяд нямога кіно даследаваў Лебедзеў («Нарыс гісторыі кіно СССР», 1947; 2-е выд., 1965). У 1960-я г. выдадзены работы Эйзенштэйна, Пудоўкіна, А.​Даўжэнкі, Вертава, Э.​Шуб, Куляшова і інш. Даследаваўся замежны кінематограф, выдаваліся творы тэарэтыкаў кіно Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, ФРГ, ЗША і інш., артыкулы і сцэнарыі рэж. Ф.​Феліні, Л.​Вісконці, М.​Антаніёні, І.​Бергмана, манаграфіі пра дзеячаў айч. і замежнага кінематографа. Выкладчыкі Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі стварылі «Кароткую гісторыю савецкага кіно» (1969). У 1969—78 з удзелам кіназнаўцаў рэспублік выдадзена 4-томная «Гісторыя савецкага кіно». У 1970-я г. пачалося выданне серыі гіст.-навук. работ па нац. кінематаграфіі.

У 1980-я — пач. 1990-х г. выйшла некалькі манаграфій, зборнікаў, даведнікаў. З 1988 НДІ кінамастацтва Кінакамітэта Расіі, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследаванняў кінакультуры і маск. Музей кіно выдаюць час. «Киноведческие записки».

Станаўленне бел. кіно ў 1920—30-я г. асвятлялася ў перыяд. друку. Пасля Вял. Айч. вайны сродкі масавай інфармацыі асвятлялі асн. праблемы бел. кінематографа, выходзілі артыкулы пра кінадраматургію, рэжысуру, тэматычную скіраванасць кінастудыі «Беларусьфільм», экранізацыю твораў бел. пісьменнікаў і драматургаў. Артыкулы па К. змяшчаліся ў навук. зборніках АН Беларусі, выдаваліся брашуры пра пачынальнікаў бел. кіно і інш. У 2-й пал. 1950—60-х г. прыход новых творцаў, пашырэнне кінавытв-сці і павышэнне маст. ўзроўню фільмаў садзейнічалі станаўленню К. У 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створаны сектар тэатра, кіно і музыкі, на аснове якога ўзнік сектар тэатра і кіно (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У «Весцях АН БССР» і інш. выданнях друкаваліся артыкулы аб фільмах-спектаклях, кінапубліцыстыцы, героіка-патрыятычнай і сучаснай тэматыцы ў даваен. і пасляваен. бел. кінамастацтве (зб-кі «Беларускае мастацтва», 1957, 1962; «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва», 1968). Першая манаграфія, прысвечаная гісторыі кінамастацтва Беларусі, — «Беларускае кіно» А.​Красінскага, В.​Смаля, Г.​Тарасевіча (1962). Станаўленне і асн. этапы развіцця бел. кінематаграфіі 1920—60-х г. асветлены ў «Гісторыі беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70). Спецыфіку вобразнасці ў кінапубліцыстыцы даследавалі Е.​Бондарава, Л.​Шылава («Нарыс на экране», 1969), Н.​Фральцова («Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз», 1977), віды і жанры кіно, спецыфіку кінавобраза — В.​Нячай, Г.​Ратнікаў («Асновы кінамастацтва», 1978). Гісторыя бел. кіно выкладзена ў працы Красінскага «Экран зямлі беларускай» (1973). Розныя бакі кінамастацтва Беларусі, творчасць сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кінамастакоў, асн. праблемы дакумент. і ігравога кіно адлюстраваны ў калектыўных зборніках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), кнігах «Размовы каля экрана» (1973), Смаля «На экране — герой і народ» (1974), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979), «Праз прызму дзесяцігоддзяў» (1980); Красінскага «Беларускія акцёры ў кіно» (1973), «Кінадакумент і вобраз часу» (1980), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987). Заснавальнікам бел. кіно Ю.​Тарычу і У.​Корш-Сабліну прысвечаны манаграфіі «Юрый Тарыч» Красінскага (1971) і «Кінастужка даўжынёю ў жыццё» Бондаравай (1980). Творчасць В.​Турава разглядаецца ў манаграфіі Л.​Паўлючыка «Ад споведзі да эпаса» (1985). Здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі даследаваны ў працах Бондаравай «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993). Узаемадзеянню кінамастацтва з грамадствам і яго ўплыву на гледача прысвечаны манаграфіі Красінскага «Фільмы, героі, час» (1975), С.​Міхайлавай «Актыўны экран» (1979). Спецыфіка тэлеэкрана разглядаецца ў кнігах Нячай «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Вялікі свет малога экрана» (1976), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), замежныя фільмы на айч. экранах — у яе працах «Аб густах спрачаюцца» (1986), «Экран выкрывае» (1987). Значным укладам у К. стала даследаванне Ратнікава «Жанравая прырода фільма» (1990). Актуальныя праблемы творчага працэсу асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», у артыкулах Фральцовай, А.​Бабковай, Л.​Саянковай, В.​Мядзведзевай, Н.​Агафонавай, І.​Аўдзеева і інш. У 1996 выдадзены даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы», складзены Аўдзеевым і Л.​Зайцавай.

