Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСО́ЧКА,
спосаб атрымання жывіцы, цукрыстых сокаў і латэксу натуральнага з дрэў шляхам штучнага паранення ствалоў у перыяд вегетацыі.
На ствале спелага дрэва робяць косыя зрэзы, якія ўскрываюць смаляныя хады, і накіравальны жалабок, па якім жывіца сцякае ў прыёмнікі. Для стымуляцыі выдзялення ці змянення хім. саставу смалы зрэз апрацоўваюць хім. стымулятарамі. Пашырана таксама П. бярозы для атрымання бярозавага соку. З пачаткам руху соку ў ствале свідруюць невял. адтуліны, пад якія змяшчаюць жалабок і посуд для соку. П. аслабляе дрэвы, таму яе праводзяць за 10—15 гадоў да высечкі.
Забаронена П. ў запаведніках, заказніках, нац. парках, дрэў ці насаджэнняў — помнікаў прыроды, насенных дрэў. Для павышэння жыццеўстойлівасці падсочаных дрэў і актывізацыі працэсаў смола- і сокаўтварэння праводзяць іх падкормку, біял. меліярацыю і інш. На Беларусі асн. прамысл. значэнне мае П. хвоі звычайнай.
Г.В.Юзафовіч.
т. 11, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСПРАМГА́С (лесапрамысловая гаспадарка),
прадпрыемства лесанарыхтоўчай прамысловасці; гаспадарчаразліковая арг-цыя, якая складаецца з лесанарыхтоўчых пунктаў і ўчасткаў, праводзіць нарыхтоўку, вываз, распрацоўку і адгрузку драўніны. У складзе Л. могуць быць і інш. вытворчасці — лесапілаванне, нарыхтоўка шпал, драўнянага вугалю, смолакурэнне, падсочка лесу і інш. Л. мае замацаваную ў доўгатэрміновае карыстанне лесасыравінную базу, сетку лесавозных дарог, склады, тэхн. і трансп. сродкі, вытв. памяшканні і інш. Існуюць на Беларусі, у Расіі, на Украіне. На Беларусі 5 Л. і 18 вытв. аб’яднанняў (1999), якія таксама займаюцца нарыхтоўкай драўніны.
т. 9, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)