ПАДПІ́СКА АБ НЯВЫ́ЕЗДЗЕ,

адна з мер стрымання ў бел. крымінальным працэсе. Заключаецца ў адабранні ад падазронага або абвінавачанага абавязацельства не адлучацца з месца пражывання або часовага знаходжання без дазволу адпаведнай службовай асобы, якая праводзіць дазнанне, следчага, пракурора, суда. У выпадку парушэння гэтай меры да таго, хто даваў абавязацельства, можа быць ужыта больш строгая мера стрымання — пра што ён і папярэджваецца (арышт, зняволенне).

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РА СТРЫМА́ННЯ ў крымінальным працэсе, прадугледжаныя законам меры працэсуальнага прымусу, якія ўжываюцца да абвінавачанага пры наяўнасці дастатковых падстаў лічыць, што ён можа схавацца ад следства або суда, перашкодзіць высвятленню ісціны па крымін. справе, займацца злачыннай дзейнасцю, а таксама для забеспячэння выканання прыгавору. Да М.с. ў бел. крымін. працэсе адносяцца: падпіска аб нявыездзе, асабістае паручыцельства або паручыцельства грамадскіх арг-цый і калектываў працоўных, узяцце пад варту, пад нагляд камандавання вайск. часцей (у адносінах да ваеннаслужачых), адданне непаўналетніх пад нагляд бацькоў або апекуноў. Узяцце пад варту робіцца толькі з санкцыі пракурора або па вызначэнні суда.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)