Е.​Л.​Бондарава.

т. 8, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТО́РЫЯ ФІЛАСО́ФІІ,

навука пра станаўленне, развіццё і барацьбу філас. ідэй, канцэпцый і сістэм, светапогляд мысліцеляў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх і паліт. дзеячаў.

Элементы гісторыка-філас. ведаў узніклі ў Стараж. Грэцыі ў 4—3 ст. да н.э. — 2—3 ст. н.э. (творы Арыстоцеля, Дыягена Лаэрцкага, Секста Эмпірыка). У эпоху позняга элінізму яны развіваліся айцамі хрысц. царквы (Яўсевій Кесарыйскі, Аўгусцін Блажэнны). Араб. філосаф Шахрастані (12 ст.) упершыню паспрабаваў сістэматызаваць філасофію стараж. грэкаў, персаў, яўрэяў, арабаў у кн. «Рэлігійныя секты і філасофскія школы». Першым хрысц. гісторыка-філас. даследаваннем сярэдневяковай Еўропы была праца У.​Бёрклі (1275—1357) «Кніга пра жыццё і смерць старажытных філосафаў і паэтаў». У эпоху Адраджэння гісторыю філасофіі даследавалі пераважна ў рамках гісторыі культуры. Самаст. навукай стала ў сярэдзіне 17 ст., калі выйшлі даследаванні «Гісторыя філасофіі» (1655—61) Т.​Стэнлі, «Гісторыя філасофіі ў сямі кнігах» (1658) Г.​Хорна, «Пра філасофію і філасофскія школы» (1658) Г.​Фоса. Погляд на развіццё філасофіі як рух да спасціжэння хрысц. мудрасці падсумаваны ў кн. Я.​Брукера «Крытычная гісторыя філасофіі ад стварэння сусвету да нашага часу» (1742—47). Пад уплывам ідэй Асветніцтва ўзнікла крытычная плынь у гісторыі філасофіі, якая ўключала гісторыю пазнання, логіку, псіхалогію, развіццё прыродазнаўства. Ідэю гістарызму ў філас. пазнанні развівалі Дж.​Віка, Ш.​Мантэск’ё, І.​Гердэр, І.​Кант, І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг. Гісторыю еўрап. думкі і навукі з дыялектычных пазіцый падсумаваў Г.​Гегель у кн. «Лекцыі па гісторыі філасофіі», «Энцыклапедыя філасофскіх навук» (1817). У 19 ст. пачаліся сістэматычныя даследаванні гісторыі філасофіі Рас. імперыі. У 1920-я г. ўзрасла цікавасць да ранейшай гісторыі філасофіі. Па гэтай праблеме апублікаваны кн. «Нарыс гісторыі рускай філасофіі» (2-е выд., 1920) Э.​Радлава, «Шляхі развіцця філасофіі ў Расіі» (1922) М.​Яршова, «Нарыс развіцця рускай філасофіі» (ч. 1, 1922) Г.​Шпета. У эмігранцкім рас. асяроддзі з’явіліся арыгінальныя манаграфіі «Руская ідэя: Асноўныя праблемы рускай думкі XIX і пачатку XX ст.» (1946) М.​Бярдзяева, «Гісторыя рускай філасофіі» (т. 1—2, 1948—50) В.​Зянькоўскага, «Гісторыя рускай філасофіі» (1951) М.​Лоскага, у Маскве выдадзена 5-томная «Гісторыя філасофіі ў СССР» (1985—88).

