ПРАСПЕ́КТ (ад лац. prospectus від, агляд),

1) падрабязны план, змест будучага выдання.

2) Даведачнае выданне рэкламнага характару або гандлёвы каталог, які змяшчае пералік прадметаў, прызначаных для выпуску і продажу.

т. 13, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГСТРЭМ ((Ångström) Андэрс Іонас) (13.8.1814, г. Лёгдзё, Швецыя — 21.6.1874),

шведскі фізік, адзін з заснавальнікаў спектральнага аналізу. Скончыў Упсальскі ун-т (1839), дзе працаваў (з 1858 праф., у 1870—71 рэктар). Навук. працы Ангстрэма па спектральным аналізе, магнетызме, цеплавых з’явах і ўласцівасцях металаў. Вызначыў з вял. дакладнасцю даўжыні хваляў і склаў першы падрабязны атлас спектральных ліній сонечнага спектра. Адкрыў вадарод у сонечнай атмасферы. Імем Ангстрэма наз. адзінка даўжыні, роўная 10​−10м.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОНГ (лац. Longos),

старажытнагрэчаскі пісьменнік 2—3 ст. н. э., родам, магчыма, з в-ва Лесбас. Яму традыцыйна прыпісваецца аўтарства любоўна-букалічнага рамана «Дафніс і Хлоя». Падрабязны аналіз кахання пастуха і пастушкі надае твору рысы псіхал. рамана. Паводле сюжэтна-кампазіцыйнай будовы спалучаецца з матывамі букалічнай паэзіі. Раман напісаны рытмічнай прозай з ужываннем рыфмы, стыль адметны вытанчанасцю і багаццем прыёмаў ант. рыторыкі. Паўплываў на развіццё пастаральнага рамана перыяду Адраджэння і Асветніцтва. На бел. мову раман пераклаў А.​Клышка.

Тв.:

Бел. пер. — Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою. Мн., 1991.

Літ.:

Античный роман. М., 1969.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Амерыкана» (The Encyclopedia Americana),

універсальная энцыклапедыя ў ЗША. 1-е выд. выйшла ў Філадэльфіі ў 1829—33 (т. 1—13; скл. Ф.​Лібер). З 1903 выдаецца ў Нью-Йорку (т. 1—16, 1903—04; з 1918 перавыдаецца ў 30 т.). Змяшчае каля 70 тыс. артыкулаў па гуманітарных, прыродазнаўчых і дакладных навуках, тэхніцы, эканоміцы, палітыцы. Асабліва падрабязны матэрыял прыводзіцца пра ЗША і інш. краіны Амерыкі. Большасць артыкулаў — сціслыя даведкі-дэфініцыі; грунтоўныя агляды даюцца пра асобныя краіны, усе стагоддзі новай эры (ад 1-га да 20-га), выдатныя творы сусв. л-ры, музыкі, філасофіі і эканомікі, амер. паліт. дзеячаў і інш. Найб. складаныя артыкулы маюць невял. слоўнікі тэрмінаў. Т. 30 змяшчае ілюстраваную храналогію сусв. падзей за апошнія 5 гадоў і алфавітны індэкс — больш за 350 тыс. тэрмінаў і слоў, што выкарыстаны ў артыкулах Амерыканскай энцыклапедыі. З 1923 у дадатак да Амерыканскай энцыклапедыі выдаецца 1-томны штогоднік.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 1, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Альбрыхт Станіслаў) (1.7.1593, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1656),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік, гісторык. У 1598—1605 вучыўся ў Віленскай акадэміі, пасля ў Вюрцбургу, з 1609 у Лёвене. Да 1616 падарожнічаў (Нідэрланды, Францыя, Італія, Швейцарыя). Пасол на соймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ, на сойме 1623 — канцлерам ВКЛ. Староста віленскі, пінскі, аканом кобрынскі. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Аўтар і перакладчык каталіцкіх рэліг. твораў. На лац. мове напісаў «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра» (часткова апублікаваны ў польскім перакладзе Э.​Катлубаем у 1848) і падрабязны «Дзённік» за 1632—56 — каштоўную крыніцу па ўнутр. і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай (апублікаваны ў польскім перакладзе Э.​Рачынскім у 1839). На бел. мову фрагменты з яго «Дыярыуша» пераклаў У.​Свяжынскі.

Тв.:

Memoriale rerum gestarum in Polonia, 1632—1656. T. 1—5. Wrocław etc., 1968—75;

Пол. пер. — Pamiętnik o dziejach w Polsce. T. 1—3. Warszawa, 1980;

Бел. пер. — Дыярыюш аб падзеях у Польшчы // Спадчына. 1995. № 6;

1996. № 1—3.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)