ПАДСУ́ДНАСЦЬ,
размежаванне кампетэнцыі паміж судамі па разглядзе спраў па 1-й інстанцыі. У суд. працэсе Рэспублікі Беларусь адрозніваюць 2 віды П.: прадметную (радавую — па віду злачынства або прадмета і характару цывільнай справы); тэрытарыяльную (па месцы ўчынення злачынства або месцы жыхарства адказчыка). Калі месца ўчынення злачынства ўстанавіць немагчыма, П. устанаўліваецца па месцы заканчэння следства або дазнання. Па цывільных справах іск звычайна прад’яўляецца па месцы жыхарства адказчыка, іск да юрыд. асобы — па месцы знаходжання яго органа або маёмасці. Гл. таксама Судаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРАГАЦЫ́ЙНЫЯ ПАГАДНЕ́ННІ ў міжнародным праве,
пагадненні, якія ўстанаўліваюць падсуднасць: суд або арбітраж якой краіны кампетэнтны вырашаць спрэчкі па знешнегандлёвых здзелках, што могуць узнікнуць паміж дагаворнымі бакамі. У выпадках, калі ўзнікае спрэчка, бакі могуць выбраць шляхам пагаднення любую падсуднасць.
т. 13, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС Рэспублікі Беларусь,
адзіны сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе адносіны, звязаныя з парадкам вырашэння гасп. спрэчак на тэр. краіны. Прыняты Вярх. Саветам Беларусі 5.6.1991, уведзены ў дзеянне з 1.7.1991. Складаецца з 12 раздзелаў і 108 артыкулаў. Вызначае падведамнасць і падсуднасць гасп. спрэчак, рэгламентуе правы і абавязкі іх удзельнікаў, працэсуальныя пытанні — суд. разгляду спраў, парадак перагляду рашэнняў гасп. суда і інш.
т. 5, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)