Гісторыя філас. думкі Беларусі даследавалася ў адзінстве з развіццём грамадска-паліт., эстэт. і сацыялагічнай думкі. У эпоху сярэдневякоўя (10—15 ст.) важнай крыніцай тэарэт. і практычнай мудрасці былі біблейскія кнігі філасофска-этычнага зместу, вусная нар. творчасць. Філас. раздзелы «Крыніцы ведаў» візант. пісьменніка Іаана Дамаскіна (каля 675—754), напісаныя паводле прац Арыстоцеля і яго хрысц. каментарыяў, былі перакладзены на стараслав. мову. Біблейская філасофія светастварэння пераказана ў «Аповесці мінулых гадоў» (12 ст.), якая выкарыстоўвалася на Беларусі як адна з крыніц мясц. летапісу. Пачынальнікам самабытнай сінкрэтычнай мудрасці (адзінства тэалогіі, філасофіі, аратарскага і паэт. мастацтва) у старадаўняй Беларусі быў Кірыла Тураўскі. У 10—15 ст. на Русі адукаваныя людзі знаёміліся з ант. і сярэдневяковай філасофіяй, л-рай, этыкай і эстэтыкай па энцыклапедычным зб. «Пчала» (13 ст.). Нар. пантэістычна-маст. светапогляд выявіўся ў паэме «Слова аб палку Ігаравым» (канец 12 ст.), у фабулу якой увайшлі фрагменты з гісторыі Полаччыны, мясц. песні, легенды. У 16—17 ст. склалася рэгіянальная самабытная гуманіст. ідэалогія, філасофія, этыка і эстэтыка (творчасць і асветніцкая дзейнасць Ф.​Скарыны, М.​Гусоўскага, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, А.​Волана, заканадаўчая дзейнасць Л.​Сапегі, Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588, палемічныя творы А.​Філіповіча, М.​Сматрыцкага, братоў Л. і С.​Зізаніяў і інш.). З пазіцый хрысц. філасофіі і этыкі сутнасць чалавека, грамадства і сусвету тлумачыў Сімяон Полацкі. Асаблівасць развіцця філас. думкі ў Беларусі і Літве канца 16 — 1-й пал. 18 ст. — засваенне ант., сярэдневяковай і новаеўрап. філасофіі, гуманіт. навукі, прыродазнаўства, маст. культуры праз Віленскі ун-т, мясц. калегіумы, базыльянскія і піярскія школы, якія існавалі ў большасці бел. гарадоў і мястэчак. Асветніцкую філасофію 18 — 1-й пал. 19 ст. прадстаўлялі А.​Доўгірд, паслядоўнікі філасофска-эканам. тэорыі фізіякратаў І.​Храптовіч, І.​Страйноўскі, К.​Багуслаўскі, тэарэтыкі рыторыкі і паэзіі Ф.​Галянскі, Э.​Славацкі, Л.​Бароўскі і інш. Філасофія, этыка і эстэтыка бел. нац. Адраджэння — духоўнага і грамадска-паліт. руху да стварэння самабытнай бел. культуры і нац. дзяржаўнасці — сфарміраваліся ў творчасці К.​Каліноўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, Цёткі (А.​Пашкевіч), Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага, дзеячаў Бел. сацыяліст. грамады і газ. «Наша ніва» А.​Луцкевіча, В.​Ластоўскага, публіцыстаў Л.​Гмырака (М.​Бабровіча), С.​Ясяновіча (С.​Палуяна), гісторыка М.​В.​Доўнар-Запольскага і інш. У 1920-я г. ў БССР былі апублікаваны арыгінальныя падручнікі С.​Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» (1922), Б.​Быхоўскага «Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму» (1930), інш. даследаванні па метадалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, у т. л. У.​Іваноўскага, С.​Кацэнбогена. У 2-й пал. 1950-х г. выйшлі манаграфіі М.​Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), І.​Лушчыцкага «Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.» (1958), А.​Смірнова «Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 г.» (1959) і інш. Сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і эстэт. думкі Беларусі пачаліся ў 1950—60-я г., калі былі падрыхтаваны зб-кі арт. «З гісторыі барацьбы за распаўсюджванне марксізму на Беларусі (1883—1917 гг.)» (1958), хрэстаматыя «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962). Вяліся даследаванні філасофіі і культуры Беларусі эпохі Адраджэння (С.​Падокшын, В.​Пузікаў, Я.​Парэцкі), пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да Новага часу (У.​Дуброўскі, К.​Пракошына), эпохі Асветніцтва (А.​Бірала, Э.​Дарашэвіч, У.​Пратасевіч і інш.), ідэйна-філас. дыскусій у 1820—40-я г. (Н.​Махнач), матэрыяліст. традыцый у гісторыі прыродазнаўства (М.​Купчын), рэв.-дэмакр. думкі, сац.-філас. і этычных праблем у творчасці Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа (А.​Майхровіч), гісторыі бел. эстэт. думкі і маст. культуры (У.​Конан). Выдадзены калект. праца «Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР (20—70-я гады)» (1984), зб. «Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII — першай паловы XVIII ст.» (1991). З пач. 1990-х г. даследчыкі засяродзіліся на вывучэнні гісторыі нац. культуры, дзеячаў сярэдневяковай і рэнесансавай культуры (Кірылы Тураўскага, Скарыны, Сімяона Полацкага і інш.), нац. самабытнасці бел. філас. думкі. Дасягненнем гісторыка-філас. думкі бел. замежжа было, поруч з даследаваннем літ.-маст., гіст. і навук. спадчыны Беларусі, уключэнне ў кантэкст нац. культуры ант. філасофіі. У 1960—80-я г. Я.​Пятроўскі (ЗША) апублікаваў у сваім перакладзе на бел. мову з каментарыямі «Дыялогі» Платона (у 6 кн.), анталогію «Лепшыя думкі чалавека» (у 3 т.), «Разважанні» Марка Аўрэлія», «Старажытную грэцкую класіку», шматтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік» і інш.

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Богомолов А.С., Ойзерман Т.И. Основы теории историко-философского процесса. М., 1983;

Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;

Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)