«ГАЛУБЕ́Ц»,

«Голуб», бел. народны танец. Блізкі да рус. і ўкр. узораў з такой самай назвай. Муз. памер 24. Тэмп жвавы. Выконваецца парамі, з характэрным рухам «галубец» (удар абцаса аб абцас з падскокам). У старадаўнім варыянце танца хлопец і дзяўчына імправізавалі ўзаемаадносіны галубоў: партнёрка плыла павай, партнёр увіваўся каля яе.

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯЗА́НКА»,

бел. народны танец. Фігуры разнастайных полек («Полька з падскокам», «Полька дробная», «Полька бабская», «Полька ўпрысюды», «Полька на загонах», «Вуж», «Мяцеліца») у ім як бы звязваюцца паміж сабой жарт. прыпеўкамі. Муз. памер 24. Тэмп хуткі. Зафіксавана ў 1940-я г. ў Ланскім с/с Нясвіжскага р-на, увайшла ў рэпертуар танц. калектываў Беларусі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 4, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУ́РКА (польск. mazurek, mazur ад назвы жыхароў Мазовіі),

польскі нар. танец. Мае своеасаблівую харэаграфічную (асн. элементы — хуткі бег пар з падскокам на 1-ю долю такта і вярчэнне) і метрарытмічную (тыповая рытмаформула ці , трохдольнасць, капрызная акцэнтуацыя, рубатнасць) арганізацыю. Муз. памер ​3/4 ці ​3/8. Тэмп ад умеранага да хуткага. Найб. раннія запісы з мазуркавымі рытмамі (т.зв. польскі танец) выяўлены ў табулатурах і канцыяналах пач. 17 ст. З 2-й чвэрці 19 ст. пашырана ў еўрап. краінах як бальны танец. Як муз. жанр дасягнула росквіту ў творчасці Ф.​Шапэна. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку пры дварах знаці, у гарадах, потым і ў вясковым побыце. Захоўваецца ў рэпертуары сучасных музыкантаў. У прафес. бел. музыцы жанр М. распрацоўвалі ў 19 ст. Н.​Орда, Міхал Клеафас Агінскі, М. і А.​Ельскія, Ф.​Міладоўскі, у 20 ст. А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, Э.​Тырманд і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)