ПАДРА́ДЧЫК,
юрыдычная або фіз. асоба, якая выконвае пэўны від работ у сваёй краіне або за мяжой на аснове дагавора падраду, заключанага з заказчыкам. Для вядзення работ (напр., будаўніча-мантажных на аб’ектах капітальнага буд-ва) П. звычайна мае асн. і абаротныя сродкі, кадры і інш. рэсурсы, ажыццяўляе дзейнасць на аснове гасп. (камерцыйнага) разліку, знаходзіцца на самастойным балансе і дзейнічае па зацверджаным статуце (палажэнні). П. розных відаў работ падпарадкоўваюцца генеральнаму П. (генпадрадчыку), які можа перадаваць спец. работы (напр., сан.-тэхн.) субпадрадчыкам (інш. прадпрыемствам, арг-цыям), заключаючы з імі дагаворы субпадраду.
У.Р.Залатагораў.
т. 11, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДРА́Д,
1) у цывільным праве дагавор, паводле якога адзін бок (падрадчык) абавязваецца на сваю рызыку выканаць пэўную работу па заданні другога боку (заказчык). Работы выконваюць з матэрыялаў падрадчыка або заказчыка, заказчык абавязваецца прыняць і аплаціць вынікі работы. Парадак заключэння дагавораў на падрад, правы і абавязкі іх удзельнікаў рэгламентуюцца заканадаўствам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь грамадзянін можа прыняць на сябе выкананне работы па П. ў выпадку, калі гэта не забаронена законам. Падрадчык, які выконвае работу з свайго матэрыялу, нясе адказнасць за яго якасць. Калі з закона або з дагавора не вынікае, што падрадчык павінен выканаць работу асабіста, ён мае права прыцягнуць для выканання работ інш. асоб (субпадрадчыкаў). Са згоды генеральнага падрадчыка заказчык можа заключаць дагаворы на выкананне асобных работ. Спец. правілы існуюць для асобных відаў П. (бытавы П., П. на буд-ва, выкананне праектных, вышукальных работ і інш.).
2) Форма арг-цыі працы, заснаваная на замацаванні за пэўным калектывам часткі або ўсяго аб’ёму работ па вытв-сці прадукцыі, аказанні паслуг (напр., калектыўны П., брыгадны П.).
А.В.Моцін.
т. 11, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАМО́РСКА-БАЛТЫ́ЙСКІ КАНА́Л, Беламорканал,
злучае Белае м. (каля г. Беламорск) з Анежскім воз. (каля пас. Павянец, Расія). Даўж. 227 км, з якіх 37 км — штучны шлях. Мае 19 шлюзаў, 15 плацін, 49 дамбаў, 12 вадаспускаў. У склад канала ўваходзяць рэкі Выг і Павянчанка, азёры Выгвозера, Вадлвозера, Вузкае, Матквозера.
Пабудаваны вязнямі ГУЛАГа ў 1931—33. Да буд-ва было прыцягнута больш за 280 тыс. зняволеных. Гал. падрадчык — АДПУ, штаб будоўлі знаходзіўся ў Мядзведжагорску. Кіравалі буд-вам у розныя часы С.Фірын, М.Берман, Н.Фрэнкель, Л.Коган, Я.Рапапорт, С.Жук. Канал здадзены ў эксплуатацыю ва ўстаноўлены І.В.Сталіным 20-месячны тэрмін. Паводле некаторых падлікаў, на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала ад голаду, холаду і знясільваючай працы загінула каля 100 тыс. зняволеных, больш за 10 тыс. чал. расстраляны па абвінавачанні ў «контррэвалюцыйных злачынствах». Пасля заканчэння буд-ва за ўдарную працу амаль 60 тыс. чал. быў скарочаны тэрмін зняволення. Аднак амністыя была абмежавана вял. колькасцю агаворак, таму атрымалі яе толькі 5 тыс. палітзняволеных, якім да сканчэння тэрміну заставалася некалькі месяцаў.
І.М.Кузняцоў.
т. 2, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)